Магілёўскія прадпрымальнікі дамагліся яшчэ адной сустрэчы з кіраўніцтвам аблвыканкаму. Пад сотню дробных бізнэсоўцаў прыйшлі да аблвыканкаму дзеля перамоваў з чыноўнікамі. Патрабаваньне ў гандляроў адно: унесьці зьмены ў указ № 222 альбо скасаваць яго наагул.
Паводле перамоўнікаў, якія хадзілі ў аблвыканкам, начальнік упраўленьня прадпрымальніцтва Віктар Красоўскі паабяцаў, што зь незадаволенымі бізнэсоўцамі сустрэнецца кіраўніцтва абласной выканаўчай улады.
«А 16 гадзіне мае адбыцца сустрэча, на якой абяцалі, што будзе „губэрнатар“ і ўсе службы, якія курыруюць прадпрымальніцтва. Там сказалі, што наша пытаньне дужа важнае і яго неяк трэба вырашаць, — паведамілі прадпрымальніцкай грамадзе дэлегаваныя ёю перамоўнікі. — Будзем даводзіць „губэрнатару“ свае праблемы: як нам жыць далей. Нам патрэбная праца. Сытуацыя ўскладняецца. У нас няма грошай і няма чым карміць сем’і. Асноўнае пытаньне — што нам рабіць?»
Перад сходам каля аблвыканкаму прадпрымальнікі сабраліся на Віленскім рынку. Удзельнікі сходу пагадзіліся, што выходзіць на працу заўчасна. Некаторыя казалі, што кантрольныя органы дадуць папрацаваць пару месяцаў, а потым пачнуць канфіскоўваць тавар без сэртыфікатаў якасьці і штрафаваць. Зьмяніць сытуацыю можа толькі Аляксандар Лукашэнка, цьвердзілі прадпрымальнікі:
«Патрэбныя зьмены ў 222 указ, каб нам было як працаваць па ім. Нам, можа, і дазволяць працаваць, але потым пачнуць штрафаваць, бо дакумэнты ў нас усё роўна будуць ліпавыя», — выказваецца адна з удзельніц сходу на рынку.
«Нас ніхто ня чуе, а калі не зьбірацца, то і не пачуе, і наша праблема ня будзе вырашацца. Мы тут сабраліся, каб нас пачулі. Пакуль, аднак, толькі робяць выгляд чыноўнікі, што нас чуюць», — кажа яшчэ адзін удзельнік сходу.
«У нашай краіне вырашае ўсё толькі адзін чалавек — прэзыдэнт. Безь ягонага ведама нічога не адбываецца, таму трэба да яго дастукацца. Мы самі пакуль не разумеем, навошта быў патрэбны гэты ўказ. У чым ягоная лёгіка? Краіна ў крызісе. Мы кінуць свой занятак ня можам, бо дзе знайсьці працу — хоць тут 90 працэнтаў гандляроў з вышэйшай адукацыяй. Але іх ніхто цяпер і вартаўніком ня возьме. Мо прэзыдэнт чые інтарэсы бароніць, але толькі ня нашы», — заключае суразмоўца.
Згодна з указам № 222, прадпрымальнікі могуць гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў. Указ паралізаваў працу прадпрымальнікаў на рэчавых рынках і ў гандлёвых цэнтрах, дзе прадавалася прадукцыя расейскай лёгкай прамысловасьці.
Бізнэсоўцы заяўляюць, што ўказ б’е па людзях зь невялікім матэрыяльным дастаткам, бо зьнікне даступны для іх тавар. Саміх жа прадпрымальнікаў указ робіць беспрацоўнымі. Чыноўнікі Магілёўскага аблвыканкаму, зь якімі сустракаліся гандляры, заявілі: мясцовая ўлада іх крыўдзіць нікому не дазволіць. Аднак што яна дзеля гэтага будзе рабіць — невядома.