У Магілёве адшукалі магілу настаўніка, які вучыў дзяцей у школе на беларускай мове. Дасьледчыкі гісторыі кажуць, што гэтае пахаваньне — знакавае для беларускай культуры. Яно — сьведчаньне беларускасьці краю.
Магілу настаўніка Цімашэнкі, які вучыў у адной з магілёўскіх школ на пачатку 1920-х гадоў дзяцей па-беларуску, упарадкавалі мясцовыя камунальнікі. Вакол пахаваньня папрыбіралі апалую лістоту, павысякалі хмызьняк. Пра тое, што камунальнікі прыбралі на магіле, стала вядома з допісу ўпраўленьня ідэалягічнай працы Магілёўскага гарвыканкаму.
Зьвестак пра пахаванага на Карабанаўскіх могілках настаўніка адшукаць пакуль не ўдалося. Усё, што вядома пра яго, — тое, што высечана на надмагільнай пліце. Ягонае прозьвішча — Цімашэнка. Таксама пададзены скарот літарамі імя і імя па бацьку настаўніка. Вучыў дзяцей у сямігадовай школе № 2. Нарадзіўся ў 1902, памёр у 1926-м.
«Гэта пахаваньне часоў афіцыйнай палітыкі беларусізацыі, і, наколькі мне вядома, больш такіх магіл у Магілёве няма, — кажа старшыня Магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў. — Тое, што ўдалося адшукаць яе, — дужа важна для гісторыі гораду. Гэта знакавая магіла. Яна помнік той слаўнай эпохі. І, безумоўна, дзякуем камунальнікам, што знайшлі магчымасьць прыбраць пахаваньне».
Мова надпісу дазваляе меркаваць, што ў сваім настаўніцтве Цімашэнка карыстаўся нацыянальнай мовай беларусаў. Тыя, хто хаваў яго, таксама былі адданыя ідэі беларусізацыі, бо надпіс зрабілі на беларускай мове.
Але Дзьячкоў заўважае, што пэрыяд беларусізацыі ў гісторыі Магілёва мала дасьледаваны.
«Гэтая тэма ня вывучаная на Магілёўшчыне як сьлед, — кажа ён. — Адмыслоўцы, якія займаліся б толькі пэрыядам беларусізацыі, наўрад ці знойдуцца. Гісторыкі закраналі ў сваіх дасьледаваньнях гэты час толькі фрагмэнтарна. Ёсьць дасьледнікі нацыянальнай палітыкі таго пэрыяду. Таму фэномэн беларусізацыі ў Магілёве чакае сваіх дасьледнікаў».
Алегу Дзьячкову даводзіцца працаваць з архіўнымі дакумэнтамі 1920–30-х гадоў, у тым ліку пэрыяду беларусізацыі.
«У той час, — кажа ён, — не было падзелу між тымі, хто працаваў на ніве беларускага адраджэньня. Кожны дзяяч, незалежна ад роду сваёй дзейнасьці, быў інтэграваны ў беларусізацыю. То бок не было падзелу паміж гуманітарыямі і эканамістамі. Усе былі разам. Былі разам эканамічнае і культурнае адраджэньне. Кіраўнік ураду Аляксандар Чарвякоў і міністар сельскай гаспадаркі Зьміцер Прышчэпаў гаварылі па-беларуску».
Пра магілу Цімашэнкі стала вядома выпадкова, калі шукалі брацкія пахаваньні магілёўцаў, што загінулі ў траўні 1943 году — тады горад бамбавала савецкая авіяцыя.
Магілёўскі гісторык Аляксандар Агееў кажа, што сапраўды адшукаць зьвесткі пра людзей і падзеі 1920–30-х гадоў няпроста. Яны не сыстэматызаваныя і раскіданыя па розных архівах і музэях, кажа навуковец.
«Калі нехта думае, што цяжка знайсьці дакумэнты 16 стагодзьдзя, дык ён памыляецца», — казаў гісторык падчас прэзэнтацыі кнігі «Фарміраванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага камітэта (1917–1918 гг.)».
«20–30-я гады — гэта проста бяда, — казаў ён. — 1941 год, калі гарэў Магілёў, потым тры гады акупацыі, і ў гэты час проста архівы зьніклі».
У 1924 годзе ўрад Савецкай Расеі аддаў Магілёў Беларусі. Тады адбывалася гэтак званае паэтапнае ўзбуйненьне краю: Беларусі вярталіся забраныя раней землі. Ад 1924 году ў Магілёве пачынаецца беларускамоўнае школьніцтва. Адным з тых, хто стаяў ля яго вытокаў, і быў Цімашэнка. На той момант у Магілёве беларусаў лічылі нацыянальнай меншасьцю.