Раней афіцыйным гарадзкім гербам мясцовыя ўлады зрабілі герб, нададзены расейскай імпэратрыцай Кацярынай. Цяпер яны падтрымалі ініцыятыву ТБМ дзеля папулярызацыі традыцыяў гісторыі эўрапейскага самакіраваньня ў Чавусах.
«12 жніўня 1634 году прывілеем караля Ўладзіслава Вазы гораду Чавусы было нададзена Магдэбурскае права», — гэткі надпіс на дошцы ад сёньня будзе сустракаць наведнікаў музэю. Разам з Магдэбурскім правам Чавусы атрымалі і герб — конную выяву сьвятога Марціна. Гэты магдэбурскі герб таксама зьмешчаны на дошцы.
Кіраўнік абласной арганізацыі ТБМ Яраслаў Клімуць назваў усталяваньне інфармацыйнай дошкі вялікай справай. Ён прыгадаў, што ў часы, калі беларускім гарадам надавалася Магдэбурскае права, беларуская мова была дзяржаўнай.
«На ёй пісалі законы, выдавалі пастановы. Магдэбурскае права, такім чынам, было вялікім стымулам разьвіцьця беларускай культуры, кнігавыданьня. Таму тыя традыцыі павінны для нас цяперашніх быць сьветачам. Наша задача — зрабіць так, каб болей не перарываліся традыцыі, як гэта было неаднойчы ў нашай гісторыі», — казаў Клімуць.
На пасяджэньні грамадзкай рады па ўстойлівым разьвіцьці Чавускага раёну, якое папярэднічала ўрачыстаму адкрыцьцю дошкі, гаварылася пра вялікае значэньне Магдэбурскага права ў разьвіцьці беларускіх гарадоў.
Магілёўскі гісторык Ігар Пушкін адзначыў, што традыцыі мясцовай магдэбургіі дазваляюць беларусам з аптымізмам глядзець у будучыню. Ён выказаў спадзеў, што 12 жніўня стане ў Чавусах агульнагарадзкім сьвятам.
«Спадзяюся, што гэтае сьвята будзе адзначацца ня толькі ў вузкім коле, але і ўсімі гараджанамі. У 1634 годзе гораду быў нададзены асаблівы статус, згодна зь якім усе жыхары лічыліся свабоднымі, — казаў выступоўца. — Магдэбурскае права — гэта эўрапейская традыцыя самакіраваньня, якое імкнуліся займець жыхары многіх гарадоў Беларусі, каб самім вырашаць свой лёс. У такіх гарадах жыхары самі стваралі орган самакіраваньня — магістрат».
Кандыдат гістарычных навук Аляксандар Агееў сказаў: «Традыцыі Магдэбурскага права — гэта не чароўны ўспамін, а наша рэчаіснасьць і будучыня».
«Паводле нашай Канстытуцыі, — казаў гісторык, — павінна разьвівацца самакіраваньне. Ува ўсіх канвэнцыях, якія падпісала Рэспубліка Беларусь, праглядаецца тэндэнцыя, што функцыі ад цэнтру пакрысе перадаюцца на месцы. З функцыямі перадаюцца грошы, якія разьмяркоўваюцца на месцах. Гэта эўрапейская тэндэнцыя, і для нас яна — як задача на будучыню. Таму Магдэбурскае права — гэта наша будучыня. Зразумела, што яно будзе называцца інакш і дзеіць у новых формах».
Аляксандар Агееў выказаў спадзеў, што надыдзе час, і ў Чавусах адбудуюць сымбаль самакіраваньня — ратушу. Навуковец прывёў прыклад адбудовы ратушы ў Магілёве. Ён нагадаў, што яе ўзяліся адбудоўваць, калі стала відавочным, што гэтага прагне грамадзтва.
Пра чавускую ратушу засталіся гістарычныя дакумэнты са згадкамі пра яе. На месцы, дзе яна некалі стаяла, цяпер невялікі сквэр. Пасярэдзіне памятны знак зь лічбамі «1604». У гэты год Чавусам быў нададзены статус гораду.
«Ратуша была пабудаваная ў стылі барока. У яе быў высокі шпіль. На жаль, мы маем толькі яе апісаньне. Яна апісаная даволі добра. І пры жаданьні ратушу можна ўявіць», — заўважыла дырэктарка музэю Іна Казакова.
Паводле яе, задума аднавіць будынак ратушы ў Чавусах ёсьць.
«Нічога немагчымага няма, але фінансава будзе цяжкавата гэта зрабіць. Але калі ня ставіць вялікіх мэтаў, дык нічога не даб’есься. У любым разе аддзелу будаўніцтва данесеная такая думка, і, магчыма, нешта атрымаецца», — выказалася пра пэрспэктывы адбудовы ратушы ў Чавусах дырэктарка мясцовага музэю.
Два гады таму ў Чавусах задумалі стварыць пазнавальны для гораду брэнд. За такі сымбаль прапанавалі казака. Цяперашні герб Чавусаў — з казацкіх часоў. Казакоў пачалі рабіць зь мясцовых сялян маскоўцы, калі захапілі ўсходняю Беларусь у 1654 годзе.
У дырэктаркі музэю пытаюся: ці азначае ўсталяваньне інфармацыйнай дошкі пра магдэбурскае права адмову ад казацкага сымбалю?
«Я б так ня ставіла пытаньне, бо гэта наша гісторыя. Можа, цяпер гэтая тэма, гаворачы сучаснай мовай, 50 на 50, але казацтва ў Чавусах было. Многія тутэйшыя маюць прозьвішчы, зьвязаныя з казацкай гісторыяй. Казацтва ўсё ж тэма, блізкая праваслаўнаму насельніцтву», — адказала Казакова.
Яна адзначыла, што некаторыя актыўныя праваслаўныя вернікі плянуюць усталяваць шыльду ў гонар казакоў.
У 2001 годзе падпраўлены герб, нададзены расейскай імпэратрыцай Кацярынай — са скрыжаванымі мячом і шпагай — стаў афіцыйным для Чавусаў. Чыноўнікі тлумачылі, што гэты сымбаль найбольш адпавядае мэнталітэту жыхароў райцэнтру.
Будынак, на якім усталявалі магдэбурскую шыльду, — адзін з найстарэйшых у райцэнтры. Яго ўзьвялі ў 1902 годзе. Пасьля рамонту аддалі пад музэй.
Зьяўленьне інфармацыйнай дошкі пра Магдэбурскае права старшыня Чавускага райсавету Анатоль Мацюлін назваў гістарычнай падзеяй.
«Мы павінны ганарыцца, што нашы людзі былі свабоднымі. Свабоднымі ў прыняцьці рашэньня, — казаў ён. — Мы сёньня павінны карыстацца спадчынай таго часу, калі нам было нададзена Магдэбурскае права. Сёньня гістарычны дзень».
Старшыня райсавету панаракаў, што мясцовыя жыхары задужа пасіўныя. Паводле яго, не хапае ініцыятываў.
Ніводнага помніка архітэктуры з часоў магдэбурскага права ў Чавусах не засталося. Апытаныя жыхары райцэнтру прызнавалі, што пра магдэбурскае права яны ня ведаюць. Людзі сталага веку з настальгіяй згадвалі даўнейшыя брукаваныя дарогі і старасьвецкія дамы. Моладзь жа ў тым, што ня ведае мясцовай гісторыі, вінаваціла школу.
Месяц таму ў райцэнтры Чэрыкаў таксама ўсталявалі інфармацыйную дошку пра магдэбурскае мінулае. На чарзе ў рупліўцаў беларушчыны — усталяваць аналягічную дошку ў Бялынічах.
Летась абласная арганізацыя ТБМ ладзіла сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады ды грамадзкасьці шэрагу райцэнтраў на тэму «Магдэбурскія традыцыі на Магілёўшчыне». На іх гаварылі пра шляхі папулярызацыі традыцыяў гісторыі эўрапейскага самакіраваньня. Зьяўленьне інфармацыйных дошак — плён гэтых сустрэчаў.