ЗША і яшчэ дзясятак краінаў не прызналі выбараў у Вэнэсуэле. Вэнэсуэльская апазыцыя абвясьціла «маральную перамогу»

Нікаляс Мадура, архіўнае фота

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп заклікаў Вэнэсуэлу «правесьці свабодныя і справядлівыя выбары». 20 траўня Нікаляс Мадура перамог на выбарах, якія байкатавала апазыцыя.

«Мы заклікаем рэжым Мадура аднавіць дэмакратыю, свабодныя і справядлівыя выбары, вызваліць усіх палітычных зьняволеных, неадкладна спыніць рэпрэсіі і эканамічную абяздоленасьць вэнэсуэльскага народу», — заявіў Дональд Трамп пасьля таго, як падпісаў указ аб новых эканамічных санкцыях супраць Вэнэсуэлы.

Санкцыі Вашынгтону, якія абмежавалі здольнасьць афіцыйнага Каракаса ліквідаваць дзяржаўныя актывы і запазычанасьць у Злучаных Штатах, урад Вэнэсуэлы назваў незаконнымі, а таксама «вар’яцтвам» і «барбарствам».

Ня толькі Штаты не прызналі вэнэсуэльскіх выбараў: супольную з ЗША заяву зрабілі Аргентына, Аўстралія, Мэксыка, Канада і Чылі. Усяго 14 лацінаамэрыканскіх краінаў паабяцалі зьнізіць узровень дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Каракасе. Яны маюць намер папярэдзіць фінансавы сэктар сваіх дзяржаў пра рызыкі ўдзелу ў бізнэсе з вэнэсуэльскім урадам.

Афіцыйны Менск прызнаў выбары, Аляксандар Лукашэнка днём раней павіншаваў Нікаляса Мадура зь перамогай.

Буйныя апазыцыйныя партыі, якія кантралююць парлямэнт Вэнэсуэлы, не выстаўлялі кандыдатаў і байкатавалі выбары. Апазыцыянэр Энры Фалькон, які пайшоў на выбары і заняў, паводле афіцыйных зьвестак, другое месца, не прызнаў вынікаў выбараў і заявіў пра парушэньні і неабходнасьць правесьці новыя. Апазыцыя заяўляе, што абвешчаная яўка на выбары ў 46% значна завышаная, насамрэч была толькі каля 30%.

Як Мадура ўтрымаўся ва ўладзе ў Вэнэсуэле

Як піша Reuters, вэнэсуэльская апазыцыя абвясьціла маральную перамогу, але ня мае стратэгіі па тым, як скінуць Мадура. Праціўнікі прэзыдэнта радасна твіцілі фота пустых участкаў ля галасаваньня, нягледзячы на абвешчаную Мадура лятарэю для выбарнікаў. Але пасьля «разгрому» Мадура дэмакратычна выбранага Кангрэсу, правалу рэфэрэндуму аб адстаўцы Мадура, працяглых шматтысячных пратэстаў, у якіх загінула ўжо 125 чалавек, у апазыцыі застаецца ўсё менш новых «інструмэнтаў ціску» на ўладу.

Прэзыдэнцкія выбары ў Вэнэсуэле праходзілі на фоне глыбокага эканамічнага крызісу — гадавая інфляцыя па выніках 2017 году перавысіла 2600%.