Ад сустрэчы папы з патрыярхам нічога добрага Беларусі пакуль чакаць ня трэба, — Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч у размове са Свабодай пракамэнтаваў гістарычную сустрэчу папы рымскага Францішка і патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

«Сама па сябе сустрэча мае вялікае значэньне, бо паміж двума найбуйнейшымі хрысьціянскімі канфэсіямі даўно склаліся ненармальныя стасункі. Калі б яны перайшлі да пэўнага супрацоўніцтва, то гэта было б вельмі добра. І цяпер для гэтага ёсьць пэўныя падставы.

З аднаго боку, вельмі левы, вельмі папулісцкі папа рымскі, які імкнецца як да папулярнасьці, так і да таго, каб уздымаць пытаньні, па якіх раней каталіцкі касьцёл меў дастаткова прынцыповую пазыцыю. Сёньня ж гэтыя пазыцыі пераглядаюцца. Зь іншага боку руская праваслаўная царква апынулася ў стане палітычнага хаўрусу з самой Расеяй і зараз вымушана шукаць пэўнае паразуменьне з заходнімі дзяржавамі. Пуцін нават падштурхоўвае РПЦ да такіх кантактаў — РПЦ становіцца нібыта дыпляматычным ведамствам расейскага рэжыму.

Кірыл ня сам пагадзіўся на гэтую сустрэчу. Бяз пэўнага загаду ці штурханьня з боку Пуціна, напэўна, гэтая сустрэча і не адбылася б, нягледзячы на тое, што прэс-цэнтры абедзьвюх канфэсій кажуць, што сустрэча рыхтавалася досыць даўно. Але яна магла яшчэ дзеяяткі гадоў рыхтавацца.

Негледзячы на тое, што зараз падпісаная дэклярацыя можа выглядаць вельмі невыразна (а іншага ад першай сустрэчы і чакаць немагчыма), гэты крок можна толькі вітаць», — кажа Мацкевіч.

Ён лічыць даволі прадказальным тое, што ў выніковай дэклярацыі Францішка і Кірыла ўзгадваецца канфлікт ва Ўкраіне — гэта вынікае з самога кантэксту сустрэчы.

«Я думаю, што менавіта гэтая сытуацыя (крызіс, зьвязаны з вайной на Данбасе — РС) і падштурхнула расейскі рэжым выкарыстоўваць РПЦ у якасьці свайго дыпляматычнага прадстаўніка.

Цяпер РПЦ губляе сваю ўкраінскую паству, але РПЦ зразумела імкнецца захаваць Украіну пад сваім уплывам. Як гэта можна зрабіць? Шчыра кажучы, ніякіх магчымасьцяў для гэтага ня бачу. Але і абысьці гэтае пытаньне таксама было немагчыма», — упэўнены экспэрт.

Кажучы пра ўплыў сустрэчы ў Гаване на беларускую сытуацыю, Мацкевіч адзначыў:

«Нічога добрага ад гэтай сустрэчы для канфэсійнай сытуацыі ў Беларусі я пакуль чакаць не магу. Папа рымскі, якога я ўжо ахарактаразаваў як левага і папулісцкага, думаю, схільны да пэўных саступак. А вось прынцыповасьць пазыцыі РПЦ наконт Беларусі як сваёй кананічнай тэрыторыі і тыя дзеяньні, якія робіць РПЦ, каб умацавацца ў Беларусі, сьведчаць пра тое, што, напэўна, толькі праз саступкі каталіцкі касьцёл і праваслаўная царква могуць дамовіцца па Ўкраіне».