Жанна Пцічкіна паскардзілася ў пракуратуру на сьледчых, якія спынілі расьсьледаваньне прычын сьмерці яе сына Ігара Пцічкіна ў менскім сьледчым ізалятары. Скарга была напісаная адразу пасьля азнаямленьня Жанны Пцічкінай з матэрыяламі справы.
«Паскардзілася на тое, што закрылі сьледзтва, што зьдзекаваліся зь яго, прывязаўшы да ложка, і нібыта не заўважылі на целе сьлядоў зьбіцьця. Сінякі ўвогуле схавалі. І паскардзілася на тое, што не дазволілі мне нічога казаць пра справу, нібыта ўсё сакрэтна».
Справа аб сьмерці Ігара Пцічкіна складаецца з 20 тамоў. Паводле Жанны Пцічкінай, у справе шмат супярэчлівых матэрыялаў. «Адны экспэрты робяць выснову, што памёр ад зьбіцьця, другія — зусім іншую. А мне не дазволілі зрабіць ніякіх фатаздымкаў ці копіяў гэтых дакумэнтаў», — паведаміла Жанна Пцічкіна. Жанчына сказала, што мае намер і далей скардзіцца на дзеяньні сьледчых і дамагацца аднаўленьня крымінальнай справы.
Мянчук Ігар Пцічкін памёр на «Валадарцы» ў жніўні 2013 году. Паводле афіцыйных дакумэнтаў, сьмерць адбылася з-за болевага шоку і сардэчнай недастатковасьці. У Сьледчым камітэце, дзе вялі праверку, заявілі, што Ігар Пцічкін ужываў наркотыкі, а таксама быў датычны да іх распаўсюджваньня. На нябожчыка па адпаведных артыкулах нават завялі крымінальную справу, якую пазьней закрылі.
Сваякі Ігара Пцічкіна мяркуюць, што ён памёр ад зьбіцьця ахоўнікамі ізалятара, і спасылаюцца на шматлікія сьляды зьбіцьця на целе нябожчыка.
У верасьні 2013 году сваякі і сябры Ігара Пцічкіна, каб ушанаваць яго памяць, паспрабавалі ўскласьці кветкі да муроў «Валадаркі». Акцыя скончылася разгонам і арыштамі, затрымалі журналістаў.