Звычайна ці вельмі часта публіцыстычная, грамадзянская і творчая пазыцыя пісьменьніка супадаюць.
Зразумела, творчасьць ня зводзіцца да грамадзянскай пазыцыі, але супярэчнасьць сустракаецца даволі рэдка. У сваіх кнігах прынамсі Дастаеўскі не супярэчыў, скажам, сваёй «любові» да палякаў ці свайму «канстантынопальнаш», выкладзеным у «Дзёньніку пісьменьніка».
Ну а вось Сьвятлана Алексіевіч... Вядомая яе грамадзянская пазыцыя, за якую яе ў Расеі ахрысьцілі русафобкай, яе жорсткая крытыка як Пуціна, гэтак і Лукашэнкі.
Але што да творчасьці, то адзін знаёмы распавёў гісторыю пра напісаньне «Час сэканд хэнд». Вядома, што для сваіх кніг пісьменьніца апытвае дзесяткі, калі ня сотні, людзей, у кнігу трапляе тое, што кладзецца ў яе бачаньне. Дык вось знаёмы распавёў пра адну з гутарак пісьменьніцы для «Час сэканд хэнд» з пасьпяховым бізнэсоўцам. Які распавёў Алексіевіч, што цяперашні час, нягледзячы ні на што, шчасьлівы ў яго жыцьці ці, прынамсі, значна шчасьлівейшы, чым савецкі. Яго і рабавалі, і кідалі, і грошы ён губляў, і з бандытамі даводзілася разьбірацца, і з чыноўнікамі. Але гэта было паўнакроўнае жыцьцё, рэалізацыя здольнасьцяў гэтага чалавека. Нават ня ў грошах справа, ці не ў адных іх.
Гэты чалавек змог рэалізаваць сябе, змог, кажучы высокім штылем, здабыць сваё шчасьце менавіта дзякуючы таму, што абрынуўся «савок», і наўпрост гэта і сказаў пісьменьніцы.
Чытачы кнігі ведаюць — гэтая гісторыя ў кнігу не ўвайшла. Абсалютна не ў папрок аўтару — як сьпяваў Акуджава, «каждый пишет, что он слышит», кнігі Алексіевіч — гэта менавіта літаратура, а не рэпартаж і не ўсебаковае навуковае дасьледаваньне. Але я менавіта пра тое, што чуе вуха, душа пісьменьніка.
Чуе, як памятаюць чытачы, расповед іншага бізнэсоўца, былога афіцэра СА, які цяпер гандлюе італьянскай сантэхнікай. Ён можа і ня менш пасьпяховы, чым той, чый расповед не ўвайшоў у кнігу, але што ён кажа? Ну так, бабкі, усе справы, але тады, у СССР, я ведаў, для чаго жыву, была мэта, місія, вышэйшая за мяне, сэнс жыцьця. А зараз які сэнс — сральнікі замежныя прадаваць?
Утрырую, можа, крыху, але сэнс шчыраваньняў такі. Так, у кнізе ёсьць жахлівыя успаміны людзей пра сталінскі тэрор, што, магчыма, пільныя расейскія аглядальнікі палічылі русофобіяй і паклёпам на іхняе сьветлае сёньня. Але калі глядзець на экзыстэнцыйныя сэнсы герояў кнігі, то яны ўсе ў цяперашнім часе — прайграўшыя, расчараваныя, упаўшыя ў роспач, пачынаючы зь першага завочнага дыялёгу дзьвюх жанчын: былой апазыцыянэркі, удзельніцы дэмакратычнага руху і былой намэнклятурніцы. Прайгралі ж абедзьве: другая — таму што абрынуўся яе сьвет, першая — таму што сьвет, за які яна змагалася, аказаўся не такім, як марылася ў часы перабудовы, падступным і бязьлітасным.
Будзь Лукашэнка чалавекам больш тонкім, чуйным, зразумей глыбінны сэнс, абстрагаваўшыся ад антысталінскіх ідэалягічных «жупелаў» — дык загадаў бы выдаць «Час сэканд хэнд» мільённым накладам, каб кнігу прачытаў кожны беларус.
У кнізе няма шчасьлівых людзей. А калі і ёсьць, то яны шчасьлівыя адно як людзі, ад таго, што на сьвеце засталася любоў, спагада, чалавечая цеплыня. Але ад калясальнага злому, зьмены, якая адбылася на ўсёй постсавецкай прасторы, прайгралі ўсе. Усе героі «Часу сэканд хэнд». Насамрэч прайгралі далёка ня ўсе, але тых, хто выйграў, у кнізе няма — «каждый пишет, что он слышит».
Будзь Лукашэнка чалавекам больш тонкім, чуйным, зразумей глыбінны сэнс, абстрагаваўшыся ад антысталінскіх ідэалягічных «жупелаў» — дык загадаў бы выдаць «Час сэканд хэнд» мільённым накладам, каб кнігу прачытаў кожны беларус. Бо яна тлумачыць, чаму Лукашэнка (і Пуцін) магчымыя. А ў межах аўтарскага бачаньня — нават чаму яны непазьбежныя і чаму, ўласна, нічога іншага і чакаць было ня варта. Кніга тлумачыць нават апошнія, пасьлявыбарчыя «терзания» Лукашэнкі, які насуперак ім жа прызначаным урадоўцам кажа, што ня хоча «рэзаць па жывым». Бо тое жывое — нават ня ўзровень жыцьця, ня грошы, ня статусы, як у гераіні кнігі, якую дзялкі «разьвялі» і адабралі кватэру ў Маскве, а сэнсы жыцьця. Як у таго былога афіцэра савецкай арміі, таксама героя кнігі Алексіевіч — бабло ёсьць, а сэнсу жыцьця няма. Для такіх людзей у Расеі «крымнаш» — гэта вернуты, набыты сэнс. А ў Беларусі — лукашэнкавы сацыялізм. Гэта ж справядліва, гэта ж па праўдзе.
Як у Багдановіча — і тчэ, забыўшыся, рука. Гэтак і у Алексіевіч — як рацыянальны, сьвядомы чалавек, яна адкідае, крытыкуе парадкі ў сваёй Радзіме. Але як творца, калі руку вядзе ня ўласны розум, а Бог — хіба не апалягетызуе іх.
Паважаю вялікіх беларусаў і беларусак. Але сымпатыі мае — хутчэй на баку таго бізнэсоўца, «буржуя», чый расповед не ўвайшоў у кнігу Алексіевіч. Хаця ўрокі вялікіх трэба ведаць і ўсьведамляць. Хаця б як пагрозу, як біблійныя «мэнэ, тэкэл, фарэс», напісаныя на сьцяне беларускай гісторыі.