Лідэр менскіх прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін мяркуе, што пасьля прыняцьця доўгачаканага дэкрэту беларускі бізнэс «разьняволіцца» працэнтаў на 20.
На паседжаньні прэзыдыюму Савету Міністраў разгледжаныя вынікі працы дзеля спрашчэньня ўмоваў прадпрымальніцкай дзейнасьці.
Сёлета ў студзені Аляксандар Лукашэнка даў распараджэньне ўраду кардынальна «разьняволіць бізнэс» — зьняць прынцыповыя барʼеры і замацаваць на ўзроўні нарматыўных прававых актаў патрабаваньні, якія будуць мінімальна дастатковымі для ажыцьцяўленьня дзейнасьці. Была створаная рабочая група на чале з кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі.
Вынікам калектыўных высілкаў мусіць стаць дэкрэт «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва і выключэньні залішніх патрабаваньняў, якія прадʼяўляюцца да бізнэсу». Дэкляруецца, што дакумэнт радыкальна зьменіць мэханізмы ўзаемадзеяньня дзяржавы і прадпрымальнікаў.
Прадпрымальнікаў запрасілі да дыскусію ва ўрад
Да абмеркаваньня новай стратэгіі вядзеньня бізнэсу гэтым разам далучаныя і прадстаўнікі дзелавых колаў. Старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін кажа, што шлях наперадзе яшчэ доўгі — спатрэбіцца перапісаць і адкарэктаваць дзясяткі заканатворчых актаў:
«Адбылося абмеркаваньне ў Саўміне, цяпер пойдуць пэўныя этапы, бо патрабуецца шэраг рашэньняў. Бо пакуль да падпісаньня дэкрэту, неабходна распараджэньне прэзыдэнта аб унясеньні зьменаў шмат у якія ўказы, падзаконныя акты, трэба выдаць даручэньне ўраду. Будуць яшчэ дзясяткі ўрадавых пастановаў у асобных пытаньнях. У тым ліку прадугледжваюцца зьмены ў кодэксах — адміністрацыйным, крымінальным. Гэта ўжо пойдзе праз парлямэнт. Таму браў удзел у абмеркаваньні Ўладзіслаў Шчэпаў, старшыня камісіі ў эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў, ёсьць там і незалежныя дэпутаты. Паколькі элемэнт лібэралізацыі эканамічнай дзейнасьці нас надзвычай хвалюе, усё мусіць прайсьці праз розныя кодэксы».
Вызначаны мэханізм падыходаў да лібэралізацыі патрабаваньняў у ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай і кантрольнай дзейнасьці, падрыхтаваны шэраг праектаў заканадаўчых актаў: аб разьвіцьці прадпрымальніцтва, аб скарачэньні ліцэнзаваных відах дзейнасьці, аб стварэньні спрыяльных умоваў для разьвіцьця гандлю, аб удасканаленьні працы органаў кантролю, аб увядзеньні мэханізму падатковага кансультаваньня, аб мерах стымуляваньня асобных відаў прадпрымальніцтва і г.д.
Некаторыя прынцыповыя пытаньні пакуль нават не абмяркоўваюцца
Ці верыць Уладзімер Карагін у рэальнае ўвасабленьне палажэньняў «рэвалюцыйнага рашэньня», як яго назваў Аляксандар Лукашэнка, на практыцы? Была ўжо не адна спроба «разьняволіць» бізнэс, аднак пра паляпшэньне дзелавога асяродку беларускія прадпрымальнікі калі і кажуць, то з мноствам выняткаў:
«Я ня той чалавек, які проста верыць нейкім абяцаньням. Таму мы намагаемся ўкласьці максымальна сэнсу і дзеяньняў у зьніжэньне рызыкаў падчас вядзеньня бізнэсу, на справе стварыць больш прывабныя умовы для прыцягненьня новых субʼектаў. Скажу так: прапанаваны пакет у цяперашнім выглядзе мае свае істотныя абмежаваньні — канкрэтна ў такім выглядзе ён можа станоўча паўплываць на сытуацыю, мабыць, працэнтаў на 20-30. Толькі і ўсяго. Чаму? Таму што некаторыя прынцыповыя пытаньні пакуль нават не абмяркоўваюцца».
Абяцаюць мінімальны набор нормаў рэгуляваньня
Падчас абмеркаваньня прэмʼер-міністра Андрэй Кабякоў адзначыў, што асноўная задача праекту дэкрэта — пакінуць мінімальны набор нормаў рэгуляваньня, астатнія мусяць насіць рэкамэндацыйны характар і выступаць толькі як арыенцір для бізнэсу. Аднак, зьвяртае ўвагу Уладзімер Карагін, да шэрагу важных пазыцый, ініцыяваных дзелавой супольнасьцю, распрацоўнікі так і не прыслухаліся. А бязь іх казаць пра эфэктыўнасьць прадпрымальніцкай дзейнасьці не выпадае. Тым больш калі гаворка пра патэнцыйных інвэстараў:
«Гэта пытаньні пра зямлю, пра абарону ўласнасьці, пра карпаратыўные кіраваньне. Настаў час карэнным чынам мяняць мэтады кіраваньня прадпрыемствамі, уводзіць у рады незалежных дырэктараў, у тым ліку з навукі, з прадпрымальнікаў. Таму што сёньня мэнэджэры дзяржаўных прадпрыемстваў часам разглядаюць падначаленую структуру як сваю ўласнасьць — гэта вынікае нават зь той колькасьці крымінальных спраў. Гэта значыць, маніпулююць уласнасьцю і, як вынік, прыводзяць да нізкіх вынікаў эканамічнай дзейнасьці. Мы гэта бачым па ўсеагульнай дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасьці прадпрыемстваў і вельмі нізкай актыўнасьці на замежных рынках».
Што хочуць лібэралізаваць
Тым ня меней пэўная лібэралізацыя прадпрымальніцкай дзейнасьці сапраўды закладаецца, прынамсі на паперы.
У прыватнасьці, прадугледжана скарачэньне абавязковых прадпісаньняў у сфэры санітарна-эпідэміялягічных патрабаваньняў, пажарнай бясьпекі, аховы навакольнага асяродзьдзя. Так, зь дзейных сёньня 586 пунктаў правілаў пажарнай бясьпекі, 7 праграмаў і 13 табліцаў захавана 58 пазыцый. Санітарныя патрабаваньні ў выглядзе 14 дакумэнтаў, якія ўключаюць больш за 1 100 пунктаў, маецца рэалізаваць менш чым у 100 пазыцыях.
Мяркуецца паведамляльны парадак ажыцьцяўленьня найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасьці — бытавыя, турыстычныя, сацыяльныя паслугі, дзейнасьць у галіне гандлю і грамадзкага харчаваньня, перавозка пасажыраў і багажу, вытворчасьць сельгаспрадукцыі і будматэрыялаў. Паводле Міністэрства эканомікі, менавіта ў гэтых сфэрах засяроджана 95% дробнага і сярэдняга бізнэсу. Для занятку такімі відамі дзейнасьці дастаткова будзе падаць апавяшчэньне ў выканкам праз службу «адно акно» ці нават праз адзіны партал электронных паслугаў, а ўжо на наступны дзень можна будзе пачынаць сваю справу.
Максымальна ліквідуюцца адміністрацыйныя барʼеры, зьвязаныя з наяўнасьцю складаных і працяглых працэдураў атрыманьня даведак, узгадненьняў і іншых відаў дазвольнай дакумэнтацыі. Праектам дэкрэту на пэрыяд 2018-2020 гадоў уводзіцца мараторый на ўвядзеньне новых падаткаў і падвышэньне падатковых ставак. У цэлым, калі верыць распрацоўнікам, дакумэнт закліканы мінімізаваць умяшаньне дзяржавы ў дзейнасьць субʼектаў гаспадараньня.