У Менску 1 чэрвеня прайшло паседжаньне беларуска-нямецкай няўрадавай рады бізнэс-супрацы, перадаюць naviny.by. Створаная ў 2009 годзе з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі, рада доўгі час не зьбіралася з прычыны эўрапейскіх санкцый.
На думку міністра замежных спраў Уладзімера Макея, цесная эканамічная супраца «дазволіць выйсьці і на больш хуткае вырашэньне некаторых палітычных цяжкасьцяў» (якіх — не ўдакладняецца).
Паводле Макея, Беларусь зацікаўленая ў нямецкім досьведзе рэформаў заканадаўства і прыватызацыі прадпрыемстваў Усходняй Нямеччыны пасьля ўзьяднаньня краіны. Таксама Макей прапанаваў нямецкаму боку стварыць супольнае прадпрыемства зьбіраць электрамабілі, што можа стаць «сур’ёзным унёскам» у двухбаковую эканамічную супрацу.
Зь якімі менавіта кампаніямі прапануецца зьбіраць электрамабілі, не гаварылася. Але ў Беларусі ўжо плянуецца наладзіць зьбіраньне электрамабіляў на базе беларуска-кітайскага прадпрыемства «БелДжы».
Беларускі электрамабіль каштавацьме ўдвая даражэй за Geely, праедзе 100 км без падзараджаньня
Таксама Макей выказаў спадзеў, што ўрады Беларусі і Нямеччыны паразумеюцца наконт крокаў, патрэбных дзеля таго, каб Нямеччына стала на перадавыя пазыцыі ў інвэстыцыях у Беларусь, у прыватнасьці, у аўтамабілебудаваньне, транспарт, энэргетыку, электроніку і ІТ, хімію і нафтахімію, фармацэўтыку, сельскую гаспадарку.