Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка папрасіў кіраўнікоў не забываць, што кожны чалавек мае права на выказваньне ўласнай думкі.
Пра гэта ён выказаўся прымаючы кадравыя рашэньні 3 сакавіка, паведамілі ў прэзыдэнцкай прэс-службе.
«У нас усё-ткі ўлада жорсткая, вельмі жорсткая. Людзі гэта адчуваюць. Але гэта ня значыць, што мы людзей павінны пастроіць, як у арміі, і строем ці, ня дай бог, статкам кудысьці вадзіць і забараняць: крок улева, крок управа, слова не гавары, рот зашый. Ні ў якім разе гэтага рабіць нельга.
Таму права чалавека сказаць тое, што ён думае, у патрэбным месцы: на сходзе, пры абмеркаваньні з калегамі, вам проста ў вочы — гэтага ня трэба баяцца. Гэта плюс у нас будзе.
Але калі прыйшоў на працу, там рот павінен быць, груба кажучы, зашыты, таму што там дыктат ажыцьцяўляе тэхналёгія. Своечасова прыйшоў, зрабіў па тэхналёгіі справу — ідзі. Бачыш, нешта ня так — папярэдзь кіраўнікоў сваіх, скажы, прапануй. Але вось гэтае права чалавека гаварыць, абмяркоўваць, прапаноўваць — я вас прашу, вы памятайце пра гэта».
«Пераціскаць нельга. У нас людзі разумныя, яны разумеюць, як трэба жыць, як працаваць, і мы гэта ў людзях павінны падтрымліваць», — дадаў кіраўнік краіны.
Паводле Лукашэнкі, Беларусь займае выгаднае геапалітычнае становішча ў цэнтры Эўропы, аднак у той жа час адкрытая з усіх бакоў.
«Падладжвацца нікому ні пад што ня трэба, трэба мець на ўвазе перш за ўсё свае нацыянальныя інтарэсы. Але трэба бачыць сьвет навокал, у якім кірунку ён рухаецца. І мы нікуды ня дзенемся ад гэтага руху, недзе дашліфоўваючы, рэфармуючы, можа, удасканальваючы тую сыстэму, якая ў нас створана», — сказаў кіраўнік дзяржавы.