Аляксандр Лукашэнка лічыць, што кіраўнікі дзяржаў павінны зрабіць АБСЭ больш уплывовай арганізацыяй.
Пра гэта ён заявіў на сустрэчы зь дзейным старшынём АБСЭ, першым намесьнікам прэм’ер-міністра — міністрам замежных спраў Сэрбіі Івіцам Дачычам, піша БЕЛТА.
На думку Лукашэнкі, да вырашэньня ўкраінскага канфлікту павінны былі больш актыўна падключыцца кіраўнікі дзяржаў.
«Калі ўжо вайна, то, напэўна, у тэрміновым парадку павінны былі сабрацца кіраўнікі дзяржаў, абмеркаваць гэтую праблему і прыняць нейкія меры, рашэньні. Не атрымаецца — хоць бы ў вочы сказаць усё тое, што адзін пра аднаго думаюць. Пакуль гэтага не адбываецца», — сказаў ён.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што яго стаўленьне да АБСЭ дваістае. На яго думку, з аднаго боку, гэта вельмі патрэбная арганізацыя, яна павінна граць значную ролю ў забесьпячэньні бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, аднак на дадзены момант роля АБСЭ недастатковая. Паводле Лукашэнкі, у гэтым віна самой арганізацыі, і перш за ўсё — кіраўнікоў дзяржаў.
«Зь іншага боку, АБСЭ спрабуе і, наколькі гэта, напэўна, магчыма сёньня, робіць неабходнае для ўрэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Але, вядома, з тымі паўнамоцтвамі, якія АБСЭ сёньня мае, ня маючы імпульсу ад кіраўнікоў дзяржаў, наўрад ці АБСЭ ў гэтай сытуацыі можа нешта зрабіць», — падкрэсьліў Лукашэнка. Таму, паводле яго, зьяўляюцца новыя фарматы: нармандзкія, бэрлінскія, менскія і іншыя. «Усё гэта магло зьмясьціцца ў адной арганізацыі — АБСЭ, і гэта яе функцыя», — сказаў ён.