З просьбай разам абараніць ад зносу «вёску навукоўцаў» зьвярнуліся да грамадзкіх актывістаў і журналістаў жыхары прыватнага сэктару ў мікрараёне Лошыца. «Тут такая справа: „Асмалоўку“ адстаялі, перамога мае быць і ў Лошыцы», — такую просьбу мясцовыя жыхары разьмясьцілі ў сацыяльных сетках.
Your browser doesn’t support HTML5
Прыватны падворак — другі Батанічны сад
Белацагляны двухпавярховік патанае ў зеляніне: мініяцюрная сажалка, экзатычныя дрэвы і кусты, зялёны лужок — у двары дома. «Гэты дом мой і майго брата Аляксандра», — сустракае журналістаў Генадзь Усьціновіч.
Ён праводзіць кароткую экскурсію па двары:
«У нас вельмі шмат экзатычных расьлін — грэцкі, маньчжурскі арэх, некалькі сартоў фундуку. Вось тут бірачкі на дрэўцах — каб адрозьніваць сарты яблыкаў і ігруш — іх больш за пятнаццаць. У мяне на ігрушах яблыкі растуць, і наадварот», — сьмяецца гаспадар.
«Пэрсікі сёлета зьмерзьлі, а так — буйныя, салодкія, смачныя плады. Уздоўж плоту бэз — вось такія буйныя кветкі», — разводзіць рукі гаспадар на памер уяўных гронак.
«Ну, і я заўсёды кажу, што ў нас ёсьць найшыкоўнае дрэва. Ня куст, а дрэва — рукамі не абхапіць. Гэта магнолія. Вясной, калі няма яшчэ лісьця нідзе — яно квітнее буйнымі кветкамі. Гэтае дрэва ёсьць толькі ў двух асобніках: у нас і ў Лошыцкім парку».
Ці працавалі ў двары ляндшафтныя дызайнэры, будаўнікі? Не.
«Мы тут усё рабілі ўласнымі рукамі, на свой густ і паводле ўласных праектаў», — Генадзь Усьціновіч працягвае эмацыйны расповед.
«Вунь паглядзіце — гэта летні дамок. Думаю, для многіх было б за шчасьце ў ім жыць, ня кажучы пра лецішча. І ўсё гэта абсалютна законна: на ўсе пабудовы мы маем патрэбныя дазволы. Зямля ў нас у пажыцьцёвым валоданьні, і працавалі мы так, каб было ня толькі нам, але і дзецям нашым засталося».
Тры рэпрэсаваныя пакаленьні
«Шмат і добра працаваць — гэта сямейная традыцыя», — кажа Генадзь Усьціновіч.
«Некалі жылі на Магілёўшчыне наш дзед і два ягоныя браты. Калі дзяды гаспадарылі, то людзі марылі, каб „Усьціновічы ня справіліся“, каб наняцца да іх грошай зарабіць. Ну, і як „кулакоў“ выслалі дзядоў у Сыбір», — кажа спадар Генадзь.
Дзяды з Сыбіры вярнуліся, але падчас сталінскіх рэпрэсій арыштавалі Ўсьціновіча-малодшага — бацьку спадара Генадзя.
«Бацьку забралі, як прыяжджалі па суседа. Таго не аказалася дома, то ўзялі тату — 10 гадоў адбыў у турме. Вярнуўся ўжо з падарваным здароўем, але пасьпеў яшчэ папрацаваць у саўгасе „Лошыцкім“ галоўным бухгальтарам і нават узначаліць будаўніцтва той самай „вёскі навукоўцаў“ на дзесяць дамоў, якія цяпер заплянаваныя пад разбурэньне», — працягвае спадар Генадзь.
«Нават мая жонка ўжо стамілася, кажа: калі ўжо гэтую сям’ю пакінуць у спакоі. Выходзіць, што мы ўжо трэцяе пакаленьне рэпрэсаваных. Я пра гэта магу гадзінамі гаварыць, бо гэта выпакутаванае».
«Канфэрэнцыя з нагоды 105-годзьдзя майго дзеда»
Суседка Ўсьціновічаў — Тацяна Раманавец. Яна біёляг у трэцім пакаленьні, унучка навукоўца-біёляга Антона Амбросава, які быў гаспадаром цяперашняга яе дома.
«Літаральна сёньня ў Інстытуце абароны расьлін — канфэрэнцыя з нагоды 105-годзьдзя майго дзеда Антона Лаўрэнцевіча Амбросава. Ён быў заснавальнік і першы дырэктар інстытуту, прафэсар, член-карэспандэнт Акадэміі навук. Я неяк палічыла, што ў нашай сям’і трынаццаць біёлягаў — і я трынаццатая. Праўда, на мне ўсё скончылася», — усьміхаецца спадарыня Тацьцяна.
«А бабуля была заслужаным аграномам, вывела некалькі сартоў памідораў. Гэта я толькі пра сваю сям’ю расказваю — такія людзі жылі ў кожным доме. Зайдзіце ў любы, і вам раскажуць падобную гісторыю. Тут на кожным доме можна шыльду вешаць: жыў такі і такі», — кажа жанчына.
А свой дом Тацяна Раманавец называе не інакш, як «радавое гняздо». З асаблівым цяплом узгадвае і сваіх суседзяў — жыхароў «вёскі навукоўцаў».
«Калі ў мяне ў доме здарыўся пажар, то людзі беглі і выносілі з хаты ўсё: я пасьля па ўсёй вёсцы рэчы свае зьбірала, бо людзі ратавалі ад агню і паразносілі па сваіх дамах.
Гэты быў дом камунальнай уласнасьці, але нам сказалі, што грошай няма — рамантуйце самі. І мы адбудавалі яго наноў, а калі давялося яго прыватызаваць, то вось гэта ўсё, пабудаванае за ўласныя сродкі, мы былі вымушаныя зноў выкупляць у дзяржавы. А цяпер за гэтае вось, двойчы аплачанае жыльлё нам прапануюць прыніжальную проста кампэнсацыю», — абураецца Тацяна Раманавец.
Дыхтоўныя дамы — таньнейшыя за панэльныя кватэры
«Вёска навукоўцаў» — гэта 10 блякаваных двухкватэрных дамоў, дванаццаць гаспадароў якіх зьвярнуліся ў суд супраць зносу іхнага жыльля. Абуральнай яны называюць нават фармулёўку зносу: «дзеля дзяржаўных патрэб».
«Якія такія дзяржаўныя патрэбы вымагаюць пазбаўляць нас нашага жыльля, якое мы будавалі ўласнымі рукамі? Каб будаваць шматпавярховікі, то якая гэта дзяржаўная патрэба, калі 80% навабудаў у Менску не распрададзеныя?! Проста ў нас каштоўнае месца — побач з ракой, паркам і Лошыцкім палацам. Таму яго хочуць прадаць багатым інвэстарам», — перакананая Тацяна Раманавец.
«У горадзе дастаткова старых прадпрыемстваў, нейкіх аўтапаркаў у страшэнным выглядзе, якія займаюць агромістыя тэрыторыі. Вынесіце тыя прадпрыемствы і пабудуйце там дамы», — падтрымлівае суседку Генадзь Усьціновіч.
«Акрамя таго — кошт нашых капітальных будоў, саду, дрэваў ацанілі паводле кошту квадратнага мэтра жыльля, дык у нас ён аказаўся таньнейшы, чым квадратны мэтар у панэльнай кватэры! Гэта проста пракамэнтаваць цяжка», — абураецца спадар Генадзь.
«Умовы нашага перасяленьня — проста ганебныя і зьневажальныя. Мы нізавошта на такія ўмовы не пагодзімся», — кажуць людзі.
Ня мы прыйшлі ў горад, а горад нас паглынуў
Перш чым зьвярнуцца ў суд, жыхары «вёскі навукоўцаў» сабралі больш за дзьве тысячы подпісаў супраць зносу іх пасёлка і адмены статусу культурнай каштоўнасьці, што дазволіла распачынаць тут новае будаўніцтва. «Тут была вёска, і ня мы прыйшлі ў горад, а горад паглынуў нас», — кажа Генадзь Усьціновіч.
Падчас слуханьняў у Маскоўскім судзе Менску прадстаўнікі гарадзкіх уладаў казалі заяўнікам, што частка тутэйшых жыхароў згодныя на пераезд.
«Згодныя на пераезд тыя жыхары, якія ніколі не клапаціліся пра свае дамы: дзе няма нават водаправоду і каналізацыі і яны дагэтуль ходзяць „да ветру“. Там па 15–20 чалавек зарэгістраваныя, і яны толькі і мараць, каб атрымаць кватэры, якія, магчыма, будуць даведзеныя да такога ж стану. Ну то прадайце гэтыя кавалкі зямлі з аўкцыёну, і людзі адбудуюць тут сучасныя катэджы, якія ўпішуцца ў агульную архітэктуру гораду», — кажуць удзельнікі судовых слуханьняў.
Заяўнікі просяць суд адмяніць рашэньне Менгарвыканкаму пра знос «вёскі навукоўцаў». У выніку першага паседжаньня суд вырашыў прыпыніць яго выкананьне да завяршэньня судовага разбору.