Алена Луцковіч, кандыдат у дэпутаты ў Калінкавіцкай выбарчай акрузе № 41, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, расказала ў камэнтары Свабодзе, як галасавалі выбарнікі ў яе акрузе.
«Цяжка ацэньваць выбары, якіх насамрэч няма. Ёсьць палітычная кампанія пад назвай „выбары“, у якой я ўдзельнічала дзеля таго, каб людзі ўбачылі і альтэрнатыўную эканамічную праграму, і альтэрнатыўнага кандыдата», — сказала Алена Луцковіч.
Актывістка дадала, што мінакі ў яе мястэчку Акцябрскі пытаюцца, якія вынікі выбараў, і зьдзіўляюцца, што сама Луцковіч атрымала, паводле пратаколаў, мінімальную падтрымку:
«Іду сёньня ў сваім Акцябрскім па вуліцы, мінакі спыняюцца, пытаюцца: «Мы за вас галасавалі — якія там вынікі?». Тлумачу, што старшыня Мазырскага райвыканкаму Яўген Адаменка — ён таксама балятаваўся кандыдатам у акрузе № 41— набраў у адзінаццаць разоў больш галасоў, чым я. Мне акруговая камісія намалявала крыху больш за 3 тысячы галасоў, Адаменку — больш за 35 тысяч. На выбарчым участку ў Акцябрскім, дзе я жыву і галасую, мне «намалявалі» 35 галасоў, начальніку з Мазыра — 595.
Людзі адкрыта сьмяюцца з усёй гэтай арытмэтыкі. Я такога маштабу маніпуляцыяў ня памятаю.
Цікава, што наш мясцовы сайт «Рудабельская паказуха» папрасіў выбарцаў выказацца, каму з чатырох кандыдатаў Калінкавіцкай выбарчай акругі № 41 яны аддалі галасы. Ужо даслалі свае адказы 180 чалавек. Як высьвятляецца, за мяне прагаласавалі 23 адсоткі, за Адаменку —12, за Сьвятлану Сігай — 11, за Тамару Зайцаву — 0 адсоткаў. Супраць усіх галасавалі 25 адсоткаў выбарнікаў. А на выбары не хадзілі каля 37 адсоткаў зь ліку тых, хто выказаўся на сайце «Рудабельская паказуха» Мяркую, што згаданыя лічбы найбольш поўна адпавядаюць таму, што праходзіла ў нашай акрузе пад назваю «парлямэнцкія выбары».