Міністэрства замежных справаў Літвы загадала Літоўскаму інстытуту энэргетыкі «перагледзець сваю пазыцыю» пасьля таго, як інстытут заявіў, што ўдзел ягоных навукоўцаў «быў узгоднены з МЗС», перадае BNS.
МЗС на сустрэчы з прадстаўнікамі інстытуту выказаў глыбокую занепакоенасьць супрацай зь Беларусьсю і нагадаў пра магчымыя пагрозы ад БелАЭС, а таксама нядаўна прынятыя законы, у якіх Астравецкая АЭС прызнаная небясьпечнай і названая пагрозай нацыянальнай бясьпекі Літвы.
Інстытут жа заяўляе, што супраца зь Беларусьсю можа быць выгаднай, бо навукоўцы могуць быць «надзейнай крыніцай інфармацыі», а праект, у межах якога працуюць навукоўцы, фінансуецца ў межах праграмы Эўрапарлямэнту, які фінансуе ў тым ліку Літва.
Літоўскія палітыкі нядаўна адзначалі, што праект Беларускай АЭС ня ўзгоднены ані зь беларускім, ані зь літоўскім грамадзтвам, чым парушае Оргускую канвэнцыю, а кіраўнік ураду Літвы Саўлюс Сквярняліс выказаў зьдзіўленьне пазыцыяй прадстаўніка краіны ў Эўракамісіі, эўракамісара Віцяніса Павіласа Андрукайціса, што «беларусы больш за ўсіх іншых занепакоеныя бясьпекай АЭС» і што «літоўскія службовыя асобы блытаюць эканоміку з палітыкай, калі вырашаюць пытаньне пра эмбарга на пастаўкі электраэнэргіі зь БелАЭС».