Таварыства беларускай мовы напісала ліст у Адміністрацыю прэзыдэнта, каб тая зьвярнула ўвагу на сытуацыю зь вясковымі музэямі. Іхні стан аўтары звароту называюць гаротным. І лічаць, што Міністэрства культуры «ня вельмі хвалюе» лёс гэтых музэяў, а таксама памятных мясьцін, зьвязаных з жыцьцём і дзейнасьцю вядомых беларускіх пісьменьнікаў.
Зьбіраецеся аднаўляць вёскі — пачніце з тых, дзе музэі
Таварыства беларускай мовы прапануе, каб урад прыняў адмысловую пастанову дзеля разьвіцьця вёсак, у якіх ёсьць літаратурныя музэі і музэйныя ўстановы.
Нагодаю для звароту сталася заява Лукашэнкі, што трэба «навесьці парадак» у малых вёсках.
«Каб захаваць вясковыя музэі, — пішуць ТБМаўцы ў адміністрацыю Лукашэнкі, — варта кіравацца заявай прэзыдэнта аб тым, што ў Беларусі будуць аднаўляць невялікія вёскі».
У лісьце называюцца некаторыя з музэяў і памятных мясьцін, на стан якіх варта зьвярнуць увагу. Гэта літаратурны музэй Максіма Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы, а таксама будынак былой аптэкі ў Глушы, дзе плянуецца разьмясьціць музэй Алеся Адамовіча.
«Чаканьні нашы такія: каб вёскі, дзе музэі, уключылі ў прыярытэтны сьпіс тых вёсак, якія зьбіраецца аднаўляць Лукашэнка, — камэнтуе зварот у адміністрацыю прэзыдэнта старшыня ТБМ Алег Трусаў — Калі ўжо згадаў Лукашэнка малыя вёскі, дык трэба выбраць тыя, у якіх ёсьць музэі і нашы гістарычныя каштоўнасьці».
«Нас заўжды чуюць, і шмат якія прапановы рэалізоўваюцца, — кажа ён. — Думаю, што і гэтым разам пачуюць».
Музэй Гарэцкага застанецца ў Малой Багацькаўцы
У Малой Багацькаўцы, што за 20 кілямэтраў ад Мсьціслава, жыве менш за дзясятак чалавек. Каб не музэй Гарэцкага, то паселішча дажывала б свой век незаўважна. Хата, у якой музэй, вымагае рамонту.
Раённыя ўлады прапанавалі былі перавезьці сядзібу ў Мсьціслаў. Райвыканкам правёў пра гэта апытаньне.
«Мы хацелі прыслухацца да думкі жыхароў раёну, і на сёньня бальшыня прагаласавала супраць. Таму пра перанос музэю ў горад цяпер гаворкі няма. Ён як існаваў у Малой Багацькаўцы, так там і застанецца. Будуць праводзіцца экскурсіі», — сказалі ў райвыканкаме.
Але ці выдзеляць сродкі на рамонт, невядома.
У чэрвені пра музэй Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы будуць гаварыць на круглым стале. Пра гэта сказаў старшыня Рэспубліканскай рады Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Паводле суразмоўцы, у абмеркаваньні возьмуць удзел чыноўнікі аблвыканкаму, супрацоўнікі Музэю гісторыі беларускай літаратуры.
Літаратурны музэй Гарэцкага адкрылі ў 1993 годзе. У адной палове сялянскай хаты — экспазыцыя пра творчы і жыцьцёвы шлях Максіма Гарэцкага і ягоных блізкіх. Другая, этнаграфічная палова дае магчымасьць уявіць сабе сялянскае жыцьцё, якое вялі Гарэцкія.
Стварэньне музэю Адамовіча: працуем, зыходзячы зь фінансавай сытуацыі
У Глушы дом, у якім плянуецца разьмясьціць музэй Алеся Адамовіча, таксама вымагае рамонту. Па словах Антона Астаповіча, дах падрамантавалі, ён больш не цячэ.
«Унутры будынка ўсё падсохла, — кажа ён. — Цяперашні яго стан дазваляе казаць, што ён выстаіць, пакуль надыдзе час капітальнага рамонту. У ім трэба замяняць некаторыя канструкцыі, але, паўтаруся, вялікіх праблемаў зь ім пакуль няма».
На музэй Алеся Адамовіча ў Глушы сродкі зьбіраюць талакой. Пяць тысяч даляраў ахвяравала на музэй свайго настаўніка нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.
Антон Астаповіч кажа, што на праектную дакумэнтацыю грошы ўжо сабралі.
«Калі б была іншая фінансавая сытуацыя, многія праблемы вырашаліся б значна лягчэй, — кажа Астаповіч. — Аднак, зыходзячы з той сытуацыі, якая ёсьць, мы пакрокава рухаемся да мэты. Праз шчыльнае ўзаемадзеяньне зь мясцовымі органамі ўлады мы зможам вырашыць праблему са стварэньнем музэю. Пакуль нестае актыўнасьці. Здаецца, існуюць два саюзы пісьменьнікаў, але ўдзелу зь іх боку не праглядаецца. Усё трымаецца на невялікай групе рупліўцаў».
Антон Астаповіч крытычна ставіцца да ліста ТБМ у адміністрацыю Лукашэнкі. Зварот, лічыць ён, не падрыхтаваны як сьлед, ня вывучаная сытуацыя зь вясковымі музэямі. Таму рэакцыя, на яго думку, будзе адпаведнай — дашлюць адпіску.