Аляксандар Лукашэнка 27 студзеня прызначыў Віктара Сірэнку, які апошнім часам служыў начальнікам Упраўленьня аховы здароўя Менскага аблвыканкаму, намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму.
Віктар Сірэнка скончыў Менскі мэдычны інстытут у 1986 годзе. У 2009 годзе — Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце. Пры канцы 2000-х узначальваў бальніцу хуткай мэдычнай дапамогі. Пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году кар’ера галоўнага лекара бальніцы хуткай дапамогі рэзка пайшла ўгару. На пачатку 2011 году яго прызначылі начальнікам Камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму. У траўні 2014 году ён ачоліў Менскае абласное ўпраўленьне.
19 сьнежня 2010 году ў рэанімацыю бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі быў дастаўлены жорстка зьбіты кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў. Затым Някляева гвалтоўна вывезьлі з клінікі ў невядомым кірунку. Галоўны лекар Віктар Сірэнка, які знаходзіўся ў той момант у клініцы, не перашкодзіў гэтаму. Спачатку журналістам лекары паведамілі, што ў Някляева закрытая чэрапна-мазгавая траўма, гематомы, ушыбы мяккіх тканак. А неўзабаве Віктар Сірэнка асабіста выдаў жонцы Някляева даведку, што ў зьбітага Някляева былі толькі лёгкія ўшыбы.
У студзені 2011 году Віктар Сірэнка быў унесены ў сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім пасьля падзеяў 19 сьнежня забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША.