95-гадовы юбілей адзначае Леанід Шчамялёў — народны мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, кавалер ордэна Францішка Скарыны, патрыярх беларускага жывапісу. 6 лютага ў Нацыянальным мастацкім музэі адкрываецца пэрсанальная выстава, якая ахоплівае 70 гадоў творчай дзейнасьці майстра.
Адкрыў экспазыцыю з 60 лепшых жывапісных палотнішчаў юбіляр асабіста. Нягледзячы на паважны ўзрост, ён не спыняе творчага працэсу — амаль штодня працуе ў майстэрні, стварае новыя вобразы Беларусі і яе людзей.
Радыё Свабода з дапамогай блізкіх сяброў юбіляра — фатографа Яўгена Коктыша, мастацкага крытыка Барыса Крэпака і на падставе архіўных здымкаў — падрыхтавала фотагалерэю Леаніда Шчамялёва за апошнія паўстагодзьдзя. Герой паказаны ў самым розным антуражы: з калегамі па цэху, у атачэньні родных, засяроджаны ў асэнсаваньні сюжэту.
Пра шлях праз вайну, «фармалізм» і незалежнасьць
Леанід Шчамялёў нарадзіўся 5 лютага 1923 году ў Віцебску. Пасьля школы замест мастацкай вучэльні 18-гадовым хлопцам быў мабілізаваны на фронт. Удзельнік бітвы на Курскай дузе. Увосень 1943-га дайшоў да Беларусі, атрымаў цяжкое раненьне пад Мазыром, доўга лекаваўся. Але пашчасьціла застацца жывым — адрозна ад бацькі, які з вайны не вярнуўся, зьнік бязь вестак.
Пасьля шпіталя быў накіраваны даслужваць у кавалерыю на поўдзень Украіны (коні на яго карцінах сталі такімі ж абавязковымі пэрсанажамі, як і людзі, у ратамскі цэнтар коннай падрыхтоўкі рэгулярна наведваўся яшчэ да нядаўняга часу). Дэмабілізаваўся толькі ў 1947-м, вярнуўся ў практычна мёртвы Віцебск. У тым жа годзе паступіў у Менскую мастацкую вучэльню.
Ваеннай тэмы ў сваіх творах амаль не кранаў — партыйная ідэалёгія прымала акцэнтаваны гераізм, а ў памяці франтавіка-ардэнаносца ўсплывалі зусім іншыя эпізоды. Батальных сцэнаў ура-патрыятычнай накіраванасьці так і не зьявілася — кажа, што боль патрабаваў асэнсаваньня. Але раз-пораз выводзіў на першы плян чалавека ў атмасфэры вайны — не героя, а ахвяру трагічных падзеяў.
Your browser doesn’t support HTML5
Адразу ж быў западозраны ў адсутнасьці гераічнага патасу: кветкі, дрэвы, коні — якія ж гэта «вэтэраны»? Асобныя працы прымаліся ў штыкі за свой пацыфісцкі падтэкст — «Маё нараджэньне», «Цяжкія гады», «Першы дзень міру». А за дыплёмнае «Вясельле» і знакаміты «Палявы трыбунал» надоўга трапіў у няміласьць да афіцыёзу — зацкавалі за «фармалізм». Давялося сьцяць зубы і працаваць, не зважаючы на зайздросьнікаў і злыя языкі.
Сёньня Леанід Шчамялёў — прызнаны гуру айчыннай мастацкай школы. Ягоныя працы, колькасьць якіх вылічваецца тысячамі, адзначаюцца экспрэсіўнасьцю і плястычнай манерай выкананьня. Гэта, без перабольшаньня, нацыянальнае багацьце. Упэўненыя, шырокія мазкі ягонага пэндзля наўрад ці пераблытаеш з чыімсьці іншым.
Пра сучасьнікаў і герояў сівой даўніны
Сярод пэрсанажаў Леаніда Шчамялёва — беларускія вяскоўцы, гараджане, сучасьнікі самога майстра. Але ня толькі, у творчым даробку багата нацыянальных дзеячаў розных гістарычных эпохаў: Францішак Скарына, Міхал Клеафас Агінскі, Кастусь Каліноўскі, Ларыса Геніюш, Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімер Караткевіч, Яўген Кулік, Уладзімер Мулявін; працы, прысьвечаныя падзеям пад бел-чырвона-белым сьцягам: «Вялікі Князь», «Парад войскаў ВКЛ у Вільні», «Герой паўстаньня 1734 году Юзаф Сасноўскі» ды іншыя.
Цягам усёй працяглай і насычанай біяграфіі Леанід Шчамялёў застаецца па-за партыйнымі і ідэалягічнымі блёкамі, маючы пры тым выразную індывідуальную пазыцыю.
«Я сам па сабе, для мяне ўнутраная свабода — найгалоўнейшая каштоўнасьць», — кажа ён.
Мы сабралі нізку назіраньняў народнага мастака Беларусі, якімі ён падзяліўся з карэспандэнтам Свабоды, пра тое, што адбываецца ў культурным і грамадзкім жыцьці краіны і сьвету.
Пра шкоду крытыканства і карысьць крытыкі
«Мне падабаецца само жыцьцё, сам жыцьцёвы працэс. Добры ён ці дрэнны — ня так і важна, галоўнае, што я яго бачу, у ім удзельнічаю. І калі маю магчымасьць адлюстраваць дух пэўнага адрэзку часу, тады я і ёсьць мастак. Наконт гэтага шмат размоваў і спрэчак, не магу казаць, што маю рацыю на 100%.
Я падзяляю шмат якія меркаваньні пра мастацтва і яго ролю, але схільны лічыць, што самае правільнае і высокае ў гэтым сэнсе — сам працэс. То бок, што чалавек робіць і як людзі ставяцца да яго дзейнасьці.
Ён не абавязаны быць палітыкам, публічнай асобай, можа наагул маўчаць. Галоўнае, што зь сябе ўяўляе, які сьлед пасьля сябе пакідае, як яго мастацтва адлюстроўвае дух нацыі. Калі гэта ўсё ёсьць, дык што скаланаць паветра, да якой сыстэмы ён належыць?
На жаль, меркаваньне пра мастацтва ў нас ніяк ня выяўлена, прадстаўлена асобнымі людзьмі субʼектыўна. Хоць мастацтва — гэта выразная сіла этнасу, яго культуры... Цяпер я рэдка выходжу ў людзі, але заўсёды трэба прыходзіць, глядзець працы, судзіць, чаму так робіцца, а не інакш. Меркаваньне не павінна быць крытыканскім, каб „забіць“ чалавека. З крытычнай ацэнкай, поглядам — так, безумоўна. Тады ўсім будзе цікава».
Пра разьмежаваньне творчасьці і другаснай палітыкі
«Я не палітык, каб разьбірацца ў асобе прэзыдэнта, кіраўніка ўраду, іх дзейнасьці. Нашмат больш я разумею ў выяўленчай культуры, выява мае для мяне надзвычай важнае значэньне. Не скажу, што палітычнае жыцьцё тых ці іншых дзеячаў мне абыякава, але рабіць заўвагі на іх адрас — як мінімум не зусім тактоўна. Прынамсі не прыхільнік таго, каб кідацца крытычнымі выказваньнямі, абы толькі неяк адзначыцца.
Я нармальна жыву і са сваіх пазыцый бачу пераважна добрыя рэчы.
Your browser doesn’t support HTML5
Ёсьць сьвет, ёсьць мастацкае жыцьцё, і вось стаўленьне да гэтых рэчаў — для мяне прынцыповае, тут я магу выказаць сваё разуменьне, з чым згодны, з чым не.
Для мяне і цяпер, і заўсёды, пры любой уладзе — і некалі, і сёньня — на першым месцы ідзе мастацтва
А што да асобаў узроўню прэзыдэнта ці тых, хто займае кіроўныя пасады ў дзяржаве, проста няма асаблівай нагоды, каб выказваць адмоўнае ці нават станоўчае да іх стаўленьне. Усё ж жыву сваім жыцьцём, сваім розумам. Для мяне і цяпер, і заўсёды, пры любой уладзе — і некалі, і сёньня — на першым месцы ідзе мастацтва. Адносіны да яго, як адлюстроўваць сьвет, у якім існую, — вось што ўяўляе сапраўдны інтарэс. А даваць ацэнку той ці іншай палітычнай дзейнасьці не хачу і ня маю патрэбы».
Пра беларускую нацыю і вымушаную аморфнасьць
«Пасьля апошняй вайны ў Беларусь улілася вялізная колькасьць расейскіх людзей — 48%. Лічы, палова! Зь цягам часу ў такіх умовах многія беларусы нівэляваліся як нацыя, як носьбіты культуры, моўнага коду. Дапускаю, што нават размаўляць можна на зручнай мове, іншая справа, кім ты сябе ў гэтым асяродзьдзі бачыш, як ідэнтыфікуеш. Па якіх крытэрах вызначаеш літаратуру, мастацтва, кіно — беларускае яно ці нейкае іншае. Маса ўзьнікае пытаньняў.
Пасьля апошняй вайны ў Беларусь улілася вялізная колькасьць расейскіх людзей — 48%
Тое, што калега Аляксей Марачкін выйдзе недзе зь лёзунгам — дык гэта драбніца. Ня будзе толку бяз масавага разуменьня сваіх каранёў. Заходзіў да мяне неяк Уладзімер Някляеў, глядзеў працы, крыху паспрачаліся. Мне ён падабаецца як чалавек, вершы ў яго выдатныя. Але ж амбіцыі...
Грамадзтва павінна падтрымліваць. А няма грамадзтва нармальнага, якое аналізуе, думае ў беларускім стылі. Гавару пра культурны аспэкт, таму што трэба ведаць, як арганізаваныя іншыя нацыі, як яны прыйшлі да цяперашняга ўзроўню. Гэта крыху вышэй, чым проста „мне хочацца“. Шмат да чаго яшчэ трэба расьці».
Пра расейскую гардыню і тутэйшую местачковасьць
«Беларусь адрозьніваецца ад Расеі, прычым ва ўсе часы. Па сабе ведаю. Мяне ў расейскім мастацтве проста не заўважалі, праходзілі побач. Здараліся выключэньні, але ў сыстэму не перарасло. Не таму, што марылі „задвінуць“. У фарбах, танальнасьцях нешта чужое для Расеі. Глядзяць — і нічога ня бачаць, як хочаш разумей. Заходнікі? Чорт іх ведае, шмат было добрых мастакоў, але замкнуліся ў „шышкініяне“. Хоць Шышкін па сваёй сутнасьці — „немец“, на расейскую мастацкую глебу перанёс якраз нямецкую культуру.
Беларусь адрозьніваецца ад Расеі, прычым ва ўсе часы
Іншая справа, каб у нас была галерэя, як у Маскве Трацьцякоўка. Хоць зараз і яе пераклініла ў мазгах, невядома, хто на пасадах і якая канцэпцыя. Але яна ёсьць. І ў нас павінна быць. Ня так, як наш музэй (Нацыянальны мастацкі музэй. — РС). Неверагодная помесь усяго з усім, нэгра з матацыклам! І дываны, і шкло, і жалеза, усё! А мастацтва — няма! Каб прыйшоў непадрыхтаваны чалавек, які ня ведае беларускай мовы, гісторыі, ніколі на тэму культуры нават не разважаў, але ж пабачыў, натхніўся, заганарыўся сваім краем! А тут ён нічога ня ўбачыць. Кірмаш. Няўжо так робіцца? Сёньня кожны абасоблены ў сваім мысьленьні. І гэта бяда, няшчасьце для краіны».
Пра сяброў-мастакоў і ангажаваных калегаў
«Я ня ведаю, як сёньня ставяцца да мяне тыя ці іншыя калегі. У маім узросьце гэта, шчыра кажучы, ужо другасна. Са свайго боку, ня можа не цікавіць, як яны рэалізуюцца ў мастацтве. А што пры гэтым заяўляюць, якія прасоўваюць палітычныя сэнтэнцыі — хвалюе абсалютна мала. Адносіны да мастацтва, да творчасьці — вось што надзвычай важна.
Мне падабаецца, дзе я жыву, я шаную родную зямлю, якой прысьвяціў нямала працаў
Папраўдзе, я ня бачу, што мастакі аднагалосна ўхваляюць адзін аднаго, мяне ці каго б там ні было. Кожны існуе сам па сабе — зыходзіць з уласных поглядаў, выказваецца праз творчасьць. Канечне, шмат з чым я ня згодны, але многае падабаецца. Ёсьць тыя, хто мне прыемны — і кантактаваньнем, і работамі, і праекцыяй Беларусі за мяжой. Аднак ставіць ацэнкі кожнаму ня стаў бы. Як і яны, я таксама маю свае погляды, усьведамленьне таго, што адбываецца навокал.
Мне падабаецца, дзе я жыву, я шаную родную зямлю, якой прысьвяціў нямала працаў. Яны зьвязаныя з маім разуменьнем майго краю, меркаваньня пра яго. Калі гэта падабаецца — я, безумоўна, задаволены, калі не — значыць, дзесьці парушыў балянс, зрабіў ня так, як трэба».
Пра культ земляка Шагала і сумнеўную абʼектыўнасьць
«Шагал як мастак цікавы, бо зыходзіў з габрэйскіх пазыцый — бачыў і любіў сьвет так, як і яго народ. І гэта нармальна, ухвальна. У нас іншы культурны пласт, свой народ — ад дзяцінства і да сталага ўзросту, хто ты і што робіш. Так, добры мастак, але належыць іншай плыні, іншым паняцьцям. Ну і выдатна, толькі трэба разьвіваць уласны погляд на сьвет і нацыю. Калі ёсьць культурны зрэз, дык ім неабходна захапляцца і ўздымаць на яшчэ вышэйшы ўзровень. Як няма — значыць, ты ніхто, няма генэтычнага падмурку.
Шмат выбітных мастакоў. І яно не замінае разьвіваць у сабе здольнасьць праз мастацтва выяўляць стаўленьне да сваёй радзімы. У іншым выпадку можна казаць, што чалавек проста не адбыўся. Хваліць можна каго заўгодна.
Лёзунг „Чтоб каждый шагал, как Шагал“ ня ёсьць поглядам на тутэйшую нацыю і культуру
Зачапіліся за Шагала, бо нарадзіўся, як і я, у Віцебску, 4 гады там выкладаў. Лёзунг „Чтоб каждый шагал, как Шагал“ ня ёсьць поглядам на тутэйшую нацыю і культуру. Погляд самастойны, але асабісты. Група людзей прасоўвае сэнтэнцыю разьвіцьця празь яго фігуру, здымаюць фільмы, пішуць кнігі. Гэта тэндэнцыя. Але казаць — мы жывём тым, што ён зрабіў, прапускаем празь сябе — няслушна. Мы беларусы, у нас свая пазыцыя, сваё захапленьне зямлёй, свой мэнталітэт. Нам абʼектыўна ня можа падабацца ўсё!»
Пра ўсярэдненасьць таленту і павальную мабілізацыю
«У нашай беларускай культуры ёсьць кіданьне ў крайнасьці. Вылазіць які-небудзь папуліст і пачынае: лепш за іншых усё ведаю, навучу, як трэба жыць. Маўляў, і ёсьць тая каста абраных, якая зробіць усіх шчасьлівымі. Але ж ёсьць век, у які мы існуём, абʼектыўная рэальнасьць. Ну што вы сваімі лёзунгамі здольныя супрацьпаставіць зьнешнім выклікам? Шырэй трэба глядзець, бачыць далей за ўласны нос. І слухаць тых, хто насамрэч разумее, што адбываецца ў сьвеце, іх творы адлюстроўваюць бачаньне цывілізацыйных працэсаў.
У нас меркаваньне пра мастацтва пакуль на прымітыўным узроўні, ніяк не ўпарадкавана, зводзіцца да ўраўнілаўкі
На жаль, у нас меркаваньне пра мастацтва пакуль на прымітыўным узроўні, ніяк не ўпарадкавана, зводзіцца да ўраўнілаўкі. Нейкая дзяржаўная падзея — усім мастакам трэба выставіцца. Што значыць усім? Нельга так. Гэта ж не ў сваім міжсабойчыку, на суд гледачоў выдаецца ўменьне ці няўменьне. У адным выпадку чалавек папросту не дарос да выхаду на аўдыторыю, у другім яшчэ не дабраў майстэрства. А ўсіх мяшаюць у адно. На выставы ў абавязковым парадку трэба рабіць адбор.
Поўная свабода ў творчасьці — ход няправільны. Калі цягнуць усё, што здаюць, — гэта элемэнтарная непераборлівасьць, навязваньне прымітыўных густаў».
Леанід Шчамялёў скончыў Менскую мастацкую вучэльню і Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут — вучань выбітнага пэйзажыста Віталя Цьвіркі, майстэрню якога ў знакамітым «мастакоўскім доме» на вуліцы Сурганава ў Менску потым атрымаў у спадчыну. Выкладаў спачатку ў сваёй жа вучэльні, затым у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце імя Ахрэмчыка і на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытуту.
Быў першым сакратаром праўленьня Саюзу мастакоў Беларусі, старшынём праўленьня Мастацкага фонду, кіраўніком Беларускага саюзу мастакоў. Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музэі, Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва, фондах Беларускага саюзу мастакоў і ў прыватных калекцыях па ўсім сьвеце.
У Леаніда Шчамялёва чацьвёра дзяцей ад двух шлюбаў, тры дачкі маюць мастацкую адукацыю. Больш за паўсотні гадоў побач муза, памочніца і дарадца — жонка Сьвятлана.