Прафэсар прапануе перасяліць «залаты мільён» беларусаў у «рэзэрвацыю»

Леанід Лыч

Сабраць мільён нерусыфікаваных жыхароў Беларусі і кампактна засяліць імі адмысловую тэрыторыю — 87-гадовы прафэсар Леанід Лыч прапанаваў уласны плян выратаваньня краіны.

Калі гэты варыянт не падыдзе, ёсьць іншы: 500 тысяч беларусаў за кошт дзяржавы і міжнародных арганізацыяў перасяліць у Аўстралію ці Канаду і забясьпечыць усім неабходным для самабытнага этнакультурнага разьвіцьця.

Нейкі час таму доктар гістарычных навук Леанід Лыч апублікаваў працу пад назвай «Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў як варыянт захаваньня іх этнакультурнай самабытнасьці»:

«Ніколькі не недаацаню сучасны патэнцыял беларускага народу сьцьвярджэньнем: толькі нейкая дзясятая частка яго здольная, мае схільнасьць, шчырае жаданьне да актыўнай стваральнай нацыянальна-культурнай дзейнасьці. Гэта значыць, у яе можна залучыць прыкладна 1 мільён беларусаў. Для астатніх 8–9 мільёнаў нашых супляменьнікаў такая дзейнасьць нішто, проста нуль», — піша гісторык.

У разважаньнях пра лёс тытульнай нацыі навуковец падае ўласны рэцэпт захаваньня беларускай ідэнтычнасьці — ізаляваць ідэйных беларусаў ад шкоднага зьнешняга ўплыву. А ці зьмянілася ягоная пазыцыя на фоне дэкляраванай лібэралізацыі?

Рэжым як гільятына для нацыянальнага жыцьця

Скразная ідэя дасьледчыка — засяліць спэцыяльную тэрыторыю сьвядомымі, адданымі прыродным культурна-моўным традыцыям жыхарамі Беларусі. Паводле разьлікаў аўтара, 20 тысяч квадратных кілямэтраў «нацыянальнай рэзэрвацыі» першым часам будзе дастаткова:

Выратаваць беларусаў ад выміраньня можна толькі адным спосабам — стварыўшы, на сорам усяму сьвету, своеасаблівую ўнутраную рэзэрвацыю

«Калі я кажу пра „рэзэрвацыю“, пра стварэньне нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў, гэта найперш скіравана на тое, каб абвастрыць праблему. Не сумняюся, што шмат у каго такая ідэя выкліча нязгоду, але людзі мусяць задумацца, пачаць разважаць. Я наперад ведаю, што яно зусім нерэальна. Перадусім на гэта ня пойдзе дзяржава, хоць вялікі сорам — называць сябе сувэрэннымі, існаваць чвэрць стагодзьдзя і ня вырашыць пытаньня, якое іншыя краіны рэалізуюць за нейкія 5–10 гадоў. У нас у гэтым пляне нічога ня робіцца. Нашу дзяржаўную палітыку сьмела можна назваць гільятынай для нацыянальнага самабытнага жыцьця. Вось чаму ў мяне і зьявілася такая думка — выступіць і паказаць народу, наколькі сурʼёзнае становішча з выжываньнем беларусаў як нацыі».

Суразмоўца кажа, што цалкам адмовіцца ад сваёй ідэі, калі пабачыць больш канструктыўныя, узважаныя і рэальныя прапановы наконт уратаваньня ад этнічнага выміраньня ўсяго ці часткі беларускага народу. А пакуль іх няма, канкрэтызуе: рэзэрвацыяй для расьсяленьня людзей у роднай культуры апрыёры ня можа быць тэрыторыя, прылеглая да Расеі. Там, словамі гісторыка, здаровы беларускі дух падтрымліваць будзе немагчыма. Больш прыдатныя дзеля гэтага, на яго думку, землі, прымежныя да Літвы ці Латвіі, надзейна адгароджаныя ад расейскай экспансіі:

«Калі б грамадзтва сапраўды моцна захацела свайго выратаваньня, то пайшло б на такі крок, хай і радыкальны. Бо сёньня яно ня можа сябе выратаваць ня толькі ў маштабах якога-небудзь абласнога горада, а нават у межах Ашмяншчыны, Глыбоччыны, Случчыны. Таму што і сельская мясцовасьць у нас ужо зрусыфікаваная, дый увогуле няма таго жыцьця, якое было характэрнае для беларускай вёскі на працягу некалькіх апошніх стагодзьдзяў. Адпаведна, выратаваць беларусаў ад выміраньня можна толькі адным спосабам — стварыўшы, на сорам усяму сьвету, своеасаблівую ўнутраную рэзэрвацыю».

Дасьледаваньне прафэсара Лыча

Дзе, на думку адмыслоўца, найбольш разумна было б раскінуць беларускае «нацыянальна-культурнае гета»? Адказ у прафэсара гатовы:

«Асабіста я ў якасьці такой рэзэрвацыі, вядома, выбіраў бы альбо сваю родную Вузьдзеншчыну, дзе яшчэ ў павазе нацыянальныя традыцыі, альбо Наваградчыну, якая ў свой час зь невялікага княства здолела перарасьці ў Вялікае Княства Літоўскае. І каб сёньня на той тэрыторыі стварыць беларускую нацыянальна-культурную аўтаномію, то, можа, ня толькі б захавалі беларускасьць у межах свайго арэалу, а і распаўсюджвалі б яе ў розных напрамках — на поўнач, на поўдзень, на ўсход і на захад. І паступова ператварылі б усю Беларусь у паўнавартасную беларускую дзяржаву».

Каб станоўча вырашылася пытаньне з кампактным расьсяленьнем беларускамоўных на літоўска-латвійскім памежжы, новаўтварэньне, на думку спадара Лыча, можна назваць Літоўскай нацыянальнай культурнай аўтаноміяй Рэспублікі Беларусь — тэрыторыя ЛНКА будзе ледзь ня ў цэнтры колішняга Вялікага Княства Літоўскага.

«Залаты мільён» як уратаваньне беларускага генафонду

Доктар гістарычных навук Леанід Лыч аргумэнтуе, што на плянэце Зямля ёсьць этнасы, людзкі патэнцыял якіх не перавышае нават псыхалягічнай мяжы — мільён асобаў. Але яны не адчуваюць аніякага страху за свой лёс, бо моцна трымаюцца за карані, не даюць заглушыць голас продкаў, адцясьніць на задні плян традыцыі чужой культурай.

Беларусь — справа іншая: не ў апошнюю чаргу зь віны розных палітычных рэжымаў 10-мільённы народ амаль цалкам адышоў ад культурна-моўных асноваў. А інтэграваўшыся ў чужыя каштоўнасьці, паставіў сябе на мяжу непазьбежнага этнічнага скону. Таму, перакананы суразмоўца, варта паспрабаваць уратаваць хоць бы тых, хто яшчэ здольны жыць паводле бацькоўскіх нацыянальна-культурных традыцыяў — «залаты мільён» беларускага генафонду:

«Мільён, наўрад ці больш. І пра гэта павінна не грамадзкасьць думаць, тым мусяць заклапаціцца ўлады. Трэба фінансаваць мерапрыемствы, якія, несумненна, запатрабуюць значных выдаткаў: стварыць нацыянальныя школы, унівэрсытэты, тэатры, каб усё было беларускім. Можа нават давялося б перасяляць людзей з аднаго месца ў іншае — упэўнены, на той жа Наваградчыне хапае тых, хто не прымае нічога беларускага, таму сваёй пазыцыяй будуць толькі шкодзіць. Канечне, я разумею, што гэта таксама маларэальна, але была б рацыя калі не мільён, то хоць бы 500 тысяч беларусаў за кошт дзяржавы і міжнародных арганізацый перасяліць у Аўстралію ці ў Канаду і са згоды іх урадаў забясьпечыць усім неабходным для самабытнага этнакультурнага разьвіцьця. Бо тая палітыка, якая вядзецца ў нас, арыентаваная на загубу беларускага народу».

Цікаўлюся ў суразмоўцы: ці не адчувае ён прынамсі касмэтычнага пераўвасабленьня цяперашніх уладаў? Апошнім часам нацыянальная ідэя нібыта не прымаецца ў штыкі, няма ранейшай ваяўнічасьці што да беларушчыны, пайшла нават так званая «мяккая беларусізацыя», у дзяржаўным сэктары паўстаюць ініцыятывы, якія пару гадоў таму цяжка было нават прадбачыць?

Your browser doesn’t support HTML5

Прафэсар Лыч пра ўратаваньне праз нацыянальна-культурную аўтаномію


«Нічога не зьмянілася, наадварот, становішча пагоршылася. Мы дайшлі да такой стадыі, што беларусаў нельга назваць беларусамі. Нельга іх назваць сёньня і тутэйшымі — тутэйшыя ведалі мову той зямлі, на якой жылі, а мы ўжо ня цягнем на такі статус, бо не жывём сваімі нацыянальна-культурнымі стандартамі. І што дзіўна, грамадзтва гэтага не разумее. Такая палітыка. Ну ці можна атрымліваць з рук прэзыдэнта прэмію за духоўнае адраджэньне, ведаючы, што ў нас ніякага адраджэньня не адбываецца? Вось каб за духоўнае выраджэньне — з гэтым яшчэ можна пагадзіцца. Таму з кожным годам толькі горш. Што характэрна, узнагароджваюць людзей, якія працуюць у кантэксьце рускай культуры на Беларусі. А працаваць па-за беларускай мовай, па-за нашай культурай, у рэчышчы іншых духоўных каштоўнасьцяў — нішто іншае, як самарусыфікацыя».

Як вобразна выказваецца Леанід Лыч, «падступная русыфікацыя ходзіць у нас не па двары, ня ў сенцах, а забралася ў самую хату». А вінаватыя найперш тыя, хто шырока расчыніў дзьверы перад няпрошанымі гасьцямі, якія бруднымі ботамі топчуцца па чыстай падлозе:

Пэрспэктывы на выжываньне пры той палітыцы, якую вядзе сёньня прэзыдэнцкая вэртыкаль, нулявыя

«Усё, што робіцца па лініі дзяржавы, больш адпавядае расейскаму інтарэсу, чым беларускаму. У нас ужо аднолькавая з Расеяй культурна-моўная прастора — расейская, не беларуская. І калі будзе рэалізаваная ідэя саюзнай дзяржавы — а ў Маскве тую задачу ніхто з парадку дня не здымаў — беларусам надыдзе канец. У Крамлі ведаюць, што нікуды Беларусь не падзенецца, гэта не Ўкраіна, якая будзе супраціўляцца нават у ваенным пляне. Беларусы на такое ня здатныя, зусім ня той мэнталітэт, што ва ўкраінцаў. Пэрспэктывы на выжываньне пры той палітыцы, якую вядзе сёньня прэзыдэнцкая вэртыкаль, нулявыя. Што адметна, гэтая палітыка не выклікае пратэсту ў шырокіх колаў грамадзтва. Супраць выступаюць нязначныя малаколькасныя рухі, якія ў цэлым народам не падтрымліваюцца. Таму ўсе ініцыятывы, якія ўзьнікалі як за апошнія 10 гадоў, так і на сучасным этапе, малаэфэктыўныя».

Павальная інэртнасьць як шлях да выміраньня

Нібыта ва ўнісон уладным структурам дэманструюць сваю інэртнасьць і тыя, на кім павінен трымацца нацыянальны дух, — робіць выснову Леанід Лыч. Сёе-тое робіцца, але, перакананы ён, высілкі настолькі павярхоўныя, што не даюць падставаў казаць пра пазытыўныя зрухі ў адраджэньні, пра далучэньне сьвежых сілаў. І ілюструе свой пэсымістычны настрой нядаўнім прыкладам:

«Зусім нядаўна, літаральна ў мінулую суботу, давялося прысутнічаць на канфэрэнцыі, прысьвечанай 500-годзьдзю беларускага кнігадрукаваньня. Мерапрыемства праводзілася ў Палацы мастацтваў і, здавалася, павінна было сабраць сотні людзей, мець аншляг. А ў залі сабралася... ня болей за 20 чалавек. Пра што гэта сьведчыць? Альбо мы ня ўмеем арганізоўваць людзей, альбо ў беларусаў велізарная пасіўнасьць датычна нацыянальна-культурнага адраджэньня. Сёлета можна правесьці шмат мерапрыемстваў — напрыклад, 100-годзьдзе Першага Ўсебеларускага кангрэсу. Але калі мы будзем на такія імпрэзы зьбіраць па 20 ці 50 чалавек, дык лепш увогуле ад іх адмовіцца, таму што яны лішні раз паказваюць, наколькі пасіўны ў нацыянальным пляне беларускі народ. На жаль...»

Леанід Лыч (першы зьлева) у пустой залі канфэрэнцыі

Прафэсар Лыч кажа, што ідэя нацыянальна-культурнай аўтаноміі, «добраахвотнай рэзэрвацыі» — не ягонае ноў-хаў. У сваёй працы ён адсылае перадусім да ініцыятывы дыплямата, паўстанца і кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага, які быў перакананы: насельніцтва ВКЛ, гвалтам далучанае да Расейскай імпэрыі, ня мае аніякіх пэрспэктываў захаваць сваю этнакультурную самабытнасьць і загіне пад магутным прэсам русыфікатарскай палітыкі. Таму лічыў неабходным стварэньне паасобнай правінцыі «Вялікае Княства Літоўскае».

Гэта ж дзіву даесься! Чым больш існуе наша „сувэрэнная“ краіна, чым даўжэй па тэрміне на пасадзе прэзыдэнта знаходзіцца Лукашэнка, тым меней у нас застаецца беларускасьці

Прыблізна тыя ж мэты перасьледавалі вызвольныя паўстаньні 1830–1831 і пазьнейшае 1863–1864 гадоў.

На самым пачатку ХХ стагодзьдзя актыўна выступала за нацыянальна-культурную аўтаномію ў межах фэдэратыўнай Расеі Беларуская сацыялістычная грамада. Узьняць тэму большага самакіраваньня спрабавалі беларускія хадакі ў першую Дзяржаўную Думу, хоць і бясплённа.

Збольшага таму, што жылі кампактна, у найноўшай гісторыі на чужых землях захавалі свой уклад крымскія татары, калмыкі, чачэнцы, інгушы, немцы, габрэі ды іншыя народы, якія ў кампанію сталінскіх рэпрэсіяў вымушана пакінулі свае радзімы.

Сёньня ў сваіх аўтаноміях усё гучней заяўляюць пра сябе каталёнцы і баскі ў Гішпаніі, ірляндцы і шатляндцы ў Вялікай Брытаніі. Нават індзейцы, зь якімі найперш асацыюецца любая згадка пра «рэзэрвацыю», здолелі за плотам захаваць адметнасьць, не растварыўшыся ў стракатым амэрыканскім грамадзтве.

Як прагназуе Леанід Лыч, ХХІ стагодзьдзе стане часам абуджэньня малых народаў. Праўда, на яго думку, няма пэўнасьці, што ад летаргічнага сну ўдасца адыйсьці беларусам:

«Гэта ж дзіву даесься! Чым больш існуе наша „сувэрэнная“ краіна, чым даўжэй па тэрміне на пасадзе прэзыдэнта знаходзіцца Лукашэнка, тым меней у нас застаецца беларускасьці. Такога прэзыдэнта, такой незалежнай дзяржавы не знайсьці ва ўсім белым сьвеце. Хоць пры гэтым мы бачым, што менавіта цяпер ідзе працэс абуджэньня, нацыянальнай актыўнасьці малых народаў. Нарэшце глябалізацыя выразна ім паказала: нічога ў вас не атрымаецца, калі будзеце ціхенька сядзець і чакаць нейкай дапамогі з боку ўсясьветных арганізацый — усё залежыць ад вас саміх. І, мне здаецца, раней ці пазьней павінен пачацца ўсеплянэтарны рух малых народаў за сваё нацыянальнае адраджэньне. Толькі вось думаю: а ці далучацца беларусы да тых народаў, якія стануць на шлях барацьбы за сваё выжываньне?»

Леанід Лыч нарадзіўся 8 лютага 1929 году ў вёсцы Магільнае на Ўзьдзеншчыне. Доктар гістарычных навук, прафэсар, публіцыст. Ягоны брат Генадзь Лыч — доктар эканамічных навук, акадэмік.

Пасьля школы вучыўся ў Менскім статыстычным тэхнікуме, скончыў гістарычны факультэт Башкірскага пэдагагічнага інстытуту ва Ўфе, працаваў настаўнікам.

Ад 1962 году — у Інстытуце гісторыі НАН. Дасьледаваў пытаньні сацыяльна-клясавых адносін у савецкі час, гісторыю беларускай культуры, моўную палітыку і міжнацыянальныя адносіны ў Беларусі ў XIX–XX стагодзьдзях. Адзін з аўтараў «Гісторыі Менску», «Гісторыі Беларускай ССР», «Нарысаў гісторыі Беларусі» і г.д. Цягам 1992–1996 гадоў узначальваў Тапанімічную камісію пры прэзыдыюме Вярхоўнага Савету Беларусі. Вядомы сваёй публіцыстыкай, прысьвечанай праблемам нацыянальнай культуры і моўнай палітыкі ў Беларусі.