Сёньня старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька перадаў у прыёмную грамадзянаў Міністэрства ўнутраных спраў зварот да міністра — чысты аркуш паперы.
Да прыёмнай МУС Лябедзька прыйшоў адзін, але ўвага да ягонай пэрсоны была вялікая: два відэаапэратары ў цывільным яго здымалі, а на розных баках вуліцы Гарадзкі Вал знаходзіліся чатыры міліцыянты ў чыне палкоўнікаў і падпалкоўнікаў.
Сэнс сваёй акцыі спадар Лябедзька патлумачыў:
«На вялікі жаль, падстава для наведваньня МУС дастаткова сумная, таму што тое, што адбылося 1 траўня — гэта проста жах, гэта „адрыжка савецкіх часоў“. Я тут выступаў адвакатам ня толькі свайго намесьніка Васіля Палякова, чалавека вельмі інтэлігентнага, спакойнага, якога прывезьлі ў суд у кайданках, правялі закрыты судовы працэс, не пусьцілі сына, які зараз павінен пайсьці служыць у войска.
Я перадаў начальніку прыёмнай, што палітыка палітыкай, але павінны быць і нейкія чалавечыя адносіны. Я расказаў і пра Аляксандра Кабанава, якога блякавалі ў кватэры і пакаралі 11 суткамі толькі за тое, што ён заявіў, што выйдзе ў цэнтар Берасьця з чыстым аркушам паперы. Што, у нас пачалі судзіць ужо за намер? Ён не ўчыніў яшчэ нічога, а яго судзяць! Гэта як ў байцы пра цыгана, які адпраўляе сына па малаком, дае збан і лупцуе: „А не разьбі збан“. У яго пытаюцца: „За што ты яго б’еш, ён жа нічога яшчэ не разьбіў“. „А тады позна будзе“, — адказвае цыган. Вось і ў нашых праваахоўных арганаў такія цыганскія замашкі.
Таму гэты чысты ліст паперы — з аднаго боку, такая акцыя салідарнасьці з Кабанавым, Севярынцам, Вінярскім, берасьцейскімі і баранавіцкімі актывістамі (больш за 10 чалавек за 1 траўня знаходзяцца за кратамі).
Другое — гэта прапанова міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу напісаць рапарт на гэтым аркушы і падаць у адстаўку.
Мне адказалі: на месца гэтага генэрала прыйдзе іншы. Я заўважыў, што 7 траўня — сумная дата: 18 гадоў таму зьнік „іншы“ міліцэйскі генэрал —Юры Захаранка.
Да таго ж я перадаў заяву палітычнай рады партыі, якую мы прынялі сёньня, наконт падзеяў 1 траўня. Палкоўнік у мяне заяву і чысты аркуш прыняў».
Анатоль Лябедзька паведаміў, што спадзяецца на рэакцыю, і прывёў прыклад, як пасьля ягонай ранейшай заявы, што ў адным з пастарункаў Савецкага раёну сьмярдзіць каналізацыя, там зрабілі рамонт. Аргумэнт быў такі: «Калі самім міліцыянтам ня сорамна там працаваць, то апазыцыянэрам, якіх туды прывозяць, сорамна за міліцыю».