10 сьнежня ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі Нацыянальны акадэмічны народны аркестар імя Жыновіча прэзэнтуе другую рэдакцыю мʼюзыкла-прыпавесьці «Апокрыф» да 125-годзьдзя Максіма Багдановіча.
Напярэдадні прэмʼеры ў Менску Свабода паразмаўляла з кампазытаркай Ларысай Сімаковіч.
— Што зьмянілася ў другой рэдакцыі спэктакля?
— У другой рэдакцыі была зьмененая толькі партытура. Але гэта звычайная справа для кампазытара. Так рабілі Шастаковіч, Моцарт, Бэтховэн. Для кампазытараў гэта ня дзіва. Я ўдзячная за такую магчымасьць. Спэктакль можна паслухаць толькі адзін раз. Працуючы над партытурай, толькі ты адзін чуеш музычны твор. Падкрэсьліваеш удалыя і менш удалыя моманты, карэлюеш іх. Вось у гэтым і сэнс другой рэдакцыі.
— Хто выконвае ролю Багдановіча?
— Пэрсоны Багдановіча ў спэктаклі няма. Багдановіч зьмясьціў «Апокрыф» на дзьвюх старонках, а ў мяне атрымалася аднаактовая музычная драма. Багдановіч прысутнічае ў тэкстах і вершах мʼюзыкла, але асобнага актора, які грае Багдановіча, тут няма.
— Што значыць Максім Багдановіч для вас асабіста?
— Вы сваім пытаньнем паставілі мяне ў няёмкае становішча. Для мяне адказаць на гэтае пытаньне — тое самае, што прызнацца ў каханьні. Маё стаўленьне да Багдановіча вы ўбачыце заўтра на спэктаклі. Прыходзьце і ўсё зразумееце. Я такім чынам прызнаюся Багдановічу ў каханьні.