Менская гарадзкая выбарчая камісія адмовіла ў задавальненьні скаргі прэтэндэнта ў дэпутаты Алеся Лагвінца на вынесенае яму папярэджаньне.
Акруговая выбарчая камісія Сухараўскай выбарчай акругі № 101 сьцьвярджае, што сябры ініцыятыўнай групы Лагвінца раздавалі друкаваныя матэрыялы і плацілі выбарнікам за подпісы. Сам прэтэндэнт у кандыдаты ня згодны з гэтым абвінавачаньнем.
Адмову ў задавальненьні скаргі Алесь Лагвінец лічыць цалкам прадказальным вынікам.
«Такі вынік быў зразумелы ад самага пачатку. Што тут камэнтаваць? У нас ёсьць дзеяньне, якое называецца „выбарчы працэс“, а саміх выбараў у нас няма, — сказаў у камэнтары Свабодзе Лагвінец. — Гэта ад самага пачатку было зразумела, і я рады, што можна скарыстоўваць магчымасьць выбарчай кампаніі, каб уздымаць праблемы, якія існуюць у грамадзтве, або паказваць тую несправядлівасьць, якую стварае рэжым.
Я гэта ў рамках кампаніі і зрабіў, і буду і далей рабіць, калі мяне раптам зарэгіструюць (кандыдатам у дэпутаты. — РС). Хаця ў рэгістрацыі мне, хутчэй за ўсё, адмовяць».
Ініцыятыўная група Алеся Лагвінца мае ўжо два папярэджаньні з боку ўладаў. Паводле выбарчага заканадаўства гэта можа стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.