Курс рубля пачалі вызначаць паводле новай формулы

На Беларускай валютна-фондавай біржы адбыліся першыя таргі ў новым рэжыме. Гандлёвая сэсія ад сёньня скарачаецца да паўтары гадзіны, публікацыя афіцыйных курсаў пераносіцца з ранейшых 11:00 раніцы на 13:00. Па выніках экспэрымэнтальных таргоў рубель нязначна ўмацаваўся да асноўных валютаў — эўра, даляра і расейскага рубля.

Пачынаючы ад 1 чэрвеня, Нацыянальны банк увёў новы мэханізм фармаваньня курсу рубля, а таксама забараніў набыцьцё і продаж валюты па заяўках прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Адзінае выключэньне — абавязковы продаж 30 працэнтаў валютнай выручкі. Апэрацыі ж, не зьвязаныя з абавязковай рэалізацыяй, будуць цяпер ажыцьцяўляцца на пазабіржавым сэгмэнце валютнага рынку — наўпрост паміж кліентамі і банкамі. Вынікае, што ад гэтага часу для характарыстыкі валютнага рынку Беларусі трэба будзе выкарыстоўваць ня толькі біржавы курс рубля, але і курсы, па якіх банкі прадаюць валюту прадпрыемствам ці гандлююць паміж сабой.

У Нацбанку прычыны навацыяў тлумачаць расплывіста — маўляў, гэта зроблена ў сувязі з увядзеньнем «рэжыму бесьперапыннага двайнога аўкцыёну з улікам асаблівасьцяў яго функцыянаваньня». Апошнія захады рэгулятара «расшыфроўвае» аналітык афіцыйнага партнэра «Альпары» ў Менску Вадзім Іосуб:

Вадзім Іосуб

«Што на дадзены момант зразумела? Раней валютны рынак быў, па сутнасьці, адзіны, біржавы. Вельмі невялікая частка таргоў прыпадала на міжбанкаўскі рынак, дакладней, на пазабіржавыя зьдзелкі паміж кліентамі і банкамі. Цяпер рынак стане сэгмэнтаваны, зьявяцца два асноўныя сэгмэнты. Па-першае, біржавы рынак, дзе будуць самастойна выстаўляць заяўкі банкі і дзе прадпрыемствы будуць рабіць абавязковы продаж валюты. Усе астатнія зьдзелкі прадпрыемстваў — іншы продаж валюты і любая яе купля — будуць ісьці непасрэдна з банкамі, у якіх кліент абслугоўваецца. Іншымі словамі, кожнае прадпрыемства будзе тэлефанаваць у свой банк, узгадняць курс куплі ці продажу. Банк пры гэтым будзе арыентавацца на афіцыйны курс, які будзе складацца на біржы, але зьдзелкі паміж прадпрыемствамі і банкамі будуць ісьці па курсах, якія адрозьніваюцца ад біржавога. Наколькі яны будуць адрозьнівацца — даведаемся крыху пазьней».

Такім чынам, па выніках першых таргоў у новым фармаце сярэднеўзважаны курс даляра склаў 14 815 за 1 даляр, эўра — 16 154, расейскага рубля — 278,75. Адбылося нязначнае ўмацаваньне да ўсіх валют у параўнаньні з таргамі пры канцы мінулага тыдня, што знайшло сваё адлюстраваньне і ў абменных пунктах — бальшыня банкаў зьнізілі даляравы курс у сярэднім на 100 рублёў.

Ці будзе захоўвацца тэндэнцыя на ўмацаваньне нацыянальнай валюты, або варта чакаць яе аслабленьня? Кіраўнік Клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін кажа, што пакуль пэўнасьці няма нават сярод адмыслоўцаў:

«Пачакаем дзень-два і паспрабуем зразумець, што азначае пазабіржавы курс. У пастанове Нацбанку ўказана, што рэгулятар вызначае сярэднеўзважаны курс. Нібыта дадзена распараджэньне банкам ня браць дадатковай камісіі з кліентаў, таму паглядзім. Бо ў чацьвер і пятніцу я абтэлефаноўваў калегаў у банках, і тыя самі ўцямна не маглі сказаць, як і што будзе. Тым ня меней спадзяюся, што за сёньня-заўтра ўсё стане на свае месцы і фактычна курс будзе вызначацца, зыходзячы зь біржы, і далей можа адхіляцца ад біржавога — значыць, павялічвацца на 0,5–1%. Гэта курс, па якім імпартэры — юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі — будуць задавальняць свае патрэбы ў валюце».

У сваю чаргу, фінансавы аналітык Вадзім Іосуб ня лічыць, што новы фармат таргоў павінен аўтаматычна ўплываць на зьніжэньне курсу беларускага рубля:

«Зьмена рэжыму таргоў непасрэдна на курс у пляне яго росту ці зьніжэньня ўплываць ніяк ня будзе. Хутчэй за ўсё, на першым часе павялічыцца валятыльнасьць, то бок памер штодзённых ваганьняў курсу. Зноў жа, па першым часе ў абменных пунктах можа павялічыцца розьніца паміж купляй і продажам. Але казаць, што сам па сабе новы рэжым неяк паўплывае на курс рубля, я не стаў бы. Тым больш, калі пакуль што няма паўнавартасных вынікаў нават першых таргоў».

Экспэрты адзначаюць, што пайсьці на такія навацыі Нацыянальны банк мусіў пад ціскам Міжнароднага валютнага фонду. Таму, як адзначае Андрэй Карпунін, па вялікім рахунку сёньняшнія захады вытрыманыя ў рэчышчы рынкавых абавязаньняў, узятых на сябе беларускім урадам:

Андрэй Карпунін

«Найперш, гэта адзін з пунктаў, па якіх на нас ціснуў Міжнародны валютны фонд. Па-другое, гэта ўсё ж паказвае менавіта на рынкавасьць курсаўтварэньня, а не на жорсткую пазыцыю Нацбанку ў справе вызначэньня курсу. Таму гэта больш-менш нармальны крок, толькі яшчэ паглядзім, наколькі празрыстая будзе сама працэдура. Прынамсі, цяпер у нас, у кліентаў банкаў, ёсьць выбар: дзень трэба будзе пачынаць з абзвону некалькіх банкаў, зь якімі кожнае прадпрыемства працуе, каб вызначыць,у каго больш выгадныя ўмовы на набыцьцё валюты. Упэўнены, што ўжо заўтра ў другой палове дня, гаворачы па-простаму, на рынку «ўстаканіцца».

Выканаўчая рада МВФ тым часам падсумавала вынікі кансультацыяў зь беларускім урадам. Згодна з тэкстам справаздачы, Беларусь застаецца непадрыхтаванай да эканамічных шокаў, што прадэманстравала сытуацыя на валютным рынку і рынку даўгавых абавязаньняў пры канцы мінулага году. Частыя пэрыяды ўжываньня мераў макраэканамічнай палітыкі, накіраваныя на стымуляваньне эканомікі, ва ўмовах высокай структурнай нягнуткасьці справакавалі падвышэньне тэмпаў інфляцыі і ўзмацненьне зьнешніх дысбалянсаў. Усё гэта паставіла краіну ў залежнасьць ад эпізадычнай зьнешняй падтрымкі.

Прагноз экспэртаў МВФ сьведчыць пра рэцэсію і захаваньне зьнешняга ціску. З улікам таго, што Расея, найбуйнейшы гандлёвы партнэр Беларусі, перажывае эканамічны спад, прагназуецца, што ў 2015 годзе беларуская эканоміка скароціцца на 2,5%, у першую чаргу з прычыны зьніжэньня аб’ёму экспарту. Чакаецца, што дэфіцыт рахунку бягучых апэрацыяў застанецца прыблізна на ўзроўні 7% ВУП, павялічваючы значныя патрэбы ў фінансаваньні. Паводле прагнозаў, у гэтым годзе дэвальвацыя спрычыніць рост інфляцыі да 22%, нягледзячы на слабы ўнутраны попыт. У сярэднетэрміновай пэрспэктыве чакаецца, што абмежаваньні ў фінансаваньні выклічуць карэкціроўку рахунку бягучых апэрацыяў, а з прычыны структурнай нягнуткасьці рост застанецца нізкім.