Пратэст пад рэстарацыяй у Курапатах: дзе Статкевіч, АГП, БНФ ды іншыя партыі?

Пратэстоўцы ля рэстарацыі ў Курапатах, 5 чэрвеня

Беларускія актывісты і палітыкі пратэстуюць супраць адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим», але мітынг пад брамай комплексу нешматлюдны: 10-15 чалавек. Дзе астатнія і якая пазыцыя палітычных партыяў?

Усе апытаныя лідэры партыяў і рухаў выступаюць супраць дзейнасьці забаўляльнай установы ў Курапатах — ля месца, дзе ў часы сталінскіх рэпрэсіяў былі расстраляныя дзясяткі, калі ня сотні тысяч чалавек. Многія таксама ўпэўнена заяўляюць пра незаконнасьць будоўлі. Пратэсты ідуць з пачатку чэрвеня, актывісты абвясьцілі штодзённую вахту пад брамай рэстарацыі, але чаму яна нешматлюдная?

АГП

Карэспандэнты Свабоды не заўважалі чальцоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі на пратэсьце пад рэстарацыяй.

Старшыня камісіі рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў АГП Уладзімер Раманоўскі апублікаваў 5 чэрвеня артыкул «Рэстарацыя ў Курапатах — гэта дзяржаўнае сьвінства», дзе хваліць пратэстоўцаў і выказвае падазрэньне аб карупцыйным складніку будаўніцтва. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька пацьвярджае Свабодзе: гэта пазыцыя ўсёй партыі.

Анатоль Лябедзька

Менавіта наконт пратэсту пад брамай АГП «вядзе кансультацыі ў фармаце Правацэнтрысцкай кааліцыі», кажа Лябедзька, каб вырашыць, як «прывесьці да завяршэньня» сытуацыю з рэстарацыяй і «што прапанаваць, акрамя таго, што ўжо робіцца». Акрамя таго, шмат чальцоў АГП не бяруць удзелу праз падрыхтоўку да кангрэсу партыі — Лябедзька кажа, сам толькі нядаўна вярнуўся з паездак па рэгіёнах.

БНФ

Рыгор Кастусёў

На пратэсьце пад рэстарацыяй быў шэраг чальцоў Беларускага народнага фронту «Адраджэньне», у тым ліку намесьнік старшыні Аляксей Янукевіч і старшыня Моладзі БНФ Ганна Сьмілевіч, кіраўнік менскай гарадзкой арганізацыі Зьміцер Касьпяровіч. Старшыня партыі Рыгор Кастусёў кажа Свабодзе, што палова, калі ня большая частка пратэстоўцаў — сябры БНФ.

Пазыцыя партыі, кажа ён, такая: забаўляльнай установы побач з Курапатамі не павінна быць, а калі забыць пра забітых у Курапатах людзях, то іхны лёс могуць паўтарыць тыя, хто жыве цяпер.

БХД

Павал Севярынец

Сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец — адзін з самых актыўных удзельнікаў пратэстаў пад рэстарацыяй. Ён заяўляў і пра маральную недапушчальнасьць «карчмы на костках», і пра незаконнасьць будоўлі, казаў, што, «калі спатрэбіцца, людзі за Курапаты будуць стаяць насьмерць».

«Гавары праўду»

Тацяна Караткевіч

Карэспандэнты Свабоды не заўважалі сяброў руху «Гавары праўду» на пратэсьце. Лідэрка кампаніі Тацяна Караткевіч кажа Свабодзе, што «Гавары праўду» салідарная з пратэстоўцамі і супраць забаўляльных установаў побач зь месцам масавых рэпрэсіяў, але наконт таго, як пратэставаць, у кампаніі «пазыцыя адкрытая».

«Гавары праўду», кажа яна, салідарная з пратэстоўцамі, удзельнічае па магчымасьці ў розных пратэстах супраць забудовы Курапатаў, сочыць за сытуацыяй. Сябры кампаніі «могуць выбіраць, як удзельнічаць», кажа Караткевіч; ёсьць тыя, хто зьвяртаецца да розных крыніц, каб даведацца пра ўладальніка рэстарацыі і як дапусьцілі будаўніцтва.. Асабіста яна падпісала пэтыцыю і распаўсюдзіла яе сярод прыхільнікаў кампаніі.

«За свабоду»

Юрась Губарэвіч

Сярод пратэстоўцаў ёсьць чальцы руху «За свабоду», кажа Свабодзе яго старшыня Юрась Губарэвіч, але «казаць пра нейкую іншую масавасьць не выпадае — людзі самаахвярна выступаюць супраць гэтага прадпрыемства». Рух асуджае пабудову рэстарацыі, забаўляльная ўстанова не павінна ў такім фармаце працаваць побач зь месцам масавых расстрэлаў.

КХП БНФ

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ пасьлядоўна выступала за ўшанаваньне Курапатаў і супраць забудовы ўрочышча. Менавіта ейны лідэр Зянон Пазьняк 30 гадоў таму апублікаваў першы артыкул з праўдай пра расстрэлы ў Курапатах, да гадавіны публікацыі КХП зладзіла мітынг ва ўрочышчы, дзе ў тым ліку заявіла пра незаконнасьць і амаральнасьць рэстарацыі ў Курапатах.

Алесь Чахольскі

Алесь Чахольскі — адказны сакратар управы КХП БНФ і старшыня камісіі сойму КХП у праблемах Курапатаў — выступаў 8 чэрвеня пад рэстарацыяй, падтрымаў і пратэст пад брамай, і іншыя мэтады процістаяньня. Ён зьвярнуўся да пастаўшчыкоў прадуктаў у рэстарацыю, каб яны разарвалі кантракты, «каб ня ўдзельнічаць у злачынствах», таксама расказаў, што інфармуе амбасады іншых дзяржаваў.

У партыі, кажа ён, «мы думаем, як прыняць больш актыўны ўдзел, але пакуль не раскрываем, як гэта будзе і што». Маўляў, «добра, што праца ўстановы цяпер блякуецца», але трэба і «спыніць замовы, якія туды паступаюць, што яны потым развозяць, і спыніць іхную дзейнасьць з 12 да 24 гадзінаў».

«Народная грамада» і БНК

Мікола Статкевіч

Лідэр «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» і БСПД «Народная грамада» Мікола Статкевіч не прысутнічаў на пратэстах. Статкевіч падрабязна апісваў сваю пазыцыю на Facebook: галоўная прычына існаваньня будоўлі — гэта «нічым не абмежаваная ўлада адной асобы» ў краіне, трэба змагацца супраць гэтага. Ён пісаў, што падтрымлівае дзейнасьць актывістаў, але возьме ўдзел у пратэстах, «калі абаронцы Курапатаў арганізуюць акцыю пратэсту ў цэнтры сталіцы».

Чытайце таксама:

Пратэстоўцы вяртаюцца пад рэстарацыю ў Курапатах. УЖЫВУЮ

Беларускія пісьменьнікі выступілі супраць адкрыцьця рэстарацыі ў Курапатах

Лідэр «Маладога фронту» Дашкевіч тлумачыць, што далей рабіць з Курапатамі

Хто валодае рэстарацыяй «Поедем поедим» у Курапатах

Асноўнае пра Курапаты: хто там расстрэльваў, каго забівалі, хто ўшаноўвае памяць ахвяраў