Сяргей Пальчэўскі, прыкаваны кайданкамі да МАЗа, і Зьміцер Дашкевіч зь бел-чырвона-белым сьцягам на даху трактара — яскравыя вобразы абаронцаў Курапатаў на пяты дзень супрацьстаяньня.
24 лютага а палове на дзясятую раніцы на будаўнічай пляцоўцы па вуліцы Мірашнічэнкі, 49 аднавіліся работы: прыехала шмат новай тэхнікі, пачалі капаць катлаван. Актывісты, якія правялі ноч у Курапатах, не маглі гэтаму супрацьстаяць.
Шмат хто з абаронцаў ня быў дома ўжо некалькі дзён, пасьпяваў толькі коратка паспаць у машынах. Да таго ж, юнакі вырашылі выходзіць у «начны патруль» па двое, каб прадухіліць магчымыя правакацыі.
— Праблема ў тым, што позьнім вечарам тут «тусоўка», усім файна. Але на золку застаюцца тры чалавекі, і яны фізычна ня могуць супрацьстаяць групе рабочых, тыя іх проста адштурхоўваюць. Таму раніца — самы цяжкі час, калі мы найбольш безабаронныя, — сказаў Свабодзе актывіст Павал Сітнік.
Пакуль мы гутарым, маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі моўчкі падышоў да прыпаркаванага МАЗа, лёг на зямлю і прыкаваў сябе кайданкамі да бампэра. Яго імгненна акружылі блогеры, фатографы, а таксама «апэратары» ў цывільным.
«Буду ляжаць, пакуль ня здохну!»
30-гадовы Пальчэўскі — актывіст «Маладога Фронту», удзельнік гучных вулічных акцыяў апошняга часу, падчас якіх яго ня раз затрымлівалі. Праз сваю дзейнасьць быў звольнены з працы.
— Я пайшоў на такі радыкальны крок, бо цярпець гэта мы не зьбіраемся. Буду ляжаць, пакуль ня здохну ці пакуль будоўлю ня спыняць! — сказаў ён.
Паплечнікі прынесьлі гумовы дыванок і падклалі пад Пальчэўскага, накрылі коўдрамі, абклалі плястыкавымі бутэлькамі з гарачай вадой.
— Я адчуваю сябе добра, толькі рукі мерзнуць...
Тады нехта надзеў яму на рукі пальчаткі. Мясцовыя жыхары працягвалі падносіць цёплыя рэчы для Сяргея, паілі хлопца гарбатай.
— Давялі чалавека! Колькі можна зьдзекавацца з народу? Яму ж, бедненькаму, холадна на зямлі ляжаць, — жанчына сталага веку выйшла з падʼезду суседняга дому і шкадуе абаронцаў, ня стрымліваючы сьлёз. Тым часам рабочыя камэнтуюць учынак Пальчэўскага са сьмехам. «Дэбіл!» — лаюцца яны.
Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч уступіў у спрэчку з рабочымі. Ад словаў абодва бакі хутка перайшлі да дзеяньняў: завязалася штурханіна. Дашкевіч крыкнуў: «Вы ня будзеце тут нічога будаваць! Спыніцеся! Яшчэ дзякаваць нам будзеце!». Дашкевіч паспрабаваў залезьці на бульдозэр, яго тузалі, білі, камечылі куртку, у паветры лёталі будаўнічыя каскі.
Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным ня ўмешваліся.
Урэшце Дашкевіч узьлез на трактар і сеў на даху. Хтосьці перадаў яму тэрмас з гарбатай і бел-чырвона-белы сьцяг. Пальчэўскі працягваў «маўклівы пратэст», лежачы ў кайданках.
«Калі трэба будзе, завяду машыну і паеду», — спакойна кажа карэспандэнтцы Свабоды адзін з рабочых.
Усё доўжылася больш за дзьве гадзіны, пакуль не прыехалі супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях і хуткая дапамога. Пальчэўскага, верагодна, зьбіраліся затрымаць невядомыя ў цывільным, але мясцовыя жыхары і актывісты сталі ў кола і не падпусьцілі іх.
Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях адчапілі Сяргея Пальчэўскага ад бампэра МАЗа, а сябры павялі адагравацца да вогнішча. Зьлез з трактара і Дашкевіч.
Пратэстоўцы па-ранейшаму кажуць, што ня сыдуць зь лягера, пакуль забудоўнік ня спыніць усе працы каля ўрочышча.
— Самі бачыце рэакцыю людзей. Учора нас разганяюць, а на наступны дзень тут ужо цэлы натоўп, — кажуць яны.