Крысьціяна Шынкевіча адлічылі зь Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка. Афіцыйна прычына — «невыкананьне абавязкаў навучэнца». Студэнт другога курсу, у сваю чаргу, упэўнены, што адлічылі яго за грамадзкую дзейнасьць і крытычныя пасты ў твітэры.
«Патэлефанавалі з дэканату, сказалі, што я адлічаны», — напісаў Шынкевіч у сваім твітэры.
Сябра Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Крысьціян Шынкевіч быў затрыманы на офісе праваабарончага цэнтру «Вясна» раніцай 25 сакавіка. Ён меўся быць назіральнікам на Дні Волі. Шынкевіча даставілі ў РУУС Першамайскага раёну, але потым адпусьцілі.
У нядзелю 26-га студэнта затрымалі ў падземным пераходзе на Кастрычніцкай плошчы. Суткі ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. Яго асудзілі па артыкуле 17.1 КаАП — за лаянку ў грамадзкім месцы — і далі штраф 20 базавых велічыняў.
У выпісцы з загаду напісана, што адлічылі яго за «сыстэматычнае невыкананьне абавязкаў навучэнца». Загад датаваны 24 сакавіка — мінулай пятніцай. Але дэканат паведаміў пра адлічэньне толькі 28 сакавіка.
Шынкевіч упэўнены, што яго адлічылі за грамадзкую дзейнасьць. Яшчэ на мінулым тыдні яго двойчы выклікалі ў дэканат і папярэджвалі, каб ён не пісаў крытычных пастоў пра пэдунівэрсытэт.
«Я пісаў пра тыя цяжкасьці, якія ёсьць у ВНУ, — сказаў Шынкевіч Свабодзе. — Напрыклад, што няма паперы ў прыбіральнях».
Таксама ён пісаў пра тое, што студэнтаў прымушаюць прыходзіць ва ўнівэрсытэт 25 сакавіка, рабіў онлайн-уключэньне з дэканату. На мінулым тыдні ён напісаў заяву на акадэмічны адпачынак. Але сёньня стала вядома пра яго адлічэньне.
«Цяпер у мяне будзе больш часу для грамадзкай дзейнасьці, — сказаў Шынкевіч. — Адукацыю я буду працягваць за мяжой».