Your browser doesn’t support HTML5
Спадар: «Зьменшыўся заробак недзе на паўмільёна. Скасавалі дабаўкі ўсялякія. Унутрана пратэстую, канечне ж».
Спадар: «Вядома ж, зьмяніўся. На тыя ж 50% ён упаў. Дваццаць гадоў пратэстую, а што толку? І дваццаць гадоў наперад будзе такі жа пратэст. Ніякага выйсьця ў бліжэйшы час ня будзе. Гэта сто працэнтаў».
Спадар сталага веку: «Пэнсія дужа малая. Людзі атрымліваюць па 20 мільёнаў, па 10. А мы ж маем па два з паловай. Пражываем абы як. Трэба дабаўляць пэнсію».
Спадарыня: «Нам толькі перад Новым годам узьнялі заробак. Здаецца ўздыхнулі ціхенька, а тут на табе — апусьцілі, ды яшчэ болей. Было 300 даляраў, а стала 200. Вядома ж ,мы працуем, але нам за гэта ня плацяць як сьлед».
Спадар: «Заробак у даляравым эквіваленце ўпаў, канечне ж. Адносна цэнаў замалы. У той жа Эўропе заробак значна вышэйшы, а цэны такія, як у нас, а то ў нас яшчэ і даражэйшыя. У нас у дзяржаве гнілая сыстэма. Але з сыстэмай чалавеку змагацца няма ніякіх магчымасьцяў. Таму цярпім».
Спадарыня: «Дык нічога ж не дабаўлялася — ні пэнсія, ні заробкі. Але, як мы кажам: «Абы спакойна было, а ўсё астатняе перажывём».
Спадар сталага веку: «Я ваенны пэнсіянэр, дык у мяне пэнсія нармальная, але ўпала на 150 даляраў. Адчуваецца, само сабой. У эканоміцы ў нас нешта ня так, але народ цярпіць. Думаю, што варта было б павысіць пэнсію».
Спадар: «Зьменшыўся заробак. Адчувальна. На тысяч 300-400. Цяпер чатыры мільёны, а было некалі пяць. Хацелася б паболей. Але, што паробіш. Дзе цяпер заробіш больш?».
Спадар: «Вядома ж адносна даляра, то зьменшыліся. Зразумець сытуацыя цяжка, бо поўнай інфармацыяй не валодаем. А так краіне цяжка — дзе, што ёй браць? Таму даводзіцца разумець».
Спадар: «Асабіста на сабе я гэта не адчуў, аднак па тых, хто побач, бачу, што праблема ёсьць. Праблемы вырашальныя. Пратэст — гэта ж не канструктыўная пазыцыя. Трэба глядзець пазытыўна на жыцьцё».
Спадарыня сталага веку: «Зьменшыліся не на 40%, а на больш. Душы нанесена чарговая рана. Колькі ўжо гадоў мы б’ёмся ад адной дэвальвацыі да другой, намагаемся неяк выжыць. Думаецца, калі ж гэта ўрэшце ўсё скончыцца?».