Бізнэсоўца Кныровіча абвінавацілі ў нясплаце падаткаў больш як на 3 мільёны рублёў. Рэпартаж з суду

Аляксандар Кныровіч

У Менску 18 красавіка пачаўся суд над беларускім бізнэсоўцам і блогерам Аляксандрам Кныровічам, якога вінавацяць у нявыплаце падаткаў на буйную суму і хабарніцтве. Працэс вядзе судзьдзя Юлія Крэпская.​

Аляксандар Кныровіч (справа за кратамі) разам зь іншымі падсуднымі па справе

Былога памежніка, вэтэрана Аўганістану, хворага на рак, ня вызвалілі на час суду

Ігар Максімаў быў затрыманы 25 студзеня 2017 года, як і Аляксандр Кныровіч, і з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. Абаронца мяркуе, што яе падабаронны не ўцячэ падчас суду.

Ігар Максімаў у судзе

Пасьля высьвятленьня асобаў падсудных адвакатка Максімава прасіла суд зьмяніць яму меру стрыманьня на падпіску пра яўку ў суд. Адвакатка спасылалася на стан здароўя Максімава, які перанёс шэраг цяжкіх апэрацыяў і стаіць на ўліку ў анкалягічным дыспансэры.

Таксама адвакатка паведаміла пра Максімава, што ў часы СССР ён служыў у Памежных войсках КДБ, быў удзельнікам баёў у Аўганістане, па дадзенай справе цалкам прызнаў сваю віну і даваў на сьледзтве прызнальныя паказаньні.

Судзьдзя аднак вырашыла не задавальняць хадайніцтва абаронцы Максімава, спаслаўшыся на цяжкасьць інкрымінаванага яму злачынства і законнасьць арышту.

Хабар у тысячу рублёў, 5 тысяч, 10 тысяч, каньяком

Пракурорка Аксана Саковіч пачала зачытваць абвінавачаньне былому намесьніку дырэктара «СарматТэрма-Інжынірынг» Яўгену Папоўскаму.

Яўген Паплаўскі

Паводле сьледзтва, Папоўскі «супольна з Аляксандрам Кныровічам» перадаваў хабар адказным супрацоўнікам ЖКГ ды іншым кіраўнікам за спрыяньне ў бізнэсе, перамогу ў тэндэры на пастаўку прадукцыі фірмы і за пагашэньне запазычанасьці перад фірмай. «Такса» нібыта была роўнай 4% ад угоды на пастаўку прадукцыі фірмы.

Былі названыя сумы хабараў, якія Папоўскі, паводле сьледзтва, перадаваў адказным супрацоўнікам дзяржаўных і камунальных прадпрыемстваў, каб дамагчыся ад іх садзеяньня і аддзячыць за паслугі. У 2016 годзе Папоўскі ў менскім офісе сваёй кампаніі нібыта перадаў 5 тысяч рублёў супрацоўніку «Брэстжылбуду». Таксама ён перадаў 1 тысячу рублёў у аўтамабілі на вуліцы Маскоўскай. Трэці хабар — 10 тысяч рублёў плюс бутэлька армянскага каньяку «Арарат» — перадаваўся, паводле сьледзтва, супрацоўніку «Брэстэнэрга», адказнаму за закупкі, у студзені 2017 году ў будынку «Брэстэнэрга» і на аўтатрасе каля вёскі Федзькавічы пад Берасьцем. Пасьля перадачы гэтага хабару Папоўскі быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ.​

Андрэй Кускоў

Андрэй Кускоў як вядучы спэцыяліст, адказны за фінансы, садзейнічаў ухіленьню «СарматТэрма-Інжынірынг» пад кіраўніцтвам Аляксандра Кныровіча ад падаткаў у вялікім памеры, мяркуюць сьледчыя, у тым ліку з удзелам расейскай фірмы-пасярэдніка.

«Узгадніў з Кныровічам рух фінансавых сродкаў», — сьцьвярджаюць сьледчыя пра Андрэя Кускова.

Таксама, паводле сьледзтва, у злачынныя дзеяньні з ухіленьнем ад падаткаў быў уцягнуты і намесьнік дырэктара фірмы па фінансах Ігар Максімаў, ухіленьню ад падаткаў спрыяў і былы дырэктар «СарматТэрма-Інжынірынг» Уладзімер Дашкевіч.

Уладзімер Дашкевіч

Злачынная дзейнасьць Аляксандра Кныровіча ва ўхіленьні ад падаткаў, паводле сьледзтва, пачалася яшчэ ў 2008 годзе і цягнулася да 2017 году. Як мяркуе абвінавачаньне, яму дапамагалі Дашкевіч, Максімаў і Кускоў: «заніжалі базу для падаткаабкладаньня, скажалі справаздачнасьць, што прыводзіла да зьніжэньня падатку на прыбытак».

Як мяркуюць сьледчыя, для ўхіленьня ад падаткаў Кныровічам у Расеі была зарэгістраваная падкантрольная камэрцыйная структура-пасярэднік, якая «дазваляла неабгрунтавана завышаць затраты». Таксама, паводле сьледзтва, Кныровіч прадумаў і ўзгадніў з падначаленымі «сыстэму бясьпекі» для сваёй незаконнай дзейнасьці.

Усяго Кныровічу паставілі ў віну больш за 3,3 мільёна рублёў (1,6 мільёна даляраў) нявыплачаных падаткаў. Паводле сьледзтва, Кныровіч вінаваты і ў арганізацыі хабарніцтва ў трох эпізодах: 5 тысяч рублёў і 1 тысячы рублёў у Менску і 10 тысяч рублёў з бутэлькай каньяку «Арарат» у Берасьці.

***

​КДБ арыштавала бізнэсоўцу і блогера Кныровіча ў студзені 2017 году, з таго часу яго трымалі пад вартай у СІЗА КДБ. Аляксандар Лукашэнка амаль адразу па затрыманьні Кныровіча заяўляў аб адназначнай вінаватасьці бізнэсоўца: маўляў, «таўро на ім ставіць няма дзе».

Хто такі Кныровіч