Дональд Трамп зрабіў гэтую заяву у час выступу перад Генэральнай асамблеяй ААН у мінулым месяцы. Да цяперашняга канфлікту ЗША з КНДР Паўночная Карэя ня раз наўпрост пагражала ЗША ядзерным ударам.
«Можна сказаць, што Трамп запаліў кнот вайны супраць нас сваёй мілітарысцкай і шалёнай заявай у ААН», — заявіў ТАСС паўночнакарэйскі міністар замежных спраў Лі Ён. Ён дадаў, што ЗША «павінны дзейнічаць разумна і перастаць правакаваць» Паўночную Карэю.
12 фактаў і цытатаў пра канфлікт паміж Паўночнай Карэяй і ЗША
Тым часам як Трамп разважае пра магчымыя ваенныя ўдары па Паўночнай Карэі, узброеныя сілы ЗША разам з узброенымі сіламі Паўднёвай Карэі і Японіі ў аўторак правялі супольныя ракетныя вучэньні на ўсходнім і заходнім узьбярэжжах Карэйскага паўвострава.
Таксама ў час, калі ў Японскім і Жоўтым морах стратэгічныя бамбавікі і зьнішчальнікі ЗША і іхных саюзьнікаў праводзілі вучэбныя стрэльбы, Трамп сустрэўся са сваёй камандай экспэртаў у нацыянальнай бясьпецы, каб абмеркаваць «варыянты адказу на любую форму агрэсіі з боку КНДР або, у выпадку неабходнасьці, прадухіленьня ядзерных пагрозаў з боку КНДР у адрас ЗША і іх саюзьнікаў», паведамляецца ў заяве прэс-сакратаркі Белага дому Сары Хакабі Сандэрс.