Пакуль у Сынгапуры рыхтуецца гістарычная сустрэча кіраўнікоў Злучаных Штатаў Амэрыкі і Паўночнай Карэі, Свабода згадвае, як у Беларусь у савецкі час прыяжджаў Кім Ір Сэн, дзядуля цяперашняга кіраўніка КНДР.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын маюць сустрэцца ў Сынгапуры зранку ў аўторак, Трамп абяцае «ўздымаць усе пытаньні», пачынаючы з адмовы КНДР ад ядзернай зброі. Жыхары Паўднёвай Карэі спадзяюцца на посьпех саміту.
34 гады таму, у траўні 1984 году ў Менску сустракалі Кім Ір Сэна — пазамінулага лідэра КНДР, дзядулю Кім Чэн Ына. Той прыбыў у Савецкі Саюз на бронецягніку, бо баяўся лятаць самалётам.
«Калі картэж з генэралісімусам паехаў па беларускай сталіцы, целаахоўнікі таварыша Кіма апусьцілі шкло ў лімузінах і выставілі аўтаматы, — пісаў Сяргей Навумчык. — Трэба меркаваць, супрацоўнікі КДБ, якія адказвалі за ахову, аж спатнелі: да гэтага менчукоў ад непрадказальных гасьцей надзейна ахоўвала куленепрабівальнае шкло, а цяпер адзін нягеглы рух мог скончыцца трагедыяй — людзей жа вывелі на праспэкт махаць паўночнакарэйскімі сьцяжкамі. Дзякуй Богу, ва ўрадавую рэзыдэнцыю ў Заслаўі даехалі без прыгодаў.
А пра тое, што было ў Заслаўі, распавядаў адзін з былых сакратароў ЦК КПБ. Да прыезду Кім Ір Сэна карэйскі бок папрасіў паставіць у рэзыдэнцыі ложак нестандартна вялікіх памераў — яго адмыслова і зрабілі да візыту госьця. Заінтрыгаваныя гаспадары ўсталявалі ў спальні камэры назіраньня (а магчыма – яны там і былі ўвесь час; не зьдзіўлюся, калі і цяпер засталіся).
Дзяўчаты проста леглі на ложак і прыціснуліся да цела таварыша Кіма. І таварыш Кім імгненна заснуў. Напэўна, так таварышу Кіму было цяплей
Тое, што ўбачылі чэкісцкія вочы, калі таварыш Кім адышоў да сну, зьдзівіла іх значна болей, чым прагляд канфіскаваных у няўстойлівых элемэнтаў забароненых у СССР парнафільмаў.
Да генэралісімуса ў спальню прыйшлі пяцёра ці шасьцёра дзяўчат. Не — нічога такога, што супярэчыла б сьветламу вобразу вялікага тэарэтыка ідэяў Чучхэ, не адбылося. Дзяўчаты проста леглі на ложак і прыціснуліся да цела таварыша Кіма. І таварыш Кім імгненна заснуў. Напэўна, так таварышу Кіму было цяплей».
Кім Ір Сэн і ягоны сын Кім Чэн Ір зрабілі ад 9 да 11 візытаў у СССР, але іхны наступнік Кім Чэн Ын пачаў афіцыйныя замежныя візыты толькі ў бягучым годзе. Яшчэ да таго, як Кім Ір Сэн стаў кіраўніком Паўночнай Карэі — да таго, як зьявілася КНДР — ён жыў у СССР: калі ў 1940 годзе японцы разграмілі антыяпонскіх партызан у Маньчжурыі і Карэі, некаторыя атрады здолелі ўцячы ў СССР, а Кім Ір Сэн, які быў камандзірам аднаго зь іх, застаўся ў раёне Ўсурыйска. Служыў у Чырвонай арміі, быў камандзірам стралковага батальёну з карэйскіх і кітайскіх партызанаў. Пасьля Карэйскай вайны, калі краіна была падзеленая на дэмакратычны Поўдзень і камуністычную Поўнач, СССР падтрымліваў рэжым Кіма, хоць той шукаў балянсу паміж залежнасьцю ад СССР і «чырвонага» Кітаю. BBC параўноўвала стасункі КНДР і СССР зь цяперашнімі адносінамі Крамля з Аляксандрам Лукашэнкам.