КДБ адмовіўся кампэнсаваць маральную шкоду фігуранту справы «Белага легіёну»

Фігурант «справы патрыётаў» Зьміцер Крамянецкі ў судзе

Суд Маскоўскага раёна Менску вынесе рашэньне па справе Зьмітра Крамянецкага 14 сьнежня.

Трэцяе судовае паседжаньне па справе Зьмітра Крамянецкага, які патрабуе ад дзяржавы кампэнсацыю нанесенай яму маральнай шкоды, прычыненай дзеяньнямі КДБ, прайшло ў судзе Маскоўскага раёна. На ім у якасьці адказчыкаў прысутнічалі прадстаўнікі КДБ і Міністэрства фінансаў, якія адмовіліся прызнаць позву Крамянецкага абгрунтаванай.

Прадстаўнік адказьніка

Прадстаўнік трэцяга боку з КДБ Кірыл Нікалаевіч Саўбочкаў

Падчас разьбіральніцтва прадстаўнік КДБ заявіў, што прызнаваць права Крамянецкага на кампэнсацыю павінен Сьледчы камітэт, якому была перададзеная «справа Белага легіёну».

На думку прадстаўніка Зьмітра Крамянецкага Марыі Колесавай-Гудзілінай, прызнаваць права Крамянецкага на кампэнсацыю маральнай шкоды павінен менавіта КДБ, так як закрываў справу ў дачыненьні да Крамянецкага гэты орган, а не СК (гэта адбылося яшчэ 2 чэрвеня). Раней Крамянецкі атрымаў ад Сьледчага камітэту паведамленьне аб тым, што адказ аб магчымасьці кампэнсацыі ён павінен атрымаць у КДБ.

Адвакатка Марыя Колесова-Гудзіліна

«Атрымліваецца, што кожны можа быць затрыманы, пасьля яго справу закрыюць, матэрыялы перададуць у іншы орган і ён згубіць права на кампэнсацыю», — сказала Колесава-Гудзіліна падчас паседжаньня.

Крамянецкі падаў позву аб кампэнсацыі нанесенай яму маральнай шкоды яшчэ ў жніўні, пакуль гэта адзіны фігурант «справы Белага легіёна», які спрабуе атрымаць кампэнсацыю ад дзяржавы.

«Я хачу кампэнсацыі маральнай шкоды, — расказаў у размове са Свабодай сам Зьміцер Крамянецкі. — Мы параіліся з юрыстамі, з адвакатам і вырашылі, што кампэнсацыя павінна быць такой. 10 тысяч беларускіх рублёў. У мяне была пастанова аб спыненьні справы са Сьледчага камітэту. Аднак пазьней там сказалі, што памыліліся і я павінен атрымаць такую паперу з КДБ. КДБ маўчыць».

Справу разглядае суд Маскоўскага раёну Менску, дата наступнага паседжаньня пакуль невядомая.

***

Актывіст «Маладога Фронту» Зьміцер Крамянецкі быў затрыманы 23 сакавіка і правёў за кратамі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага 9,5 сутак. Па «справе Белага легіёну» ён знаходзіўся ў статусе падазраванага, абвінавачваньні Крамянецкаму выстаўленыя не былі.

Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў

На былых фігурантаў «справы патрыётаў» завялі 3 крымінальныя справы аб боепрыпасах