Другое паседжаньне па справе Зьмітра Крамянецкага прайшло 6 сьнежня. Супрацоўнікі КДБ яго праігнаравалі.
Позву Крамянецкі падаў яшчэ ў жніўні, пакуль гэта адзіны фігурант «справы Белага легіёна», які спрабуе атрымаць кампэнсацыю ад дзяржавы.
Для таго, каб разьлічваць на кампэнсацыю, Крамянецкаму неабходна мець пастанову органа, які прыняў рашэньне аб спыненьні крымінальнай справы. Першапачаткова гэта павінен быў быць дакумэнт са Сьледчага камітэту, аднак там палічылі, што Крамянецкі павінен прадставіць дакумэнт з Камітэта дзяржаўнай бясьпекі. КДБ у сваю чаргу на запыты адваката Крамянецкага і суда не адказвае. У выніку разгляд справы прыпынены, суд вырашыў выклікаць на паседжаньне прадстаўніка Камітэту дзяржбясьпекі.
«Я хачу кампэнсацыі маральнай шкоды, — расказвае ў размове са Свабодай сам Зьміцер Крамянецкі. — Мы параіліся з юрыстамі, з адвакатам і вырашылі, што кампэнсацыя павінна быць такой. 10 тысяч беларускіх рублёў. У мяне была пастанова аб спыненьні справы са Сьледчага камітэту. Аднак пазьней там сказалі, што памыліліся і я павінен атрымаць такую паперу з КДБ. КДБ маўчыць».
Актывіст «Маладога Фронту» Зьміцер Крамянецкі быў затрыманы 23 сакавіка і правёў за кратамі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага 9,5 сутак. Па «справе Белага легіёну» ён знаходзіўся ў статусе падазраванага, абвінавачваньні Крамянецкаму прад’яўленыя не былі. Справу разглядае суд Маскоўскага раёну Менску, дата наступнага паседжаньня пакуль невядомая.