Як паведаміў Свабодзе намесьнік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі, гэта зьвязана з тым, што гарадзкія ўлады да гэтага часу не далі адказу на заяўку.
Юрась Беленькі быў выкліканы ў Менгарвыканкам яшчэ 20 сакавіка, але гарадзкія ўлады адмянілі сустрэчу, паведаміўшы, што «адказ заяўнік атрымае пазьней у вызначаным законам парадку».
Не дачакаўшыся ні адказу па пошце, ні новага запрашэньня ў Менгарвыканкам, актывісты адмовіліся ад арганізацыі вулічнага мерапрыемства.
Акрамя гэтага, прадстаўнікі КХП-БНФ накіравалі ў Генэральную пракуратуру скаргу з патрабаваньнем завесьці крымінальную справу па факце чыненьня перашкодаў масаваму мерапрыемству.
24 сакавіка а 17:00 прызначаная сустрэча заяўнікаў акцыі 25 сакавіка, якую ладзяць Партыя БНФ, рух «За свабоду», рух салідарнасьці «Разам», АГП і БХД. Усе заяўнікі, апроч прадстаўніка руху салідарнасьці «Разам» Алеся Макава, адклікалі свае подпісы пад заяўкай, таму што ўлады не далі адказу на заяўку ў вызначаны законам тэрмін.
Начальнік аддзелу грамадзка-масавай работы Менгарвыканкаму Юры Ўральскі не пацьвердзіў, ці адбудзецца заплянаваная на сёньня а 17:00 сустрэча з заяўнікамі шэсьця на Дзень Волі 25 сакавіка.