Гісторыя паходу Віктара Цярэшчанкі ў прэзыдэнты дзіўная і вельмі паказальная. Ён такі ж дзяжурны спарынг-партнэр Лукашэнкі, як і Гайдукевіч. І ўлады выкарыстоўваюць яго па меры неабходнасьці.
Вось цікавыя лічбы. На прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году ініцыятыўная група Цярэшчанкі складала 6069 чалавек. Але сабрала толькі 63 тыс. подпісаў.
А вось у прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году ўлады зрабілі стаўку на масавасьць кандыдатаў. Хоць ініцыятыўная група Цярэшчанкі налічвала толькі 1301 чалавека (амаль у пяць разоў менш, чым падчас папярэдняй кампаніі), але — вось жа дзіва — здалі больш за 123 тыс. подпісаў.
І вось кампанія 2015 году. Дзівосы працягваюцца. Ініцыятыўная група Віктара Цярэшчанкі склала ўсяго 946 сябраў. Але, паводле афіцыйнай інфармацыі, яна здолела сабраць і здаць 130 тыс. подпісаў. І вось высьвятляецца, што зь іх сапраўднымі аказалася толькі 6699, то бок 5%!
Наўрад ці Цярэшчанка проста так панёс бы здаваць у выбарчыя камісіі ўсю гэтую туфту. Відаць, былі пэўныя дамоўленасьці з уладамі. Маўляў, Віктар Іванавіч, не хвалюйцеся, вы нам патрэбны і гэтым разам, усё будзе нармальна.
Наўрад ці Цярэшчанка проста так панёс бы здаваць у выбарчыя камісіі ўсю гэтую туфту. Відаць, былі пэўныя дамоўленасьці з уладамі
Журналісты ўжо заўважылі, што, мусіць, каб надзейна трымаць на кручку, да кандыдатаў — спарынг-партнэраў былі прыстаўлены камісары ў якасьці кіраўнікоў іх перадвыбарчых штабоў. Камандай Цярэшчанкі кіраваў Алег Несьцяркоў. А ў атамана Ўлаховіча, старшыні Беларускай патрыятычнай партыі, вёў рэй не аднапартыец, што было б лягічна, а сябра прапрэзыдэнцкай арганізацыі «Белая Русь» Міхаіл Образаў. І цягам усёй кампаніі менавіта гэтыя камісары камэнтавалі ўсё, што зьвязана зь дзейнасьцю іх кандыдатаў.
Здавалася, усё ідзе паводле пляну. Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына паўтарала тэзу пра пяць чалавек, якія, хутчэй за ўсё, стануць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Яшчэ ў аўторак, 25 жніўня, яна падчас онлайн-трансьляцыі інтэрнэт-тэлебачаньня газэты «Советская Белоруссия» ўпэўнена казала: паводле папярэдніх дадзеных па праверцы подпісаў, «высокая імавернасьць, што кандыдатамі ў прэзыдэнты стануць Сяргей Гайдукевіч, Тацяна Караткевіч, Віктар Цярэшчанка, Мікалай Улаховіч». Ну, зразумела, акрамя Аляксандра Лукашэнкі. («Советская Белоруссия», 2015, 26 жніўня).
А ўжо 28 жніўня, у пятніцу, раптам усё памянялася. Адначасова, як гром сярод яснага неба, зьявілася інфармацыя пра атручэньне Цярэшчанкі ў кавярні і пра тое, што выбарчыя камісіі сталі «валіць» ягоныя подпісы. Відавочна, сцэнар кампаніі ўлады памянялі на хаду, раптоўна.
Таксама зьвяртае на сябе ўвагу, што Алег Несьцяркоў, які ўзначальваў выбарчы штаб Цярэшчанкі, неяк «выпаў у асадак». Ён не прыйшоў на перадачу АНТ «Дело принципа», куды запрашаліся менавіта кіраўнікі ініцыятыўных груп кандыдатаў, амаль не камэнтуе ўсю драматычную сытуацыю вакол Віктара Іванавіча.
Чаму «зьлілі» Цярэшчанку, сказаць цяжка. І навошта было труціць? Магчыма, сапраўды, мае рацыю Аляксандар Фядута, які выкладае сваю вэрсію гэтай драмы.
А магчыма, што ўлады спужаліся самога вобразу Цярэшчанкі: эканаміст, кандыдат навук. А тут эканамічны крызіс, улады ня ведаюць, што рабіць, а Віктар Іванавіч упэўнена заяўляе, што ведае, як вывесьці краіну зь ямы. А раптам народ паверыць?
Але тут больш цікава, што апала Цярэшчанкі дазволіла высьветліць рэальны працэнт сапраўдных подпісаў, якія здалі спарынг-партнэры. Гэта 5%! Калі ўлічыць, што пікетаў у падтрымку Віктара Іванавіча было трохі больш, чым за Гайдукевіча і Ўлаховіча, да таго ж Цярэшчанка, як ён сам пасьпеў прызнацца, плаціў зьбіральнікам за працу, — то можна меркаваць, што працэнт сапраўдных подпісаў у гора-кандыдатаў, якія засталіся, яшчэ меншы. Улады, зламаўшы папярэдні ўласны сцэнар, выкрылі самі сябе. Як вядома, ісьціна выяўляецца з унутраных супярэчнасьцяў хлусьні. Казус Цярэшчанкі — гэта кульмінацыя фарсу пад назвай «беларускія выбары».