12 жніўня Менская гарадзкая выбарчая камісія адхіліла скаргу Мікалая Казлова на адмову ў рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты. Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі зьбіраўся вылучацца ў Менску па Старавіленскай акрузе № 105.
Ранейшае рашэньне было вынесена акруговай выбарчай камісіяй 9 жніўня. Паводле палітыка, прычыны для адмовы былі фармальныя.
Менская гарадзкая выбарчая камісія таксама адмовіла Мікалаю Казлову ў рэгістрацыі.
«Гэта было агідна, як яны пабудавалі разгляд скаргі. Яны разгулялі цэлы спэктакль перад назіральнікамі, ні на адно пытаньне толкам не змаглі адказаць. Старшыня сказаў, маўляў, ня будзем губляць часу і зачытаў гатовую пастанову.
Навошта тады быў увесь гэты цырк? На гэта маё пытаньне старшыня сказаў: „Мы рыхтаваліся“. То бок рашэньне пра адмову ў маёй рэгістрацыі яны падрыхтавалі зараней. Хаця я даводзіў, што фармальныя прычыны ня могуць быць падставай для адмовы», — распавёў карэспандэнту Свабоды Мікалай Казлоў.
Паводле Казлова, акруговая і гарадзкая выбарчыя камісіі паказалі, што яны дзейнічаюць як згуртаваная каманда.
«Яны вырашаюць пэўныя задачы: забясьпечыць праход у парлямэнт праўладных кандыдатаў. Для мяне гэта ўжо відавочна. Я яшчэ параюся з юрыстамі, ці абскарджваць гэта рашэньне ў судзе, ці варта траціць на гэта час. Альбо засяродзіцца на назіраньні, на выяўленьні фальшаваньняў, бо тое, што яны будуць, у мяне ўжо ніякіх сумневаў няма».