Некалькі сотняў тысяч прыхільнікаў адзінай Гішпаніі выйшлі на дэманстрацыю ў Барсэлёне

Пратэстоўцы ў Барсэлёне, 29 кастрычніка

Тысячы каталёнцаў і праціўнікаў незалежнасьці рэгіёну выйшлі на дэманстрацыю ў цэнтры Барсэлёны пад лёзунгам «Каталёнія — гэта мы».

Паводле зьвестак арганізатараў дэманстрацыі «Грамадзянская супольнасьць Каталёніі», на вуліцы выйшлі да мільёна чалавек, але паліцыя дакладвае пакуль пра 300 тысяч, перадае The Guardian.

10 твітаў са шматтысячнай дэманстрацыі за адзінства Гішпаніі ў Барсэлёне

Раней урад Гішпаніі пазбавіў Каталёнію статусу аўтаноміі, адправіў у адстаўку рэгіянальны ўрад і распусьціў мясцовы парлямэнт. Часовым кіраўніком была прызначаная намесьніца гішпанскага прэм’ер-міністра Марыя Сарая Сайнц дэ Сантамарыя.

Дзьве каталёнскія асацыяцыі ў Францыі выказалі гатоўнасьць прыняць у сябе Карлеса Пудждэмона і чальцоў ураду Каталёніі, калі тыя будуць ратавацца ад магчымага турэмнага зьняволеньня.

Маштабны палітычны крызіс у Гішпаніі пачаўся пасьля таго, як каталёнскія лідэры 1 кастрычніка, насуперак рашэньню Канстытуцыйнага суду, правялі рэфэрэндум аб незалежнасьці.

Больш за 90% удзельнікаў рэфэрэндуму падтрымалі аддзяленьне ад Гішпаніі. Паводле вынікаў апытаньняў, каля 40% насельніцтва не падтрымліваюць незалежнасьць, але многія праціўнікі рэфэрэндуму байкатавалі галасаваньне. Пра непрызнаньне аддзяленьня рэгіёну выказаліся Эўразьвяз і лідэры большасьці вядучых краінаў сьвету.