Максу Каржу забаранілі ўезд ва Ўкраіну, потым дазволілі, потым зноў забаранілі

Макс Корж, архіўнае фота

Беларускі сьпявак Макс Корж зноў атрымаў забарону на ўезд ва Ўкраіну, паведамляе InfoResist са спасылкай на памочніка кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Алега Слабадзяна.

Паводле яго, 21 лістапада падчас праходжаньня памежнага кантролю пасажыраў, што прыляцелі зь Менску, быў выяўлены «гэты сьпявак, які ў свой час наведваў акупаваны Крым».

Уезд забаронены на тры гады. Макс Корж меў выступіць у Кіеве 23 сьнежня, зьвестак пра скасаваньне канцэрту пакуль няма. У Палацы спорту, дзе меў адбыцца канцэрт, Свабодзе сказалі, што квіткі па-ранейшаму прадаюцца.

Каржу забаранілі ўезд ва Ўкраіну ў лютым 2016 году – верагодна, пасьля таго, як СБУ стала вядома пра ягоныя выступы ў акупаваным Расеяй украінскім Крыме ў 2015 годзе. На сайце сьпевака сьцьвярджалася, што канцэрты не адбыліся, але слухачы публікавалі ў сацсетках фота і відэа зь іх.

У верасьні 2017 году забарону зьнялі без тлумачэньняў. Корж пісаў, што для яго гэта было сюрпрызам. Пры гэтым яшчэ да зьняцьця забароны, у чэрвені 2017 году, ён наведаў Украіну.

«У першы раз забарону выносіла Служба бясьпекі Ўкраіны і была скасаваная, — пацьвердзіў Свабодзе Слабадзян. — Беларускі выканаўца доўгі час не прыяжджаў ва Ўкраіну, разумеючы, што ў яго тут узьнікнуць цяжкасьці, але гэта не зьнімае зь яго адказнасьці за наведваньне акупаванага Крыму. Падчас учорашняй яго спробы заехаць на тэрыторыю Ўкраіны, было пацьверджана, што ён наведваў акупаваны Крым, парушаючы заканадаўства Ўкраіны, таму на падставе дзейнага заканадаўства яго не прапусьцілі празь мяжу і забаранілі ўезд на тэрыторыю Ўкраіны тэрмінам на тры гады».

На чэрвень ва Ўкраіну быў забаронены ўезд для 341 грамадзяніна Беларусі

З такой забаронай можа сутыкнуцца і шараговы беларус, калі наведае акупаваны Крым міма ўкраінскай мяжы і без дазволу ўладаў Украіны – у тым ліку празь легальныя ў Расеі шляхі.

***

28-гадовы Макс Корж родам з Лунінца, сьпявае па-расейску ў стылі на мяжы хіп-хопу і электрапопу (раней сьпяваў па-беларуску ў складзе Lunclan). Выдаў 4 студыйныя альбомы (адзін падвойны) і амаль два дзясяткі кліпаў. Пэрыядычна трапляе ў топавыя пазыцыі ў расейскіх чартах, зьбірае поўныя залі на канцэртах, у тым ліку «Менск-Арэну».