La reine est morte. Няхай жыве кароль! А як яго зваць?

Каралева Лізавета ІІ і прынц Charles Philip Arthur George. 1969

Сьмерць каралевы Лізаветы II і пачатак караляваньня яе сына выклікалі хвалю цікавасьці да традыцыі манаршых імёнаў. Быў Чарльз, а з 10 верасьня ўжо Карл ІІІ? А мо Караль? А калі па-ангельску застаўся Чарльзам, чаму па-беларуску мусім яго пераймяноўваць? Мусім, бо манарх.

Cьцісла:

  • Даўняя агульнаэўрапейская традыцыя — называць хрысьціянскіх сьвятых сваёй нацыянальнай формай адпаведнага імя. Saint George па-ангельску = сьвяты Юры па-беларуску.
  • Гэта і пра імёны манархаў. Папскае імя Franciscus па-лацінску, а па-беларуску ён Францішак.
  • Новы брытанскі кароль па-ангельску Charles, гэта традыцыйная ангельская форма адпаведнага імя. Ангельцы называюць Чарльзамі і швэдзкіх каралёў Карлаў, і гішпанскіх Карлясаў (даўнейшых).
  • Імя Charles — ад старагерманскага Karl ‘(вольны) чалавек’. Самы знакаміты носьбіт імя — Karl der Große (Вялікі, 747–814), заснавальнік Сьвятой Рымскай імпэрыі.
  • У славянаў ад ягонага імя пайшла назва манарха ўвогуле: па-чэску král, па-польску król, па-беларуску кароль.
  • І найпершы беларускі народны варыянт імя — Кароль (ад яго прозьвішчы Кароль, Каролік, Каралевіч). Але імя супала з назвай пасады — кароль. Сёньня назваць дзіця Кароль наўрад ці хто рашыцца.
  • Пазьней з польскай мовы і з польскім націскам прыйшоў варыянт Кáраль.
  • Ёсьць гэтае імя ў нас і з коранем Карл (прозьвішча Карловіч, назвы вёсак Карлаўка, Карлаўшчына). Народныя формы Карло, Кáрла.
  • Выбіраем. „Кароль Кароль ІІІ“ гучыць як загадка. Палянізаваны „кароль Караль ІІІ“ выклікае пытаньні. Карусь ІІІ занадта свойскі. Застаецца форма Карл — нэўтральная і блізкая да першаўзору.
  • Таму — Яго Каралеўская Міласьць (так у нас спрадвеку тытулююць манархаў) Карл ІІІ.

Сьвяты Юры, а не Георгіос

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Георгиевская ленточка» ня мае дачыненьня ані да сьвятога Георгія, ані да Беларусі

Ёсьць агульнаэўрапейская традыцыя называць хрысьціянскіх сьвятых уласьціваюкожнай мове формаю адпаведнага імя. Saint George, Saint Francis, Saint Joseph па-ангельску = сьвяты Юры, сьвяты Францішак, сьвяты Язэп па-беларуску.

Таксама імёны манархаў, ад сьвятых узятыя, звычайна падлягаюць гэтаму правілу: па-нямецку Franz Joseph I., па-вугорску I. Ferenc József, па-чэску František Josef I., па-харвацку Franjo Josip I., па-гішпанску Francisco José I (той самы аўстра-вугорскі імпэратар, за партрэт якога, заседжаны мухамі, быў адпраўлены ў турму разам з Швэйкам карчмар Палівец).

Імёны этымалягічна тыя самыя, але іх формы — нацыянальныя. Адпаведна і па-беларуску мае быць Францішак Язэп І. Менавіта Францішкам Язэпам называе аўстра-вугорскага манарха ня хто-небудзь, а Алесь Гарун (газэта „Беларусь“, 4 сьнежня 1919 г.).

Папа Рымскі — таксама манарх. Цяперашні узяў сабе папскае імя Franciscus па-лацінску, па-італьянску ён Francesco, а па-беларуску мае звацца Францішак. Шматлікіх францускіх манархаў, якіх звалі Louis, па-беларуску лепш зваць Лю́двікамі (з нумарамі, каб не паблытаць).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скарына: Францыск ці ўсё ж Францішак?

Затое ці ведаеце, як яны называлі нашага Жыгімонта? Сыгізмунд! Жарты і намёкі на показку пра „пиво“ — жартамі, але ў заходніх мовах проста замянялі этымалягічна цьмянае для іх імя балцкага паходжаньня на звыклае германскае.

Палякі найбольш пасьлядоўныя. Польскімі традыцыйнымі формамі імёнаў завуць і дзейных манархаў, і прэтэндэнтаў на пасад: Karol Filip Artur Jerzy — так па-польску называлі цяперашняга караля Брытаніі, калі яго яшчэ як прынца па-ангельску звалі Charles Philip Arthur George.

Новы брытанскі кароль па-ангельску застаўся Charles, бо гэта традыцыйная ангельская форма адпаведнага імя. Ангельцы называюць Чарльзамі ня толькі сваіх, але і швэдзкіх каралёў Карлаў, і гішпанскіх Карлясаў (даўнейшых).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія звароты і тытулы. Як павіншаваць Парашэнку і Дона Фэліпэ?

Праўда, ёсьць выняткі. Тыя ж палякі завуць папярэдняга гішпанскага караля (каторы ў арыгінале Juan Carlos I) Jan Karol, а ў ангельскай моўнай прасторы ён тaк і застаецца Juan Carlos. І ў нас яго Хуанам Карлясам завуць, затое ягонага сына, цяперашняга караля Felipe VI — ужо больш па-свойску, Філіпам VI (маглі б і Піліпам!).

Але ангельскіх і брытанскіх каралёў мы па-беларуску традыцыйна завем асвоенымі імёнамі: Ян Безьзямельны, Гэнрык Плянтагенэт, Эдвард ІІІ. Сьв. п. каралева Лізавета ІІ (ці то Альжбета ІІ — абедзьве формы гэтага этымалягічна габрэйскага імя роўна „кананічныя“ ў беларускай мове, толькі адна прыйшла праз грэцкае, а другая праз лацінскае пасярэдніцтва). І двух ранейшых брытанскіх Charles’аў ані па-беларуску, ані ў нашым рэгіёне Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы Чарльзамі не называлі.

Таму выбіраем адпаведнае беларускае імя для новага брытанскага манарха.

Кароль Кароль Вялікі

Форма імя Charles у ангельскі іменьнік прыйшла з старафранцускай, этымалягічна гэта старагерманскі Karl, імя азначала проста [вольнага] чалавека. Самы знакаміты носьбіт імя, вядома ж, Karl der Große — Вялікі, лацінізаваная форма Carolus Magnus (747–814), заснавальнік так званай Сьвятой Рымскай імпэрыі, якая аб’яднала большую частку Заходняй Эўропы.

Каранацыя Карла Вялікага. Ватыканскія музэі

У тагачасных славянаў ад ягонага імя — Karl — пайшла назва манарха ўвогуле: па-чэску král, па-польску król, па-беларуску (адпаведна дзейнаму тады фанэтычнаму закону поўнагалосься) кароль.

І ўжо ў хрысьціянскую эпоху ў беларускай мове гэтае імя замацавалася перш у форме Кароль. Яна была асноўным варыянтам у беларускім народным іменаслове сярэднявечча. Ад імя Кароль — не ад пасады! — пайшлі прозьвішчы Кароль, Каролік, Каралевіч, Каралёў. Але супадзеньне гэтай формы з агульным назоўнікам урэшце выключыла яе з актыўнага сучаснага іменаслову: назваць дзіця Кароль наўрад ці хто рашыцца.

Пазьней гэтая ж форма была паўторна ўзятая з польскай мовы і з польскім націскам: Кáраль. Замацавалася традыцыя называць па-беларуску Кáралямі носьбітаў імя зь ліку магнатаў: Кáраль Станіслаў Радзівіл.

Тата Карла

Але прыходзіла гэтае імя да нас і зь нязьменным коранем Карл, пра што сьведчацьпрозьвішча Карловіч, назвы вёсак Карлаўка, Карлаўшчына, Карлавічы. Жывая мова ўнікала зьбегаў санорных зычных, адсюль народныя формы Карло, Кáрла.

Іншыя беларускія народныя варыянты — Карусь (адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Казімер-Рафал Кастравіцкі ўзяў імя свайго бацькі для псэўданіму — Карусь Каганец), Карук — утвараліся ўжо на беларускай глебе ад з вышэй названых.

Вось жа маем выбар традыцыйнай беларускай формы імя для манарха.

Гэта ж манарх, Карл!

Па-першае, трэба зважаць на спалучальнасьць. „Кароль Кароль ІІІ“ гучыць як загадка.Палянізаваны „кароль Караль ІІІ“ стварае падобныя праблемы. Карусь ІІІ занадта свойскі. Застаецца форма Карл — нэўтральная і найбліжэйшая да этымалягічнага першаўзору (фанэтычны варыянт Карла не разглядаем).

Па-другое, у беларускай традыцыі менаваньня манархаў ёсьць, прыкладам, швэдзкія каралі Карлы (пад рознымі нумарамі, але па-швэдзку кожны зь іх Karl). А яны нам не чужыя, некаторыя бывалі ў нас у рознай патрэбе. І іншых эўрапейскіх манархаў у клясычнай беларускай традыцыі звалі Карламі. Калі ж пагадзіцца на іншую перадачу манаршага імя па-беларуску, то мы мусілі б пераназваць і ўсіх шматлікіх швэдзкіх (і ня толькі) манархаў Карлаў.

Таму — Яго Каралеўская Міласьць (так у нас спрадвеку тытулююць манархаў) Карл ІІІ.

А цяперашні ўздым грамадзкага інтарэсу да пытаньняў іменаслову карысны: варта больш ведаць і пра шляхі фармаваньня нашага іменьньніку, і пра прынцыповае адрозьненьне паміж так званай „кананічнасьцю“ / „афіцыйнасьцю“ беларускага і расейскага іменаслову, і пра іншае.