Лідэрка кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч 13 кастрычніка ўзяла ўдзел у канфэрэнцыі пра Беларусь у швэдзкім парлямэнце.
У канфэрэнцыі ўдзельнічае больш за 100 чалавек – гэта прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, журналісты, палітыкі, амбасадары розных дзяржаў. Галоўнае пытаньне — вызначэньне стратэгіі разьвіцьця дачыненьняў зь Беларусьсю.
Як паведаміла прэсавая служба «Гавары праўду», Тацяна Караткевіч заявіла, што сёньня дэмакратычныя сілы павінны выкарыстоўваць трэнды, якія стварае ўлада, і напаўняць іх сваім зьместам, а таксама пашыраць прастору дыялёгу на ўсіх узроўнях краіны.
«Мы бачым невялікія якасныя зьмены, і вельмі важна зрабіць так, каб яны пашыраліся, залучаючы грамадзтва ў працэс прыняцьця рашэньняў. Мы вітаем зьяўленьне альтэрнатывы ў парлямэнце; важна працягваць, каб па выніках мясцовых выбараў альтэрнатыва зьявілася і на рэгіянальным узроўні».
Тацяна Караткевіч у Стакгольме таксама сустрэлася зь міністрам па справах ЭЗ і гандлю Ганнай Ліндэ, міністрам замежных справаў Маргат Вальстрэм, сьпікерам швэдзкага парлямэнту Урбанам Алінам.
Пасьля сустрэч палітык сказала, што Швэцыя зацікаўлена ў разьвіцьці стасункаў зь Беларусьсю і гатовая рэальна дапамагчы ў рэалізацыі цэлага шэрагу рэформаў.
«Для Беларусі скандынаўскі досьвед можа быць вельмі карысны. У той жа Швэцыі пасьпяховая рынкавая эканоміка выдатна спалучаецца з сыстэмай моцнай сацыяльнай абароны насельніцтва. Супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі будзе значна больш плённым, калі ў Беларусі будзе не імітацыя пераўтварэньняў, а рэальныя перамены. Мяч сёньня на баку беларускай улады».
Са Стакгольму Тацяна Караткевіч вылецела ў Брусэль, дзе ўзяла ўдзел у пасяджэньні рабочай групы парлямэнцкай асамблеі Ўсходняга партнэрства «Эўранэст».