Паўстагодзьдзя жыхары прыватнага сэктару ў Менску, вядомага як Сельгаспасёлак, змагаюцца супраць зносу сваіх дамоў і ўшчыльненьня тэрыторыі шматпавярховай забудовай. Днямі гарадзкім уладам накіраваная чарговая калектыўная пэтыцыя з патрабаваньнем спыніць неабгрунтаванае зьнішчэньне маёмасьці грамадзянаў.
«Мы, жыхары індывідуальных дамоў Сельгаспасёлку, якія пражываюць у межах вуліц Някрасава — Собінава — Олешава — Усходняя — Камароўскае кальцо і бралі ўдзел у грамадзкім абмеркаваньні зьменаў у горадабудаўнічым праекце дэталёвага плянаваньня (ПДП) дадзенай тэрыторыі, патрабуем захаваньня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх правах», — так пачынаецца зварот ад імя 1291 уласьніка жыльля, у тым ліку і тых, чые дамы мяркуецца захаваць, у адміністрацыю Савецкага раёну Менску.
Тысяча дамоў як ахвяра індустрыяльнага горадабудаўніцтва
Гісторыя Сельгаспасёлку сягае ў першыя паваенныя гады. У 1945-м на забалочанай мясцовасьці менчукі, якія вярталіся ў разбураны горад, з падручных матэрыялаў саматужна ўзводзілі часовае жыльлё. На падтрымку ўладаў не разьлічвалі, збольшага на ўласныя сілы.
Першыя трывожныя сыгналы для самастойных забудоўнікаў пачуліся на пачатку 1970-х — асвоеная тэрыторыя прыцягнула ўвагу індустрыяльных горадабудаўнікоў. Жыхарам забаранілі пашырацца, прырастаць новымі памяшканьнямі, праводзіць капітальны рамонт. Праўда, на той час пагрозы збольшага абмяжоўваліся размовамі, вялося хіба толькі кропкавае ўшчыльненьне.
Новы Генэральны плян катэгарычны — памілаваньня ня будзе: заплянавана да зьнішчэньня звыш 1000 прыватных дамоў, 129 гектараў зямлі зоймуць панэльныя высоткі. У найноўшы час для адстойваньня інтарэсаў створана ініцыятыўная група зь ліку мясцовых жыхароў.
Упаўнаважаная прадстаўніца па кантактах зь дзяржструктурамі — Вольга Дэйнэкіна. У ліставаньні з афіцыйнымі органамі яна зьвяртае ўвагу на супярэчнасьці паміж дэкляраванымі намерамі дбаць пра дабрабыт менчукоў і спосабамі іх рэалізацыі:
«Генплян і горадабудаўнічы ПДП ня могуць быць падставай для спыненьня права ўласнасьці і вызначаць дзяржаўную патрэбу, — перакананая Вольга Дэйнэкіна. — Летась дзеля разгляду нашага калектыўнага звароту да кіраўніка дзяржавы была створана працоўная група на чале зь першай намесьніцай дырэктара Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Галінай Падразенак. Цэлы год нам дасылалі адпіскі пра „захады, якія прадпрымаюцца“, прапануючы дачакацца ўнясеньня зьменаў у горадабудаўнічы праект дэталёвага плянаваньня ў межах вуліц Някрасава — Собінава — Олешава — Усходняя — Камароўскае кальцо. Нарэшце праект быў падрыхтаваны і сёлета на пачатку лістапада вынесены на грамадзкае абмеркаваньне».
Па словах спадарыні Дэйнэкінай, падчас прыёму ў Камітэце архітэктуры Менгарвыканкаму ў матэрыялах дэталёвага плянаваньня Сельгаспасёлку фігуравала распараджэньне кіраўніка дзяржавы пра тое, каб новы плян быў распрацаваны ў інтарэсах уласьнікаў індывідуальных дамоў. Аднак пасьля азнаямленьня з праектам склалася ўстойлівае ўражаньне, што праект рэалізаваны ня будзе, а галоўная мэта выканаўцаў — асвоіць бюджэт, бо ў іншым выпадку фінансаваньне на наступны год будзе зрэзанае.
Як кажа суразмоўніца, ключавым пытаньнем значыцца будаўніцтва мэтро, але яго эканамічная мэтазгоднасьць будзе вызначана толькі пасьля распрацоўкі тэхніка-эканамічнага абгрунтаваньня, а гэта ўжо пэрспэктывы іншага Генпляну.
Пашырэньня вуліцы Максіма Багдановіча таксама ня будзе без папярэдняга прыняцьця рашэньня аб будаўніцтве лініі мэтро ці хуткаснага трамвая.
Павялічыць колькасьць насельніцтва мікрараёну ўдвая немагчыма, бо няма неабходнай інфраструктуры — садкі, школы, паліклінікі не былі ўзьведзеныя нават у эканамічна спрыяльныя гады. Апроч таго, эканамічны крызіс паўплываў на сытуацыю з рынкам жытла: ужо пабудаваныя кватэры не прадаюцца, і навошта будаваць яшчэ новыя?
Што застаецца ад праекту? — задаецца рытарычным пытаньнем Вольга Дэйнэкіна. — Нічога. Толькі мінус у бюджэце на суму аплаты працы распрацоўнікаў.
«Здаць» цэнтар сталіцы і пераехаць у Фаніпаль
У дом Любові Лебедзевай ва Ўсходнім завулку некаторы час таму пачалі прыходзіць выканкамаўскія эмісары, прапануючы варыянты новага месца жыхарства — у Фаніпалі пад Менскам. Любоў Пятроўна і яе сын Дзяніс кажуць, што ў шоку ад падобнага «нахабства»: пэрыфэрыя — узамен на цэнтар сталіцы:
«Не разумею, чаму гораду мы так нявыгадныя, — шукае адказу гаспадыня. — Мы ж нічога ня просім. Добраўпарадкуем тэрыторыю, самі будуем, рамантуем. Заўважце — самі прыводзім да ладу свае дамы, не чужымі сіламі! У нас растуць дзеці, унукі, яны ўсім забясьпечаныя, над імі не вісяць лішнія квадратныя мэтры. То бок той выпадак, калі ня трэба стаяць над душой — маўляў, будуйце свае квадратныя мэтры, залазьце вышэй, нешта будзе. І нават калі такая справа, чаму не дазваляецца такі варыянт, як, напрыклад, у Азіі? Нарадзіўся сын — цудоўна, будуйце для яго другі-трэці паверх, ідзіце ўверх! Бо такім чынам вырашаецца складаная жыльлёвая праблема».
Дзяніс, сын Любові Пятроўны, удакладняе, што не зьбіраецца добраахвотна капітуляваць перад дзяржаўнымі «рэвізорамі». Але рэаліі пакідаюць зусім мала шанцаў:
«Я, прыкладам, лазьню хачу паставіць — нельга. Гараж хачу збудаваць — нельга. Хачу давесьці навакольную тэрыторыю да нармальнай кандыцыі — зноў жа, нельга. Гэта абсалютны маразм. Нешта навесіць, акультурыць, добраўпарадкаваць — забаронена. Што я дрэннага раблю? Нічога! Я нічога ні ў кога ня краду, не прысвойваю; я законапаслухмяны грамадзянін, які плаціць падаткі. Чаму нельга? То бок той, хто прыйдзе і зьнясе гэты дом — яму можна, а мне нельга? Чым ён лепшы за мяне? Думаю, пытаньне з катэгорыі адкрытых...»
Любоў Пятроўна запэўнівае, што сваю «крэпасьць» па добрай волі не пакіне ні пры якім раскладзе. Адпаведна, гатовая трымаць «кругавую абарону»:
«Наш пляц невялікі, але падатак на зямлю плацім спраўна — 2 мільёны рублёў старымі. Дарэчы, ніколі не было такога, расцэнкі яўна завышаныя. Няўжо столькі каштуюць нашы 6 сотак? Плюс 1 мільён рублёў на сам дом. І мы плацім! То бок мала таго, што ўсё цягнем самі, дык яшчэ такія вялізныя падаткі плацім дзяржаве. За што, прабачце? За тое, што нам нічога нельга? Па сутнасьці, нам нічога нельга рабіць, як кажуць, ніякай самадзейнасьці. І нават пры гэтым мы плацім падатак на нерухомасьць, на зямлю. Пардон, чаму нас абклалі такім аброкам?»
На перакананьне падпісантаў звароту ў адміністрацыю Савецкага раёну Менску, праект павінен быць адпраўлены на перагляд паводле наступных крытэраў:
• Прадстаўлены праект парушае правы грамадзянаў на недатыкальнасьць уласнасьці.
• Праект распрацаваны ў супярэчнасьці зь дзейным Генэральным плянам Менску.
• У аснову праекту не пакладзеныя эканамічныя разьлікі патрэбаў у будаўніцтве жыльля, шматфункцыянальных комплексаў і г.д.
• Адсутнічае тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне будаўніцтва лініі мэтро на дадзенай тэрыторыі.
• Ня ўлічана цяперашняе эканамічнае становішча Рэспублікі Беларусь.
• Праект распрацаваны з парушэньнем патрабаваньняў нарматыўных тэхнічных прававых актаў (НТПА).
Падпісанты патрабуюць пакінуць апорны плян на базе індывідуальнай забудовы, якая ўжо існуе, зьняць абмежаваньні на паляпшэньне жыльлёвых умоваў і захаваньне сядзібнай забудовы на бліжэйшыя 10–15 гадоў — да разгляду ўсіх прапановаў па рэканструкцыі тэрыторыі з улікам думкі жыхароў і эканамічнага становішча ў краіне.
Вялікая сямʼя Кузьміцкіх — бацька, маці і шэсьць дачок — жыве на вуліцы з індустрыяльнай назвай 1-я Базісная. Гаспадар Павал нарадзіўся тут 42 гады таму, а пры канцы 1980-х па яго малой радзіме пракацілася першая хваля зносу. Бацькі вымушаныя былі пераехаць ва Ўручча. Стаўшы на ногі і маючы патрэбу ў большых квадратных мэтрах для дзяцей, зноў вярнуўся ў Сельгаспасёлак, збудаваў дом. Да пэрспэктывы пераезду ставіцца па-філязофску:
«Фармальна падпадаем, але каб моцна турбавала, то не. Гэта ня першы знос, які мы перажываем на сваім вяку. Я жыў літаральна за дзьве вуліцы адсюль — там і бацька мой, і я нарадзіўся. Нас зьнесьлі ў 1989-м. Гэта маё другое прышэсьце ў Сельгаспасёлак. Загадзя панікаваць няма сэнсу, прынамсі, пакуль ня бачу ў гэтым небясьпекі. А можа, наадварот, калі такое пытаньне стане рубам, буду гэтага сам хацець. Ніхто ж дакладна ня ведае, праўда? Калі па шчырасьці, пэўная частка жыхароў зусім ня супраць, каб іх зьнесьлі. Асабліва тыя, у каго ня вельмі добрыя ўмовы для жыцьця. Побач старэнькія бабулькі ходзяць, пытаюць: ну калі ўжо пачнуць зносіць? Ім 30 гадоў абяцаюць, яны ўвесь гэты час спадзяюцца, што ўрэшце будуць мець уласны пакойчык, гарачую ваду, прыбіральню...»
Тым ня меней жыхары менскага Сельгаспасёлку ў калектыўным звароце да мясцовай вэртыкалі патрабуюць недатыкальнасці асноўных правоў і свабодаў. Яны акцэнтуюць увагу на тым, што найвышэйшым законам застаецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, а Генэральнай пракуратуры і судам прадпісана безумоўна і няўхільна гарантаваць абарону ўласнасьці. Але ў канфліктнай сытуацыі практычна нічога зь пералічанага не бярэцца пад увагу.