Словы чыноўніцы Менскага райвыканкаму пра знос дзесяці новых дамоў у Ратамцы нічым не абгрунтаваныя. Увод дамоў адбудзецца неўзабаве, і жыхарам не давядзецца даплачваць за кватэры. Такі вынік сходу жыхароў новага жыльлёвага комплексу ў Ратамцы з прадстаўніком кампаніі-забудоўніка.
Толькі на гэтым тыдні кампаніі «Драйрона» ўдалося дамовіцца з уладамі наконт уводу ў эксплюатацыю дзесяці дамоў у Ратамцы пад Менскам.
«Выйсьце з сытуацыі, чаму мы ня ўводзіліся з траўня, знойдзена», — паведаміў жыхарам Аляксей Мірашнічэнка, вядучы спэцыяліст па маркетынгу «Драйроны».
У пятніцу ён прысутнічаў на паседжаньні ў аблвыканкаме, дзе «Драйрона» разам з Генэральнай пракуратурай і ўладамі дамовілася наконт умоў, на якіх дамы будуць уведзеныя ў эксплюатацыю.
Як пісала Свабода, дамы пабудавалі яшчэ летам. Цяпер жыхары тут робяць рамонты ў сваіх кватэрах, а некаторыя нават засяліліся.
Пры гэтым дамоваў на ўласнасьць яшчэ ніхто ня мае, бо забудоўнік так і ня ўвёў у эксплюатацыю жыльлёвы комплекс.
Каб даведацца прычыну, прадстаўнікі ініцыятыўнай групы прыйшлі на прыём да намесьніка старшыні Менскага райвыканкаму Ірыны Савіцкай у панядзелак 12 чэрвеня.
«Спадарыня Савіцкая адказала, што будаўніцтва праведзена самавольна, — сказаў на сходзе Аляксей Рымша, прадстаўнік ініцыятыўнай групы жыхароў. — З прычыны таго, што няма ўзгадненьняў з санстанцыяй, чыгункай, выканкам адклікаў свой дазвол на будаўніцтва. Прынятае рашэньне выканкаму пра поўны знос усяго кварталу забудовы».
Паводле Савіцкай, рашэньне пра знос выканкам накіраваў забудоўніку. Але як паведамілі Свабодзе ў «Драйроне», ніякіх дакумэнтаў пра знос кампанія не атрымлівала.
«Выканкам ніякіх дакумэнтаў не прадстаўляў, — сказаў Рымша. — Усё выключна ў вуснай форме. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці, сказаць немагчыма».
Аляксей Мірашнічэнка, які наведаў паседжаньне аблвыканкама, таксама пацьвердзіў, што рашэньня пра знос дамоў не прымалася.
Сама Ірына Савіцкая адмовілася камэнтаваць Свабодзе сытуацыю з жыльлёвым комплексам у Ратамцы.
У той жа час «Драйрона» прызнала парушэньні заканадаўства і нават тое, што забудова праведзеная самавольна.
«Мы прызналі самавольнае будаўніцтва, якое не пацягнула сур’ёзных парушэньняў, — сказаў Мірашнічэнка. — Гэта ўзважаная пазыцыя ўсіх бакоў».
У чым дакладна правінілася «Драйрона», Мірашнічэнка так і не сказаў.
«Пры дзейным заканадаўстве мы вінаватыя, — сказаў ён. — Але мы ня скралі сродкаў, ня зьбеглі нікуды. У той час, як усе прыпынялі будоўлі і выводзілі грошы, мы тут збудаваліся».
Мірашнічэнку паабяцалі, што ў пачатку наступнага тыдня з аблвыканкаму прыйдзе дакумэнт, дзе прапішуць умовы здачы дамоў. Цягам аднаго-двух тыдняў «Драйрона» спадзяецца прайсьці апошнія экспэртызы, пасьля чаго ўлады прымуць дамы ў эксплюатацыю.
На пытаньне жыхароў, ці падключаць у дамах газ (тут няма цэнтральнага ацяпленьня, і дамы абаграюцца праз газавыя калёнкі), Мірашнічэнка адказаў, што «іншых варыянтаў няма».
«Мы ўсе тут будзем жыць», — дадаў ён.