Фінальнай часткай сьвяткаваньня сотых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі («Сьвята Незалежнасьці») мае стаць вялікі канцэрт пад адкрытым небам на менскай плошчы Свабоды 25 сакавіка. Пра гэта ў жывым эфіры Свабоды расказалі прадстаўнікі аргкамітэту Павал Севярынец, Ігар Лялькоў, Яўген Афнагель.
Паводле іх, запрашэньне выступіць са сцэны ўжо атрымалі ці яшчэ атрымаюць знакавыя артысты — Лявон Вольскі, Сяргей Міхалок ды іншыя.
Канцэрт пакуль не дазволілі — і ці дазволяць, невядома
Зрэшты, ня толькі канцэрт, але і шэсьце на Дзень Волі дагэтуль не санкцыянаваныя гарадзкімі ўладамі — тыя пакуль разглядаюць заяўку.
Летась на заяўку адказалі зь вялікім спазьненьнем — у парушэньне законаў не за пяць дзён да акцыі, а ўвечары напярэдадні яе (пісьмова дазволілі акцыю ў іншым месцы, вусна жа старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац забараніў любыя акцыі 25 сакавіка). Але за гэта нікога не пакаралі.
«Недазабароненую» акцыю на 25 сакавіка 2017 году жорстка разагналі. Каля сотні затрыманых былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.
Але калі дазволяць, Вольскі разгледзіць прапанову
Атрымаць апэратыўны камэнтар Сяргея Міхалка на момант публікацыі не ўдалося.
Лявон Вольскі перапытаў, дзе зьбіраюцца праводзіць канцэрт, а пачуўшы, што на плошчы Свабоды, адказаў: «Ну дык калі дазволяць, то будзем размаўляць». І спытаў, хто ўваходзіць у арганізацыйны камітэт сьвяткаваньня.
Саму ідэю адзначаць 100 год БНР канцэртам ён назваў «безумоўна выдатнай».
«І ня толькі музычным канцэртам! — кажа Вольскі. — Трэба яшчэ нейкім балем адзначаць. Не скажу, што як дзень сьвятога Патрыка, але ўсё мае быць вельмі станоўча, бяз гэтых нотак вечнага беларускага суму-смутку».
Вольскі мяркуе, што тое, ці будзе канцэрт, «ня вельмі ад нас залежыць», таму «нічога нельга плянаваць».
На яго думку, канцэрт на плошчы Свабоды — «сьвятым для намэнклятуры месцы» — ніхто не дазволіць, а калі нешта і дазволяць, то перанясуць некуды яшчэ, праўдападобна, на плошчу Бангалор.
На пытаньне, ці варта запрашаць на такі канцэрт, калі яго дазволяць, праўладных або ляяльных уладам артыстаў, музыка кажа, што «гэта была б добрая ідэя для аб’яднаньня, інтэграцыі» народу, але такія артысты «вельмі асьцярожныя», таму наўрад ці самі пагодзяцца.