Крэдыт у памеры 2 мільярдаў даляраў выдзеліць Беларусі Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця (ЭФСР). Перш транш чакаецца ўжо бліжэйшымі днямі.
Адпаведнае пагадненьне падпісана 25 сакавіка ў Маскве паміж прадстаўнікамі Міністэрства фінансаў Беларусі і ЭФСР.
Як адзначылі ў прэс-службе Мінфіна, крэдыт выдзяляецца «ў падтрымку мер эканамічнай палітыкі і структурных пераўтварэньняў ураду і Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь на 2016–2018 гг.».
«Пазыка прадстаўляецца асобнымі траншамі, кожны зь якіх тэрмінам 10 гадоў, у тым ліку 5-гадовы ільготны пэрыяд. Паступленьне ў рэспубліканскі бюджэт сродкаў першага траншу крэдыту ў памеры 500 млн даляраў ЗША чакаецца бліжэйшымі днямі», — падкрэсьліваюць у міністэрстве.
«Астатнія шэсьць траншаў будуць прадстаўляцца па меры выкананьня адпаведных умоў, зь іх два траншы ў 2016 годзе, тры траншы ў 2017 годзе і адзін транш у 2018 годзе», — паведамляе Эўразійскі банк разьвіцьця, які кіруе сродкамі ЭФСР.
Раней намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Тарас Надольны заяўляў, што ў 2016 годзе Беларусь разьлічвае атрымаць ад эўразійскага фонду 1,1 млрд даляраў.
Перамовы аб крэдыце ЭФСР у памеры 2 мільярдаў даляраў Менск вёў яшчэ зь мінулага году.
У 2015 годзе афіцыйны Менск падаў заяўку ў Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця на крэдыт у памеры 3 млрд даляраў. У выніку перамоваў сума пазыкі зьменшылася да 2 млрд.
Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця быў заснаваны ў 2009 годзе шэрагам краінаў былога СССР, аднак ключавую ролю ў фондзе грае Расея. Старшыня кіроўнай Рады фонду — міністар фінансаў РФ Антон Сілуанаў.