На Лагойшчыне затрымалі сямейную пару з марыхуанай на 520 тысяч даляраў

У кватэры затрыманых

Шараговыя пакупнікі марыхуаны вывелі міліцыянтаў на буйных вытворцаў наркотыкаў, расказвае УУС Менскага аблвыканкаму.

На дарозе Калачы — Лагойск апэратыўнікі спынілі машыну зь людзьмі, пра якіх мелі інфармацыю аб іх сувязі з абарачэньнем наркотыкаў. У машыне знайшлі скруткі з марыхуанай і люльку для курэньня.

У момант затрыманьня жыхары Лагойскага раёну былі пад узьдзеяньнем наркотыку. Адзін з затрыманых сьцьвярджаў, што марыхуану яму падкінулі, але апэратыўнікі кажуць, што наркотык быў загорнуты ў паведамленьне пра перавышэньне хуткасьці, дасланае на імя яго маці.

Затрыманьне вывела апэратыўнікаў на прадаўцоў марыхуаны: 34-гадовы лагайчанін і ягоная 26-гадовая жонка зрабілі плянтацыю канопляў у лесе і майстэрню для іх перапрацоўкі ў падвале ўласнага дома. У іх знайшлі звыш 26 кг гатовай марыхуаны, якую ацанілі ў больш як 520 тысяч даляраў.

Пакупнікам паводле ч.1 арт. 328 КК пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў. Прадаўцам — ад 8 да 13 гадоў турмы з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

***

За студзень-кастрычнік бягучага году колькасьць выяўленых злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамі, зьменшылася на 16%, але павялічыліся аб’ёмы канфіскацыі забароненых рэчываў: калі за цэлы мінулы год канфіскавалі 400 кг, то за 10 месяцаў бягучага году — цэлых 700 кг.

Некаторыя беларусы лічаць, што ня трэба так жорстка караць спажыўцоў наркотыкаў, а то і варта легалізаваць ужываньне марыхуаны. У ліку такіх актывісты руху Legalize Belarus і прадстаўнікі руху «Маці-328». Пэтыцыю за дэкрыміналізацыю ўжываньня марыхуаны падпісалі больш за чатыры з паловай тысячы разоў.

У шэрагу краінаў сьвету дазволена мэдычнае ўжываньне марыхуаны (яна сапраўды можа дапамагаць пры пэўных хваробах, выпісваецца лекарамі), а ў некаторых краінах дазволена і «рэкрэацыйнае» ўжываньне — для адпачынку. Паводле некаторых дасьледаваньняў (напрыклад, гэтага або гэтага) марыхуана нібыта менш шкодная за алькаголь ці тытунь, але яе ўжываньне сапраўды мяняе паводзіны людзей. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што з марыхуаны людзі пераходзяць і на больш цяжкія наркотыкі.