Сэйм Польшчы прыняў у другім чытаньні законапраект аб легалізацыі марыхуаны (канабісу) у мэдычных мэтах. Як адзначае польскі Newsweek, партыі ўлады і апазыцыі знайшлі згоду наконт законапраекту, хоць мелі даволі розныя падыходы. 440 дэпутатаў былі за, 2 супраць, 1 устрымаўся.
Калі законапраект пройдзе ўсе працэдуры прыняцьця і калі яго падпіша прэзыдэнт (у гэтым польскія СМІ не сумняваюцца), у польскіх аптэках будуць легальна прадаваць па рэцэптах алей з канапель, выраблены з замежнай сыравіны (напэўна, нідэрляндзкай). Марыхуана, як мяркуецца, будзе ў аптэках даволі дарагой, а грошы за яе куплю па рэцэпце ніяк ня будуць кампэнсаваць, ды й атрымаць рэцэпт зможа ня кожны ахвочы (марыхуана, як паказваюць дасьледаваньні, дапамагае ў выпадках расьсеянага склерозу, эпілепсіі і хваробы Паркінсона ды іншых, але далёка ня ўсіх хваробаў).
Але год таму Выбарчы камітэт «Кукіз’15», які мае фракцыю ў парлямэнце Польшчы, прапаноўваў больш лібэральную вэрсію закону з дазволам вытворчасьці марыхуаны ў межах краіны, у тым ліку з дазволам вырошчваць марыхуану самім пацыентам. З гэтым не пагадзілася партыя ўлады «Права і справядлівасьць» — маўляў, насельніцтва ня так і шмат, каб запускаць складаны працэс вытворчасьці марыхуаны ў краіне. Неафіцыйна жа мяркуецца, што ПіС баіцца, што марыхуану пачнуць выкарыстоўваць не ў мэдычных, а ў «рэкрэацыйных» (забаўляльных) мэтах. Апазыцыйная «Грамадзянская плятформа» абяцала прадоўжыць змагацца за больш лібэральныя папраўкі.
Дэпутат ПіС Гжэгаж Рачак, які прадставіў законапраект у Сэйме, кажа, што папраўкі ў канчатковым варыянце — гэта «несумненны кампраміс паміж сьветам навукі, які вельмі асьцярожна падыходзіць да лячэбнага дзеяньня канапель, і сьветам эмоцыяў».
Але пакуль закон не падпісаны прэзыдэнтам і не набыў сілы, марыхуана ў любым выглядзе лічыцца ў Польшчы наркотыкам. За яе імпарт і абарачэньне пагражае да 5 гадоў турмы, за выраб — да 3 гадоў у малых колькасьцях, мінімум 3 гады у вялікіх. Максымальная кара за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі, — 15 гадоў турмы. Незаконна валодаць нават 1 г марыхуаны, адной таблеткай экстазі або 0,1 г амфэтаміну, калі валоданьне наркотыкамі наўмыснае. За гэта могуць пасадзіць на тэрмін ад 1 месяца да 3 гадоў, а калі колькасьць наркотыкаў значная — да 10 гадоў. Праўда, суд можа прызнаць парушэньне закону нязначным і тады пакараць толькі штрафам.
Калі закон будзе падпісаны прэзыдэнтам у цяперашнім выглядзе, за марыхуану без рэцэпту і «не праз аптэку» ўсё роўна будуць караць, як за іншыя наркотыкі.
У Беларусі ж законы пра наркотыкі значна больш жорсткія. Праціўнікі артыкулу 328 КК Рэспублікі Беларусь у яго цяперашнім выглядзе лічаць, што апэратыўнікам дадзеная неабмежаваная ўлада, яны могуць завесьці справу апэратыўнага ўліку, паставіць чалавека ў распрацоўку нават без санкцыі пракурора і потым лёгка падвесьці чалавека, які адзін раз спатыкнуўся, да прысуду ў 10 гадоў.