У лістападзе на менскай вуліцы Камуністычнай зьявіўся помнік абстрактнаму паэту, у якім некаторыя пазналі Ўладзімера Караткевіча. Але помнік прысьвечаны не яму — аўтар кажа, што Караткевіч «патрабуе больш фундамэнтальных і плошчы, і месца».
Тым часам у Менску няма нават вуліцы імя Ўладзімера Караткевіча: вуліца Караткевіча ёсьць, але названая ў гонар савецкага падпольшчыка Дзьмітрыя, які меў тое самае прозьвішча, што і пісьменьнік.
Летась беларусы на Facebook разважалі, каму варта ўсталяваць помнікі, у Facebook-суполцы «Пастаў свой помнік». Абмеркаваньне ініцыяваў літаратар Міхаіл Валодзін. Свабода пагутарыла зь ім і іншымі «знаўцамі Менску» пра асабістыя сьпісы помнікаў, якія трэба ўсталяваць перадусім.
Сафія Менская, Васіль Быкаў... і Чабурашка, — Міхаіл Валодзін
«У Менску наагул вельмі мала помнікаў, якія павінны былі б стаяць, — кажа Валодзін. — Па-першае, мне здаецца, што трэба паглядзець у далёкае мінулае, на легендарнае заснаваньне Менску. Павінен стаяць помнік легендарнаму заснавальніку Мянеску, які ў сымбалічнай форме мае паказаць пачатак Менску, што сыходзіць у неспазнанае.
Менск — адзін зь нешматлікіх гарадоў, што пачынае сваё нараджэньне са сьмерці. Наступны помнік — гэта помнік бітве на Нямізе, зь якой бярэ адлік гісторыя гораду. Гэта помнік гібелі старога і нараджэньню новага. Я б таксама адзначыў помнік Сафіі Менскай, якая дала ў сьвеце пачатак некалькім дынастыям, умацавала памяць пра наш горад у Скандынавіі, у Таліне...
Калі пераносіцца ў бліжэйшае мінулае, то наш горад ня можа існаваць, на маю думку, бяз трох помнікаў беларускім літаратарам: перадусім Васілю Быкаву, Уладзімеру Караткевічу і Рыгору Барадуліну. Таксама горад ня можа існаваць бяз двух помнікаў ахвярам Сталіна: найвялікшаму, на маю думку, літаратару Мойшу Кульбаку, які быў забіты ў 1937 годзе, і Саламону Міхоэлсу, забойства якога арганізавалі ў 1948 годзе.
Мне вельмі хацелася б, каб зьявіліся помнікі героям майго і вашага дзяцінства: Чабурашку і Старому Хатабычу. У пераносным сэнсе гэта помнікі Леаніду Шварцману і Лазару Лагіну, іх стваральнікам. Шварцман жыў да 20 год у Менску і вучыўся маляваць, і гэта адзін з найвялікшых мультыплікатараў. Мы не павінны раскідвацца такімі нашымі землякамі! А Лагін жыў тут з 4 да 20 год — для мяне было адкрыцьцём, калі я пабачыў, што зачын Старога Хатабыча ідзе зь Менску».
Валодзін таксама марыць пра «помнік тым, хто пераадолеў Бабілён»: сымбалічны помнік людзям рознай нацыянальнасьці, веры і культуры, якія здолелі збудаваць жыцьцё поплеч і мірна жыць побач без пагромаў і забойстваў. Ён адзначае, што на пачатку ХХ стагодзьдзя па ўсёй Расейскай імпэрыі адбываліся этнічныя сутыкненьні, пагромы і «гарадзкія войны», але Беларусь адзначылася толькі дзьвюма ўспышкамі гвалту, і то параўнальна невялікімі.
Займаўся Валодзін і праектам усталяваньня на колішнім гатэлі «Беларусь» (цяпер «Краўн Плаза») мэмарыяльнай дошкі пра песьню «Синий платочек», якая была там напісаная — але давялося часова закінуць ідэю праз занятасьць іншымі справамі.
Але ёсьць і помнікі, якіх «лепш каб не было б», дадае Валодзін. Станіслаў Манюшка і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч адназначна вартыя ўшанаваньня, і за помнікі ім шмат змагаліся. Але ў тым помніку, што нядаўна ўсталявалі на плошчы Свабоды, з гістарычнага гледзішча «столькі памылак, столькі хлусьні і столькі холаду», што лепей было бы пачакаць зь яго ўсталяваньнем дзясятак год, мяркуе літаратар. А побач з Палацам Рэспублікі, «які праклінаюць усе менчукі», варта было б паставіць скульптуру-напамін пра колішні дамініканскі сабор, што быў на рагу цяперашніх Інтэрнацыянальнай і Энгельса.
Тадэвуш Касьцюшка як фігура ўсясьветнага маштабу, вядома, варты помніка, кажа Валодзін. Але тое, як нядаўна зьбіралі грошы на помнік Касьцюшку, яму не падабаецца: спачатку павінна быць мадэль і месца, а потым збор грошай. Кастусь Каліноўскі — сымбаль свабоды, вызваленьня беларусаў, і помнік яму патрэбны, кажа Валодзін, але перадусім трэба аднавіць «унутраныя сувязі» людзей, бо «нельга раскідаць стасункі між вялікімі групамі людзей». А называць вуліцы імёнамі палітычных дзеячоў, на думку Валодзіна, ня варта: помнікі — так, вуліцы — не, кажа ён. Вуліцы мяняюць канфігурацыю, узьнікаюць і зьнікаюць, лепей даваць ім нэўтральныя назвы.
Менск як горад мастацтва і маладосьці, — Харэўскі
Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі кажа Свабодзе, што Менск як сталіца нацыі павінен мець помнікі «правадырам»: і Канстанціну Астроскаму, і Льву Сапегу, і Кастусю Каліноўскаму. Але гэта павінны быць не «сувэнірныя дробязі», а сапраўды прадуманыя рэчы.
Таксама, мяркуе ён, у Менску трэба паставіць помнікі менскаму князю Глебу як заснавальніку гораду і ягонай унучцы Сафіі Валадараўне — князёўне менскай, якая стала каралевай Даніі, маці дацкіх і швэдзкіх каралёў.
Але, кажа Харэўскі, асобаў такога маштабу назавуць і іншыя, ён жа хоча згадаць людзей мастацтва:
«Я лічу, мы мусім паставіць помнікі нашым мастакам: несправядліва, што мы аддаём гэтыя ляўры Віцебску. Менавіта ў Менску выгадаваліся як мастакі Хаім Суцін, Шрага Зарфін, Фэрдынанд Рушчыц, Уладзіслаў Страмінскі... І Антон Краснапольскі, які па вайне аднаўляў зруйнаваны Гданьск. Гэта ж усё чыста менскія гадаванцы! І тыя людзі, якія тут перабывалі, жылі і гасьцявалі, кшталту Юзафа Пешкі, Барталамея Лювэрня альбо Напалеона Орды — якія ўславілі Менск, якім мы яго любім і помнім. І Оскар Марыкс, які стаў заснавальнікам нашай школы сцэнаграфіі».
Харэўскі мяркуе, што на месцах майстэрняў менскіх мастакоў варта прынамсі ўсталяваць мэмарыяльныя шыльды, згадаць шматлікія імёны, сканчаючы імёнамі Ўладзімера Басалыгі, Алеся Марачкіна і Віктара Маркаўца. Варта ўшанаваць мэмарыяльнымі шыльдамі і адрасы Беларускай Народнай Рэспублікі, якіх у Менску набярэцца пару дзясяткаў, каб людзі адчувалі сваю «спрычыненасьць».
Ён прапануе ўшанаваць помнікамі і лекараў — Карла Гюбэнталя, які ў напалеонаўскія часы вынайшаў мэтад лекаваньня пераломаў трубчатых костак з дапамогай гіпсавай павязкі; Вільгельма Гіндэнбурга, якога Фёдар Дастаеўскі называў «агульначалавекам»; Івана Здановіча, які стварыў вучэльню і майстэрню для сьляпых дзяцей.
Харэўскі адзначае, што для сьвету Менск значны як месца пахаваньня ахвяраў сталіншчыны і галакосту — і беларусаў, і габрэяў, і літоўцаў, і палякаў, і ўкраінцаў. Зрэшты, многія ня ведаюць, па якой зямлі ходзяць.
«Але Менск і самы малады горад — ён вырас на два мільёны за 70 гадоў, як ніводная іншая сталіца Эўропы, — дадае Харэўскі. — Я б бачыў найважнейшым помнікам помнік паваенным пакаленьням, якія ня ведалі ні страху вайны, ні страху голаду, а толькі радасьць адкрыцьцяў.
Помнік нашай будучыні, нашай маладосьці павінен стаць галоўным у нашым горадзе».
З палітыкамі лепей пачакаць некалькі дзесяцігодзьдзяў, — Зелянкоў
Краязнаўца Вадзім Зелянкоў называе сярод тых, каму варта паставіць помнікі, выбітных лекараў-гуманістаў XIX–XX стагодзьдзяў: Данііла Спасовіча, Вільгельма Гіндэнбурга, Восіпа Лунца, Івана Здановіча. Калі ня помнікаў, то прынамсі мэмарыяльных шыльдаў вартыя меней вядомыя шырокім масам навукоўцы Леў Арцымовіч, Аркадзь Брыш, Міхаіл Ельяшэвіч. Няма ў Менску нават мэмарыяльных шыльдаў дырыжорам і пэдагогам Ільлю Мусіну і Віталю Катаеву. Такія сьпісы, кажа Зелянкоў, можна доўга працягваць, і гэта толькі людзі, зьвязаныя зь Менскам — па ўсёй Беларусі можна назваць значна больш выбітных асобаў.
Зь пісьменьнікамі, кажа Зелянкоў, прасьцей: першыя ў чарзе — Васіль Быкаў і Ўладзімер Караткевіч. З гістарычнымі асобамі цяжэй: калі той жа Ўсяслаў Чарадзей адназначна «заслужыў» свой помнік, то пра Глеба Менскага ён сумняецца: акрамя таго, што ён быў першым князем, іншых яго заслугаў няма.
«Што тычыцца палітыкаў, то з гэтым сьпяшацца ня варта, — раіць Зелянкоў. — Палітычныя ацэнкі, як у тым савецкім анэкдоце, вагаюцца разам з генэральнай лініяй. Лепш вычакаць некалькі дзесяцігодзьдзяў».