Шэраг палітычных і грамадзянскіх актывістаў, сярод якіх шмат былых палітычных зьняволеных, стварылі Камітэт па вызваленьні палітвязьняў, расказала на Facebook Марына Адамовіч, жонка былога палітвязьня Міколы Статкевіча, якая стала каардынатаркай камітэту.
У камітэт увайшлі Ўладзімер Някляеў, Славамір Адамовіч, Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Максім Вінярскі, Алег Воўчак, Зьміцер Касьпяровіч, Яўген Афнагель і іншыя.
Як тлумачыць Свабодзе Адамовіч, чальцоў камітэту не адбіралі папярэдне: так выйшла, што калі названыя людзі сабраліся разам, каб абмеркаваць, як дапамагчы зьняволенаму Сьвятаславу Барановічу, яны вырашылі стварыць камітэт дзеля каардынацыі дапамогі цяперашнім палітвязьням. Адамовіч кажа: далучыцца да камітэту можа любы, хто хоча дапамагчы.
«Найперш падтрымка патрэбная людзям, зьняволеным празь цяперашнюю практыку ўладаў, калі палітычнае перасьледаваньне замаскаванае крымінальнымі абвінавачаньнямі, — кажа яна Свабодзе. — Таму мы вырашылі, што трэба аб’ядноўваць намаганьні, каб спрыяць іх вызваленьню і спыняць такую практыку».
Першая заява камітэту была прысьвечаная Сьвятаславу Барановічу, асуджанаму на тры гады турмы за тое, што ён бараніў анархістаў ад «людзей у цывільным», якія аказаліся супрацоўнікамі міліцыі. Яна таксама згадвае зьняволеньне Зьмітра Паліенкі, асуджанага нібыта за напад на міліцыянта, і затрыманьне журналіста Зьмітра Галко, якога падазраюць у нападзе на міліцыянта. Але гэты сьпіс няпоўны, дадае яна — «сытуацыя сыстэмная».
«Праваабаронцы вельмі скаваныя сваімі крытэрамі: часта праходзіць вялікі час перад тым, як яны прызнаюць чалавека палітвязьнем, — кажа Адамовіч. — Што тычыцца „нападаў на супрацоўнікаў міліцыі“, дык толькі Зьміцер Паліенка быў прызнаны палітвязьнем.
Гэта вельмі сумны і вельмі, на жаль, эфэктыўны досьвед, калі актывістаў, якія „мазоляць вочы“ ўладам, абвінавачваюць у хуліганстве, як было з Андрэем Бандарэнкам, у нападзе на супрацоўнікаў міліцыі, што ўжо было некалькі разоў... Чаго вартыя толькі тыя навагоднія стрэлы, калі чалавек стаўся ахвярай і быў абвінавачаны ў нападзе на міліцыянта!»
Дапамагчы такім зьняволеным, кажа яна, можна і праз агучваньне іхных імёнаў на пікетах салідарнасьці, і праз збор перадачаў, і праз кампаніі па зборы грошай накшталт #by_help (на дапамогу Барановічу яны сабралі ўжо амаль тысячу даляраў), і праз звароты да міжнароднай супольнасьці.
Справа Барановіча, мяркуе Адамовіч, была «пасылам калясальнай сілы» ад улады да ўдзельнікаў патэнцыйных пратэстаў у бліжэйшы час: і міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч гразіў крымінальнай адказнасьцю тым, хто будзе бараніць іншых ад «людзей у цывільным», і Аляксандар Лукашэнка казаў пра тое, што любыя несанкцыянаваныя акцыі пратэсту будуць жорстка душыцца.