Тры гады таму было заяўлена пра пачатак рэстаўрацыі адной з рэзыдэнцыяў магнацкага роду Сапегаў у Гальшанах. Аднак за прамінулы час візуальныя зьмены на пляцоўцы мала заўважныя і збольшага настройваюць на пэсымістычны лад.
Кіраўнік праектнага бюро Беларускага аддзяленьня ICOMOS Ігар Раханскі прызнае: з гледзішча шырокіх пластоў у Гальшанскім замку за апошнія гады сапраўды нічога кардынальна не зьмянілася. А вось для вузкіх спэцыялістаў могуць уяўляць цікавасьць два моманты.
Па-першае, у выніку раскопаў знайшлі невядомыя раней парэшткі галерэі, якая прымыкае да дваровага фасаду — адпаведна, рэканструктарам давядзецца істотна карэктаваць сваю працу. Па-другое, пройдзена дзяржаўная экспэртыза будаўнічага праекту рэстаўрацыі Паўночнай вежы — значыць, зьнятыя бюракратычныя перашкоды, каб весьці працы на гэтым замкавым элемэнце. Аднак усё разьбіваецца аб суровую будзённасьць: сродкаў няма ні на далейшае праектаваньне, ні на працы па ўзгодненым праекце.
Апроч таго, як кажа суразмоўца, дагэтуль зацікаўленыя ведамствы ня маюць выразнай канцэпцыі выкарыстаньня ўжо адрэстаўраванага аб’екта:
«Для ўсіх аб’ектаў павінна быць дакладна вызначана: рэстаўрацыя і рэканструкцыя, рэстаўрацыя з прыстасаваньнем і г.д. То бок заўсёды ёсьць яшчэ адзін нюанс, які ўлічвае, тлумачыць новую функцыю, сучаснае прызначэньне. У Гальшанскага замка гэтага няма. Кансэрвацыя з фрагмэнтарнай рэстаўрацыяй — і кропка. Гэта няправільна. Што б мы ні рабілі і што ні спрабуем рабіць цяпер, прыходзяць вандалы, усё абдзіраюць, раскрадаюць, паляць, ламаюць. А ўсё таму, што няма сучаснай функцыі, няма гаспадара. Фармальна — сельсавет, але гэта не гаспадар.
Мы разумеем, што гэта недахоп, што гэта няправільна пастаўленая для нас, праектантаў, задача. Таму, пашыраючы акрэсьленыя парамэтры, самі для сябе вызначыліся і, як кажуць, левай нагой чэшучы правае вуха, узялі свой арыенцір: будзем рабіць Гальшанскі замак як парк-музэй. Вось такую прыдумалі канцэпцыю. Нягледзячы на афіцыйныя рамкі, у нашым працэсе праектаваньня прадугледжваем сучасныя функцыі — парк-музэй. Калі праект спрацуе, будзем лічыць, што ўсё зрабілі правільна. А пры выкананьні задачы індыкатарам якасьці паставілі сабе наступнае: калі па паркавай тэрыторыі пачнуць гуляць мамачкі з вазкамі — значыць, парк адбыўся. Такі вось індыкатар, які самі сабе і прыдумалі».
Гальшанскі замак быў узьведзены на загад Паўла Стэфана Сапегі чатыры стагодзьдзі таму — каля 1610 году. Нягледзячы на атрыманую ад сучасьнікаў красамоўную назву «Каменная кветка», выконваў ён збольшага транзытныя функцыі — тут прадстаўнікі сям’і спыняліся на шляху да эўрапейскіх сталіц.
Тым ня меней, сьцьвярджаюць дасьледчыкі, другаснасьць палаца не адбілася на багацьці яго вонкавага і ўнутранага аздабленьня — тут была ляпніна на столі і камінах, падлога з тэракотавых плітак, кафляныя печы. Жывапісную калекцыю, унікальную бібліятэку і выставу зброі дапаўняла апошняе слова тагачасных тэхналёгіяў — сыстэма ацяпленьня, водаправод і каналізацыя (ня ўсе гальшанцы могуць пахваліцца іх наяўнасьцю і ў ХХІ стагодзьдзі).
За сваю багатую гісторыю замак аброс шматлікімі легендамі, адпаведна, адна з задач рэстаўратараў — адаптаваць помнік пад сучасныя патрэбы, увесьці ў культурны абарот. А з гэтым, кажа Ігар Раханскі, вялікія праблемы:
«Тут неабходна ўдакладніць: у нас самыя вялікія праблемы ўзьнікаюць, як бы гэта лепш сказаць, у працэсе кампіляцыі. То бок пры далучэньні на ўзроўні праектна-каштарыснага камплекту той часткі дакумэнтацыі, якая адказвае за новае прызначэньне аб’екта, а таксама той, якая адказвае за рэстаўрацыю, то бок за захаваньне старой формы. Вось менавіта на сутыку гэтых дзьвюх асобных частак праекта, як на мой погляд, і паўстаюць найбольш складаныя пытаньні».
Your browser doesn’t support HTML5
Ці вырашальныя такія пытаньні ў прынцыпе? Як сьведчыць практыка, для бальшыні гістарычных аб’ектаў палацавага фармату — за выключэньнем хіба камэрцыялізаванай зьвязкі Нясьвіж-Мір — функцыянальнае прызначэньне ў сучасных умовах зусім не акрэсленае. Гэта яскрава бачна на прыкладзе мясьцінаў, якія, адрозна ад Беларусі, не з нацяжкай, а ўпэўнена можна называць «краінамі замкаў». Прыкладам, у аналягічнай па колькасьці насельніцтва і ўтрая меншай тэрытарыяльна Чэхіі зь нерухомай спадчынай фактычна няма праблемаў: амаль кожны замак жылы, і руплівы гаспадар папросту не дазволіць яму ператварыцца ў руіну:
«Скажам так, у іх меней праблемаў, гэта факт. Але я перакананы, што з улікам мясцовай спэцыфікі праблемы ёсьць у любой краіне. І традыцыйная для ўсіх праблема — сумясьціць сучаснае і мінулае. Вось гэта самая вялікая складанасьць у рэстаўрацыі. Замірыць іх — той час і гэты. Безумоўна, усе пытаньні вырашальныя. Толькі бяда ў тым, што ў нас ня могуць граматна вызначыць сучасную функцыю таго ці іншага гістарычнага аб’екта.
То бок з рэстаўрацыяй больш-менш усё зразумела: ёсьць адмыслоўцы, ёсьць пазыцыя Міністэрства культуры (ня самая горшая). А як даходзіць да асновы, прызначэньня — адразу ступар, у гэтым амаль ніхто нічога не разумее. Іншымі словамі, як правільна надаць аб’екту новае прызначэньне, якое павінна быць ранжыраваньне такіх прызначэньняў?
Трэба заявіць дзьве рэчы. Першае: найбольш прыярытэтным у нашай краіне павінна быць вяртаньне гістарычнай функцыі. Другое: калі нельга надаць гэтаму аб’екту гістарычную функцыю, то хоць бы прыкамандзіраваць да яго гаспадара».
Наступныя пасьля Сапегаў гаспадары Гальшанаў ня здолелі годным чынам распарадзіцца архітэктурнай спадчынай, і да нашых часоў замак дайшоў у вартым жалю выглядзе. Але калі «рамонт» знакавага аб’екта і надалей будзе суправаджацца канцэптуальнымі разыходжаньнямі ды татальным безграшоўем, праблемай № 1 стане непазьбежны фінал — захаваць старадаўнія муры хоць бы ў цяперашнім выглядзе, не замахваючыся на аднаўленьне архітэктурных элемэнтаў і разьмяшчэньне музэйнай экспазыцыі:
«Зноў жа, Гальшанскі замак. Фармальна пры замку павінен быць граф. Граф’ёў у нас няма. Значыць, гістарычную функцыю як рэзыдэнцыю магната аднавіць немагчыма. Прабачце. Як правіла, апускаецца рангам ніжэй — музэй. А дзе браць экспанаты? Дык усё ж музэй ці штосьці іншае? Чаму тады не сумяшчэньне функцыяў, як у Белым доме? Сьцяг узьнялі — рэзыдэнцыя прэзыдэнта ЗША. Сьцяг апусьцілі, прэзыдэнт сышоў — цяпер гэта музэй, па якім водзяць і паказваюць. Прыкладна тое ж у Крамлі — сумяшчэньне функцыяў.
У нас гэтыя пытаньні не асэнсаваныя, не прапрацаваныя і не даведзеныя да канкрэтных нарматыўных дакумэнтаў, якімі карыстаюцца праектанты. Таму ўзьнікае канфлікт на сутыку разьдзелаў — рэканструкцыі і рэстаўрацыі, як яны называюцца ў афіцыйных паперах. Ня блытаць з навуковай рэканструкцыяй, якую ў Гальшанах рабіў Сяргей Верамейчык — маляваў эскізы, у Нясьвіжы робіць Мікалай Волкаў. Гэта іншае, навуковы бок. А юрыдычная тэрміналёгія — рэканструкцыя, наданьне новай функцыі аб’екту — вось тут самыя вялікія праблемы неразуменьня».
Кіраўнік праектнага бюро Беларускага аддзяленьня ICOMOS Ігар Раханскі выказвае меркаваньне, што Гальшаны наўрад ці стануць узорам для перайманьня ў справаздачах дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі» (дарэчы, яе дзейнасьць разьлічана да 2018 году). Прынамсі, сацыяльная нагрузка авеянага легендамі «чорнага замку» мінімізаваная адпачатку. Нават нягледзячы на тое, што ў сваёй працы праектанты актыўна задзейнічаюць гуманітарныя ноў-хаў:
«Насамрэч я ведаю, што мы малайцы, ведаю (сьмяецца). Я ўвогуле пра іншае кажу, пра рэальны прыклад: нідзе парк-музэй у заданьнях не фігуруе, індыкатар мамачак з вазкамі не прапісаны. Нідзе гэтая сацыяльная функцыя афіцыйна не зарэгістраваная. І калі мы будзем сьлепа кіравацца спушчанымі дакумэнтамі і працэдурай узгадненьня-зацьвярджэньня, там атрымаецца абсалютна ня тое, бо, паўтаруся, сацыяльная нагрузка ўвогуле не прадугледжана.
Слухайце ўважліва: кансэрвацыя з фрагмэнтарнай рэстаўрацыяй. Груба кажучы, кансэрвацыя — гэта гідраізаляцыя капілярнага падсосу і накрыцьцё ад атмасфэрных ападкаў. То бок шапка і боты — вось што такое кансэрвацыя. Фрагмэнтарная рэстаўрацыя — ну, умоўна кажучы, дзесьці вежу адновім на ўзор 1812 году, дзесьці, магчыма, печ збудуем. То бок фрагмэнтарна ў гэтых руінах нешта зробім, адрэстаўруем — пад дахам у добрых галёшах. Вось і ўсё, што мы павінны зрабіць, разумееце? У афіцыйным заданьні гаворка нават не ідзе пра экспазыцыю. Іншымі словамі, чыста тэхнічныя пытаньні. І як гэта ўсё потым прад’явіць соцыюму — пытаньне няпростае».
Пасьля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай Сапегі ў Гальшаны больш не наведваліся. «Каменная кветка» пераходзіла з рук у рукі, пакуль канчаткова ня зьвяла. Пачатак маштабнаму руйнаваньню замка пры канцы ХІХ стагодзьдзя паклаў расейскі памешчык Гарбанёў: падрываў вежы, сьцены ды зарабляў на продажы цэглы мясцоваму люду. Тым ня менш да прыходу ў 1939 годзе бальшавікоў у рэштках замка жылі зь дзясятак сем’яў. Але за саветамі ўсялякі напамін пра буржуазныя замашкі быў вынішчаны, а цэгла-«пальчатка» сярэднявечных майстроў пайшла на калгасныя патрэбы. Культурны слой канчаткова сышоў у нябыт, калі побач збудавалі кароўнік і выкапалі сіласныя ямы.