Два гады абмежаваньня волі прысудзілі 5 сьнежня двум фігурантам справы аб камэрцыйным шпіянажы, перадае БЕЛТА. Абвінавачаныя цалкам прызналі віну і пакаяліся.
48-гадовага жыхара Берасьця і 41-гадовага жыхара Менску прызналі вінаватымі ў камэрцыйным шпіянажы (ч.1 арт. 254 КК РБ) і замаху на дачу хабару ў буйным памеры (ч. 2 арт. 431 КК РБ). Ім прысудзілі два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (адбываць пакараньне будуць па месцы жыхарства) і 400 базавых велічыняў штрафу (9200 рублёў), а таксама кампэнсацыю «неабгрунтаванага» прыбытку ў 528 рублёў. Да таго, як прысуд набудзе моц (пакуль ён можа быць абскарджаны), абвінавачаныя застаюцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Фігуранты справы, паводле суду, незаконным спосабам атрымалі зьвесткі пра тэхналёгію вытворчасьці смалы і рэцэптуры фарбы, што выкарыстоўваюцца для дарожнай разьметкі, распрацаваныя і ўжываныя СТАА «СТіМ Брэст». Зьвесткі яны зьбіраліся перадаць замоўцу з Расеі за ўзнагароду ў 1 млн расейскіх рублёў (34,3 тысячы беларускіх рублёў на момант публікацыі).
Дзеля атрыманьня інфармацыі яны перадалі службовай асобе хабару на 2500 даляраў, мусілі перадаць яшчэ столькі жа. Фігурантаў справы затрымалі ў Берасьці 31 ліпеня.
Папярэдняя справа — з удзелам Эмануіла Зэльцэра
Гэтая справа стала першай за 9 гадоў справай аб камэрцыйным шпіянажы ў Беларусі.
Амэрыканскі адвакат Эмануіл Зэльцэр быў затрыманы 12 сакавіка 2008 году і правёў пад вартай 16 месяцаў. Суд прызнаў Зэльцэра і Ўладлену Функ вінаватымі ў выкарыстаньні фальшывых дакумэнтаў і замаху на камэрцыйны шпіянаж. Падрабязнасьці справы дагэтуль невядомыя, адвакат Зэльцэра падпісаў дакумэнт аб невыдаваньні дзяржаўнай таямніцы. Зэльцэр у выніку атрымаў тры гады, пэўны час трымаў галадоўку, быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам, выйшаў на волю і вярнуўся ў ЗША, адкуль спрабаваў судзіцца зь «Белнафтахімам». Паводле амэрыканца, беларускі КДБ трымаў яго ў закладніках і катаваў з мэтай прымусіць ЗША зьняць эканамічныя санкцыі зь беларускай кампаніі.
Новых справаў за камэрцыйны шпіянаж з таго часу не распачыналі.