Наступствы эканамічнага крызісу, які перажывае цяпер Беларусь, — тэма, якая ўсё часьцей гучыць у пошце Свабоды. За апошнія дзесяцігодзьдзі краіна ня раз сутыкалася з падобнымі праблемамі, але ніколі раней яны не набывалі такога маштабу і не трывалі такі працяглы час.
Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Пётар Шышко зь Менску піша:
«Такое ўражаньне, што ва ўсіх раптам скончыліся грошы. Працы няма, заробкі скарачаюцца, знайсьці нейкую падпрацоўку — нерэальна, пэнсіі не растуць... Мне ў гэтай сувязі згадваюцца не такія ўжо далёкія часы, калі здавалася, што грошай у Беларусі няма куды падзець. Колькі лядовых палацаў тады ў нас набудавалі, колькі гатэляў і офісаў! А які шыкоўны прэзыдэнцкі палац зьявіўся на праспэкце Пераможцаў!
Вось я і думаю: калі ў дзяржаве такая крытычная сытуацыя, зусім няма грошай — можа, прадаць усю гэтую непатрэбшчыну, якая прыносіць нам адны страты? Яны ж цяжкім каменем вісяць на шыі дзяржаўнага бюджэту — і палацы гэтыя, і рэзыдэнцыі! Нам есьці няма чаго, а тут яшчэ аплочвай лядовыя забавы гэтых дармаедаў. Дзе ж тут лёгіка?».
Улада ў сёньняшніх умовах, можа, і ня супраць была б прадаць усе гэтыя палацы — ды толькі хто іх купіць? Прыватныя ўласьнікі, бізнэсоўцы купляюць тое, што можа прыносіць прыбытак. А каб лядовая арэна стала прыбытковай, трэба, каб у краіне было дастаткова тых, хто здольны выкладваць сотні даляраў за квіткі на матчы, за заняткі хакеем, за лядовыя забавы... Калі заробак у чалавека не перавышае 200 даляраў — ці аддасьць ён 50 даляраў за абанэмэнт? Хакей ды іншыя «лядовыя» віды спорту — занятак для заможных людзей. Вось таму лядовыя палацы актыўна будуюцца пераважна ў багатых заходніх краінах. Беларускія ўлады чамусьці палічылі, што ў Беларусі магчыма зрабіць па-іншаму...
Аўтар наступнага ліста Алесь Гагін са Смаргоні, азіраючыся на нядаўнюю выбарчую кампанію, параўноўвае яе з кампаніямі пачатку і сярэдзіны 90-х гадоў. Ён піша:
«Цяпер 90-я гады згадваюцца найчасьцей у нэгатыўным сьвятле. Маўляў, жылося цяжка, квітнелі анархія і бандытызм. А мне вось згадваецца іншае. Напрыклад, тое, што выбарчыя кампаніі тады былі сапраўды цікавыя, яркія, запамінальныя. Памятаю, напрыклад, як у сярэдзіне 90-х гадоў у нас вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Зянон Пазьняк. Якія цікавыя тады сустрэчы зь ім наладжваліся!
А што цяпер? У нас у Смаргоні вылучаліся ажно пяцёра кандыдатаў у дэпутаты. А сустрэчаў з выбарцамі, наколькі я ведаю, не было ні разу. Вось цікава: чаму раней гэта ўсе лічылі неабходным, а цяпер абыходзяцца ўвогуле без кантактаваньня з народам?»
Дык на пачатку і ў сярэдзіне 90-х гадоў выбары ў Беларусі былі адносна свабоднымі і дэмакратычнымі. Паміж кандыдатамі існавала рэальная канкурэнцыя. Выбарчыя камісіі былі пад грамадзкім кантролем, за падлікам галасоў рэальна сачылі незалежныя назіральнікі. Цяпер нічога гэтага няма. Сьпісы пераможцаў выбараў з дакладнасьцю ў 98 працэнтаў задоўга да галасаваньня публікуюць незалежныя мэдыі. Бо ў рэчаіснасьці лёс дэпутацкіх мандатаў вырашаецца не на выбарчых участках, а ў чыноўніцкіх кабінэтах. Якія дэпутаты — такая і выбарчая кампанія.
Пра мінулыя выбары згадвае ў сваім новым лісьце і наш даўні слухач і аўтар Віктар Макаловіч зь вёскі Няловы Валожынскага раёну. Ён піша:
«Рэгулярна сачу за палітычнай сытуацыяй у нашай краіне, слухаю вашы перадачы. На жаль, становішча з правамі чалавека ў нас у бок паляпшэньня практычна не мяняецца. Як сказала ў сваім публічным выступе адна з праўладных кандыдатак у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, гэтая праблема для Беларусі нібыта „не актуальная“. Вось так, ні больш і ні менш. На мой погляд, гэта верх абсурду і цынізму.
Раней я ўжо ня раз пісаў на Свабоду пра сваю праблему. Я калісьці пацярпеў ад палітычнай псыхіятрыі. Потым дзесяцігодзьдзямі спрабаваў адстойваць свае парушаныя правы, аднавіць справядлівасьць — безвынікова. Усьведамляю, што маю праблему магчыма вырашыць толькі з дапамогай незалежных псыхіятраў, якія б не падпарадкоўваліся палітычнаму кіраўніцтву краіны. Але як гэта зрабіць? Можа, нашы незалежныя дэпутаты, якія гэтым разам усё ж трапілі ў парлямэнт, дапамогуць?».
Незалежных дэпутатаў (а дакладней — дэпутатак) у Палаце прадстаўнікоў, як вядома, дзьве, і магчымасьці іхныя неяк уплываць на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі надзвычай абмежаваныя. Бадай, адзінае, што яны могуць зрабіць у гэтай справе — паслаць дэпутацкі запыт у адпаведнае ведамства. Аднак гарантыяў, што з таго ведамства вы атрымаеце іншы адказ, чым атрымлівалі ўсе апошнія гады, — няма ніякіх.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.