Студэнты менскіх ВНУ запісалі відэаролік, дзе яны танчаць каля ўваходаў у свае ўнівэрсытэты. Такім чынам яны спрабуюць прыцягнуць увагу Міністэрства адукацыі да рэформаў у акадэмічнай сфэры.
«Што мы можам зрабіць у такіх умовах, калі Міністэрства адукацыі і слухаць не хоча простых студэнтаў альбо незалежныя студэнцкія арганізацыі? Толькі танчыць!», — напісана на сайце кампаніі Studwatch, якая стварыла першае відэа танцаў за рэформы.
Як апавяла Свабодзе Саша Кузьміч з ініцыятывы StudWatch, танцы тут разглядаюць як крэатыўны спосаб распаўсюдзіць інфармацыю пра праблемы студэнтаў.
«Здаецца, такога ў Беларусі яшчэ не было, — кажа Кузьміч. — Налепкі, якія распаўсюджвалі „Студэнтысупраць“, адміністрацыя называла вандалізмам.
Улёткі — гэта сумна. А вось танцы — гэта весела, іх немагчыма дыскрэдытаваць, і да такога хочацца далучыцца».
У дзьвюххвілінным роліку з тузін студэнтаў танчаць каля галоўных уваходаў у розныя менскія вучэльні. Субтытрамі да роліка прапісаныя патрабаваньні, якія выстаўляюць студэнты: акадэмічная свабода, свабода аб’яднаньняў, транспарэнтнасьць бюджэту, сучасныя тэхналёгіі, адмена платных пераздачаў і сапраўднае студэнцкае самакіраваньне.
«Гэта рыхтуе глебу для асэнсаванага дыялёгу пра рэформы, — кажа Кузьміч. — Самі танцы, вядома, нічога ня вырашаць, але варта падняць тэму рэформаў у вышэйшай адукацыі, якія павінны адбывацца».
На звычайныя звароты студэнтаў адміністрацыя не зьвяртае ўвагі, і таму Studwatch вырашыла прыцягнуць увагу да нявырашаных праблемаў танцамі. Кампанія заклікае іншых студэнтаў працягваць флэшмоб ды выкладаць «рэфармісцкія» танцы ў сацсетках.
«Стаць такімі вядомымі, як IceBucketChallenge, малаверагодна, але будзе цудоўна, калі шмат студэнтаў выйдуць, — кажа Кузьміч. — Можна будзе паспрачацца са сьцьвярджэньнем, што жыцьцё ёсьць толькі ў Менску. У рэгіёнах шмат годных ВНУ, дзе вучацца сумленныя студэнты, таму я больш за ўсё чакаю відэа менавіта адтуль».